Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Пашана вам, юбілярка!

25.10.2021

Жыхарка вёскі Паморшчына Ніна Мацвееўна СЕРАФІМОВІЧ некалькі часу таму адсвяткавала 80-ы дзень нараджэння. У гады Вялікай Айчыннай вайны яна, у той час немаўля, разам з матуляй і старэйшым братам была вывезена ў Германію. Таму хоць і не помніць трагічнага перыяду свайго жыцця, уваходзіць у спіс грамадзян-малалетніх вязняў. Па ініцыятыве райвыканкама за кожным з такіх жыхароў Валожыншчыны замацаваны арганізацыі, якія па магчымасці аказваюць сваім пажылым падшэфным дапамогу ў вырашэнні некаторых бытавых праблем, віншуюць са святамі і юбілеямі.

Вось і ў вёску, што бліз Ракава, накіравалася цэлая дэлегацыя ў складзе дырэктара раённага камбіната бытавога абслугоўвання Дзмітрыя Ціганіна, старшыні раённага Савета ветэранаў Таццяны Ціганінай і карэспандэнта раённай газеты. Ужо на месцы да жадаючых павіншаваць паважаную жанчыну з юбілеем далучыўся былы кіраўнік саўгаса “Праца” Уладзімір Вашкевіч, які шмат гадоў быў для Ніны Мацвееўны самым справядлівым у свеце начальнікам.

Не кожнаму чалавеку шанцуе ў такім паважаным узросце выглядаць гадоў на дваццаць маладзей. Рухавая постаць і прыемны, усмешлівы твар Ніны Мацвееўны прыводзяць нечаканых гасцей у шчырае захапленне. Між іншым, слухаючы яе аповед пра складаны лёс, разумееш: ніводны яго эпізод не быў простым. Там, у нацысцкай Германіі, матуля і брат былі задзейнічаны на прымусовых работах. Дзеці ж утрымліваліся ў лагеры, куды старэйшыя прыходзілі начаваць і прыносілі малым хлеб. Я яшчэ ёй расказвалі, што месца, дзе знаходзіліся дзеці, ад гаспадарчага блока лагера аддзяляла рашотка, а за ёй заўсёды была цэлая гара бульбяных лупін. Менавіта яе дзіцячыя пальчыкі маглі дацягнуцца да таго “багацця”, што давала ім, ледзь жывым ад голаду, дадатковы падмацунак.  Дарэчы, менавіта гэта пачуццё  – голад – першае, што яна і яе сябры па няшчасці запомнілі на ўсё жыццё.   

Ніна Мацвееўна не ведае, у якім з гарадоў правяла 4 гады. У той час пра гэта ніхто не расказваў. І нават пазней брат, які ўсё ведаў і помніў, не жадаў кранаць балючую тэму.

Няпроста было і тады, як пасля Перамогі вярнуліся на радзіму. Цётка, сястра бацькі, спадзеючыся, што сям’я назаўсёды знікла ў чужой краіне, заняла іх хату і нізавошта не хацела высяляцца. Праўда, за былых вязняў заступілася савецкая ўлада. Неўзабаве з фронту вярнуўся тата, і жыць стала лягчэй.

За школьную парту яна села позна – у 9 гадоў. Пасля таго, як скончыла сем класаў, уладкавалася на працу ў саўгас. У 18 выйшла замуж. Яе Янак  і яна працавалі на спіртзаводзе. У той час гэта было моцнае прадпрыемства ў структуры гаспадаркі. Зарплаты атрымлівалі нядрэнныя, таму хутка пабудавалі дом, добраўпарадкавалі яго. Жылі, працавалі, гадавалі дзяцей. Сёння Ніна Мацвееўна з горыччу прызнаецца: многіх яе родных даўно няма ў жывых. Застаўся сын і яго сям’я. Пра матулю і бабулю не забываюць, вось толькі прыязджаць так часта, як ёй хацелася б, не могуць. Раней шмат часу праводзіла з такімі ж пажылымі жанчынамі, але некаторыя з іх нядаўна памерлі. Да таго ж каранавірус  канчаткова разагнаў усіх па сваіх хатах. Таму зносіны зараз большай часткай – па тэлефоне. Не дае засумаваць тэлевізар. Цікава, што гэта бабуля, якой не давялося нават сярэднюю адукацыю атрымаць, у захапленні ад перадач юрыдычнага кшталту. З асалодай унікае ў хітраспляценні розных судовых спраў, стараецца паставіць сябе то на месца істца, то на месца адказчыка, спрабуе здагадацца, які вердыкт па заяўленай справе вынесе суддзя. Гэтыя перадачы лічыць цудоўнай трэніроўкай для мозга. Шмат часу аддае і навядзнню парадку ў доме і на прысядзібным участку. Ва ўтульных пакойчыках яе жылля пануе парадак. Кожная рэч – на месцы, а паветра нават пахне чысцінёй. Бабуля Ніна катэгарычна адмаўляецца ад дапамогі сацыяльнага работніка. Нягледзячы на паважаны ўзрост, захавала рухавую постаць, таму пакуль нават думкі не дапускае, каб у яе хаце гаспадарыў хтосьці чужы.

У гэтай простай жанчыны-працаўніцы вельмі прыгожыя рукі. Напрацаваныя, але добрай формы, з тонкімі пальцамі – па-сапраўднаму інтэлігентныя. А вочы – маладыя, з іскрынкамі гумару і добрыя-добрыя.

Ніна Мацвееўна –  цудоўная расказчыца. Падчас нашай сустрэчы яна паспела расказаць і пра сваё горкае дзяцінства, і пра сямейнае жыццё, і пра тое, як хочацца яшчэ пажыць, парадавацца на свет. Яна рассмяшыла сваіх гасцей гісторыяй-жартам пра тое, як, выйшаўшы замуж, доўга баялася застацца з мужам сам-насам і некалькі начэй спала на лаве.

Успаміны… Некаторыя з іх яе засмучаюць, некаторыя, наадварот, падмацоўваюць прагу да жыцця. Таму так хочацца, каб кожны дзень нашай юбіляркі быў напоўнены прыемнымі момамнтамі, якія б магла перабіраць у сваёй памяці яшчэ вельмі доўга.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Задайте вопрос