Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Ізноў адчуць смак жыцця…

18.10.2021

COVID-19 з’яўляецца тэмай нумар адзін ва ўсім свеце. Аб ім гавораць паўсюдна. Многія называюць сапраўднай чумой XXI стагоддзя.

Асаблівую, сваю метку пакінула каварная хвароба на тых, каму ўдалося ў літаральным сэнсе выратавацца. Кожны дзень, гадзіну, хвіліну і нават секунду яны знаходзіліся на мяжы – паміж жыццём і смерцю. І гэта не высакамоўныя словы, а рэальнасць. Аб тым, што адчувалі хворыя, якія праходзілі лячэнне ў “чырвонай зоне”, яны пагадзіліся расказаць.

Вольга БАГАТЫРОВА, намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы:

– Мяне хвароба напаткала ў лістападзе мінулага года. Першыя сімптомы, якія адчула, – лёгкае недамаганне, што доўжылася на працягу двух дзён. На трэці дзень знік нюх, пачала ўзнімацца тэмпература. Яна трымалася дзесяць дзён вышэй за 39 градусаў. Пры гэтым урачы назначалі прыём разам двух і трох прэпаратаў, але яны не дапамагалі. З кожным днём станавілася ўсё горш, стала задыхацца. Звярнулася ў паліклініку і мяне накіравалі на КТ. Высветлілася двухбаковае запаленне, да таго ж ішло паражэнне лёгкіх. Сатурацыя апускалася ніжэй за вызначаны ўзровень, і ў адзін дзень я страціла прытомнасць – якраз у гэты момант прыехала “хуткая дапамога”, каб пракантраляваць стан здароўя.

Вось так патрапіла на бальнічны ложак – у інфекцыйны шпіталь. Адразу хачу аддаць даніну павагі і ўдзячнасці нашым урачам, якія праявілі высокі прафесіяналізм, клопат і ўвагу не толькі ў адносінах да мяне – да кожнага хворага. Гэта сапраўды людзі з высокай літары.

Лячылася больш за дзесяць дзён: ляжала пад кіслародам – да ШВЛ, дзякуй Богу, не дайшло. На шостыя суткі крыху палягчэла. На сёння, калі прайшло паўгода, і ўрачы дазволілі зрабіць прышчэпку, ні на адну хвіліну не задумалася, а была ў першых радах прыхільнікаў вакцынацыі. Пры гэтым хачу адзначыць: уся мая сям’я і родныя – чатыры сястры з мужамі, і нават бабуля, якой 89 гадоў, таксама прышчапіліся. Ведаючы, як я перахварэла, моцна перажываючы, іх рашэнне было цвёрдым: так, трэба абавязкова вакцынавацца. 

Раней лічыла: калі чалавек не курыць, вядзе больш-менш здаровы лад жыцця, то кавід у яго пройдзе ў лёгкай ступені. Ніколі не думала, што ў 38 гадоў магу задумацца, што любы дзень можа стаць апошнім, бо адчувала сябе ўсё горш і горш. Думкі былі толькі адны: як выбрацца адтуль жывой? Упершыню ўсвядоміла, што не проста хочацца жыць, а вельмі моцна хочацца жыць, хочацца выкараскацца, бо стан нават немагчыма перадаць словамі: жаласна-душэўна-раздзіраючы. Сама назва – “чырвоная зона” – гаворыць пра многае: усё завешана пакетамі, людзі ходзяць у спецыяльным адзенні, ім складана гаварыць, бо цэлы дзень знаходзяцца ў гэтай, так бы мовіць, амуніцыі. Разумела, што магу адсюль не выйсці: чула пра лятальныя выпадкі. Хацелася яшчэ раз убачыць дачку…

Безумоўна, пабываўшы на мяжы, зрабіла для сябе вельмі кардынальныя вывады, пераацаніла ўсе каштоўнасці, мэты, сэнс жыцця, адносіны да дома, да работы, да навакольнага свету. Прыйшла да высновы, што, напэўна, Бог не проста так пасылае людзям такія выпрабаванні – значыць, мы нешта не так робім.

Вялікі дзякуй урачам за выратаванне. Асаблівыя словы непасрэдна майму ўрачу, які лячыў, Уладзіміру Вадзімавічу Лушчыцкаму: яму было нялёгка – якраз назіралася другая хваля захворвання, самы пік, аддзяленне перапоўнена, тым не менш, ён пастаянна заходзіў, падбадзёрваў, падтрымліваў простымі спагадлівымі словамі.

Паследкі кавіднай інфекцыі адчуваю і сёння. З’явіліся нейкія незразумелыя дрыжыкі ў руках, слабасць у каленных суставах – былі выпадкі, калі ідзеш, ногі заплятаюцца, і ты валішся, і раздыхацца так, як дыхала да хваробы, не магу. Нягледзячы на тое, што вось ужо год кожную раніцу раблю дыхальную гімнастыку, не магу зрабіць поўны ўдых. Далей п’ю цёплую ваду і толькі праз паўгадзіны пачынаю адчуваць вось гэты звычайны смак жыцця…

Ведаеце, на жаль, мы жывём і пастаянна думаем: а, можа, мяне гэта не закране, абыдзе бокам. Дарэчы, на рабоце заўсёды хадзіла ў масцы і пальчатках, бо мела пастаянныя зносіны з людзьмі, тым не менш, вірус усё роўна спасціг.

Паважаным жыхарам нашага раёна хочацца пажадаць, у першую чаргу, не хварэць, а ў другую, каб такога не сталася, абавязкова прышчапіцца. Нікога не слухаць, не чытаць фэйкавыя ўпырскі, бо хвароба муціравала, насамрэч атакавала людзей, амаль кожны другі захварэўшы – з запаленнем лёгкіх. Задумайцеся: дзяржава бясплатна дае магчымасць засцерагчыся, абараніць сябе, сваіх родных, блізкіх, сяброў. Не даводзьце ўсё да краю: можа здарыцца так, што не хопіць месцаў у бальніцы, а ваш дарагі чалавек будзе мець вострую неабходнасць у лячэнні ў стацыянары. Такое нават уявіць цяжка, не тое, што перажыць…

«ПРАЦОЎНАЯ СЛАВА»

Задайте вопрос