Кожны год выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця з хваляваннем чакаюць 14 кастрычніка. У гэты дзень адзначаецца самае галоўнае для ўсіх свята – Дзень маці, чалавека, які даруе жыццё і потым увесь час суправаджае, аберагае і дапамагае.
Так здарылася, што многія з нас сваіх родных матуль ніколі не бачылі і нават не ведаюць, дзе яны і што з імі… Але свет не без добрых людзей! Мы заўжды можам з любым пытаннем звярнуцца да жанчын нашага інтэрната, а іх у нас большасць, і будзем упэўнены, што яно будзе абавязкова вырашана.
Правільна сказана: “Не тая маці, якая нарадзіла, а тая, якая выгадавала”. І гэтыя словы мы можам аднесці да нашага дырэктара Алены Сігізмундаўны Петрашкевіч. З самага дзяцінства і да таго часу, пакуль не пакінем сцены інтэрната, яна побач з намі. Дзякуючы ёй, наш другі дом кожны год становіцца больш прывабным і ўтульным для жыцця, вучобы, лячэння, адпачынку. Алена Сігізмундаўна ўсё ведае пра кожнага з выхаванцаў, параіць, як лепш дзейнічаць у складанай сітуацыі, дасць слушную параду.
Мы бачым, як яна перажывае, калі мы хварэем, і як радуецца нашым дасягненням, як садзейнічае былым выпускнікам у атрыманні жылля і далейшым уладкаванні. Дзверы яе кабінета заўсёды адкрыты для кожнага з нас, і завітаўшы, ведаем, што трапім да чалавека шырокай душы, добрага, шчырага, цярпялівага, гатовага зрабіць для нас усё! Таксама, як калісьці рабіла для сваіх ужо дарослых сыноў і як робіць цяпер для сваіх шасцярых унукаў.
Дзякуй Вам за гэта, паважаная Алена Сігізмундаўна, Вы наша сапраўдная другая матуля!
Па даручэнні выхаванцаў iнтэрната –
Андрэй КЛОК,
вучань 10 класа



