Падыходзіць да завяршэння чарговая восеньская прызыўная кампанія. Ажыццяўляецца адпраўка прызыўнікоў да месцаў службы. Вайсковыя часці Беларусі паступова папаўняюцца навабранцамі.
У аўторак на зборны пункт раёна прыбылі дзевяць юнакоў з Валожына, Івянца, Пяршаяў, Вішнева, Манькаўшчыны і інш. Большасць з іх – выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў, чацвёра – закончылі вучобу ў каледжах. Рабяты толькі распачалі працоўную дзейнасць, але добра разумеюць: прыйшоў час выканаць пачэсны абавязак перад дзяржавай.
Нягледзячы на ранні час, ва ўсіх маладых людзей быў прыўзняты бадзёры настрой. Кожны з іх свядома ідзе служыць у армію і разумее важнасць сваёй місіі – быць абаронцамі Айчыны.
Прыемна адзначыць, прызыўнікі з Валожыншчыны гатовы да нялёгкіх армейскіх будняў і настроены аптымістычна. Напрыклад, Аляксей ЧУЙКО, які атрымаў спецыяльнасць інжынера-электроніка-праграміста падчас вучобы ў БДУІР, будзе праходзіць службу ў айці-роце ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Ён адпраўляецца туды з вялікім жаданнем і ўпэўнены, што зможа за гэты час пашырыць кругагляд, атрымаць прафесіяналізм, набыць вопыт.
Да тэрміновай ваеннай службы гатовы і Руслан САЛІШЭЎСКІ, Мікалай КАВЯЗА, Уладзіслаў ГАРДЫНЕЦ, Максім ІВАНОЎСКІ, Аляксей ПАПОЎ, Канстанцін НАЎРОЎ, Максім ЗАВАДСКІ, Уладзімір ШАМАЙ. Яны настроены на тое, каб у арміі праверыць свае сілы і знайсці новых сяброў.
Начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Юрый Нахай яшчэ раз праінструктаваў навабранцаў, выказаў словы ўпэўненасці ў тым, што вопыт службы ў войску стане для кожнага з іх каштоўным і з арміі хлопцы вернуцца зусім іншымі людзьмі – зробяцца больш адказнымі, сталейшымі і смялейшымі, адным словам, сапраўднымі мужчынамі.
Юнакі з Валожына ўсе разам адправіліся на абласны зборны пункт, адкуль кожны накіраваўся да месца службы. Некаторыя з іх вярнуліся ў Валожын, некалькі чалавек паехалі ў Барысаў, адзін – у Кіявец.
Для маладых людзей пачынаецца новы этап у жыцці. Хочацца пажадаць ім, каб час праляцеў незаўважна, усё атрымлівалася, здароўе толькі крэпла, а дома – з нецярпеннем чакалі.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара



