Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Пад музыку Вівальдзі

21.10.2021

На мінулым тыдні Беларускі фонд міру адзначыў сваё 60-годдзе. Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У ім прынялі ўдзел каля 1000 чалавек з ліку міратворчага актыву з усіх рэгіёнаў краіны. Дэлегацыю Валожыншчыны прадставілі члены раённай арганізацыі Пётр БІБІК, Ганна КАНАНОВІЧ, Віктар ГІДЛЕЎСКІ на чале са старшынёй аб’яднання Віктарам ПАДГАЙСКІМ.

На юбілей таксама запрасілі дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў рэспублікі, кіраўнікоў усіх чатырох асноўных рэлігійных канфесій Беларусі, прадстаўнікоў замежных дыпламатычных місій і арганізацый, у тым ліку пасла Расіі Яўгенія Лук’янава – усіх, хто добра ведае кошт мірнага жыцця. Гэта адзіная арганізацыя ад грамадскасці, якая разглядаецца Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый на ўключэнне назіральнікам у сацыяльна-эканамічны саюз. У юбілейных планах не толькі дыпламатыя, але і дапамога справай.

Беларускі фонд міру з круглай датай павіншаваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка – прывітальны ліст зачытаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Максім Рыжанкоў.

Як адзначыў старшыня праўлення міратворчай арганізацыі Беларусі Максім Місько, Фонд міру аб’яднаў усіх у адну вялікую сям’ю. “Сваё месца ў гэтай сям’і, незалежна ад узросту, чыноў і званняў, прафесійных талентаў, незалежна ад нацыянальнасцей і веравызнанняў, знайшлі літаральна ўсе прадстаўнікі нашага грамадства, – сказаў ён. – А аб’яднала нас любоў, любоў да таго месца на зямлі, клопат пра які, без нашага выбару, даручыў нам Гасподзь Бог, калі мы нарадзіліся”.

Павіншаваць міратворцаў прыйшоў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Па яго словах, у цяперашніх умовах агульнай задачай для ўсіх павінен стаць клопат пра ўнутраны стан чалавека, фарміраванне яго сістэмы каштоўнасцей на аснове традыцыйных для беларусаў пачуццяў дабрыні, міласэрнасці, любові да Айчыны, павагі да традыцый іншых народаў, свядомага імкнення да міру і згоды. “Мір у першую чаргу ствараецца ў душы чалавека, праз унутранае змяненне кожнага з нас. Хрыстос, звяртаючыся да вучняў, сказаў: “Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам; не так, як мір дае, Я даю вам” (Ін. 14, 27). Любы іншы мір будзе заставацца недасканалым”, – звярнуў увагу Мітрапаліт Веніямін. Ён пажадаў усім, хто працуе ў Беларускім фондзе міру, несці ў свет святло розуму і праўды, святло веры і надзеі.

Словы віншавання прысутным выказаў Епіскап Казімір Велікаселец, Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архіепархіі. У сваім выступленні ён адзначыў высокую ролю Беларускага фонду міру на сучасным этапе.

З вітальным словам звярнуліся таксама прадстаўнік Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Максат Авезаў, старшыня Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Рыгор Львовіч Хайтовіч.

Граматы і віншаванні былі ўручаны кіраўніком Беларускага фонду міру дзеячам культуры, мастацтва, дэпутатам, мецэнатам. Кожны з прысутных таксама атрымаў юбілейны медаль.

Пасля заканчэння мерапрыемства на сцэне Вялікага тэатра быў дадзены канцэрт.

Як адзначылі ўдзельнікі нашай дэлегацыі, юбілейная ўрачыстасць прайшла на вельмі высокай ноце: захапляючыя, прыемныя ўражанні пакінула і сама атмасфера Вялікага тэатра, і выступленні заслужаных майстроў мастацтва.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Задайте вопрос