Будынак Валожынскага РАУС (1887 год).
2 лістапада спаўняюцца 82 гады з моманту стварэння Валожынскага раённага аддзела ўнутраных спраў.
У адпаведнасці з рашэннем Вярхоўнага Савета СССР аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Саюза ССР загадам НКУС (народны камісарыят унутраных спраў) СССР ад 2 лістапада 1939 года ў складзе Навагрудскай вобласці быў утвораны Валожынскі павятовы аддзел НКУС са штатам 67 чалавек, з аддзяленнямі крымінальнага вышуку, вонкавай службы, пашпартнага і іншых аддзелаў, які ўзначаліў піцерскі рабочы Агееў Мікалай Іванавіч. У 1940 годзе Валожынскі павет быў пераўтвораны ў Валожынскі раён Баранавіцкай вобласці. 20 студзеня 1944 года перайшоў у Маладзечанскую вобласць, 20 студзеня 1960 года – у Мінскую вобласць.
Будынак Валожынскага РАУС (1967 год).
17 верасня 1939 года Чырвоная Армія ў ліку іншых населеных пунктаў Заходняй Беларусі вызваліла горад Валожын ад белапалякаў. З 19 верасня ў Валожынскім павеце была ўстаноўлена савецкая ўлада. На наступны ж дзень на вызваленай тэрыторыі з мясцовых актывістаў была створана “Рабочая гвардыя” для ўмацавання савецкай улады і падтрымання грамадскага правапарадку. Гэта арганізацыя мела аддзяленні ў горадзе Валожыне, вёсках Вішнева і Пяршаі.
Супрацоўнікі міліцыі вялі вялікую работу па растлумачэнні савецкіх законаў, арганізацыі новага грамадскага строю, вялі барацьбу з самагонаварэннем, крадзяжом жывёлы, грабяжамі і іншымі злачынствамі.
Гарадскі пасёлак Валожын знаходзіўся далёка ад дзяржаўнай мяжы, аднак работнікам міліцыі давялося ўступіць у барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўжо 22 чэрвеня 1941 года. Раніцай нямецкая авіяцыя здзейсніла масіраваны налёт на Валожын, а праз некалькі хвілін стала вядома, што непадалёк гарадскога пасёлка высадзіўся нямецкі дэсант.
Раённы аддзел НКУС усім асабістым саставам выступіў на ліквідацыю дэсанта, які спрабаваў перарэзаць шлях нашым воінскім часцям. Маючы на ўзбраенні карабіны, пісталеты і некалькі бутэлек з гаручай сумессю, работнікі міліцыі ўступілі ў жорсткую барацьбу з добра ўзброеным ворагам. У выніку смелай атакі супрацоўнікаў міліцыі гітлераўцы былі вымушаны адступіць да лесу. Праследаванне іх працягвалася да той пары, пакуль не быў знішчаны апошні парашутыст.
Калі немцы захапілі Валожын, то пачаліся аблавы і расстрэлы актывістаў і работнікаў міліцыі. Ад рук фашыстаў загінулі Жукоўскі І. В., Журкевіч Г., Кароль П. А., Трапашка І. Д.
Работнікі міліцыі храбра змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, абараняючы гарады Ленінград і Маскву. За вызваленне загінулі Жупачка Ф. Т., Іода-Малякшын С. П., Бацян Ф. С., Шакун І. В.
У пасляваенны перыяд з 1944 па 1951 гады на тэрыторыі Валожынскага і суседніх раёнаў дзейнічалі некалькі буйных банд колькасцю 200 і больш чалавек. Ім супрацьстаялі вартавыя правапарадку – работнікі дзяржбяспекі і міліцыі, вялікі актыў дзеючай савецкай улады.
Ад рук бандытаў асабліва пацярпелі старшыні сельвыканкамаў і калгасаў, работнікі партыйных і савецкіх органаў. Былі па-зверску забіты старшыня Сугваздаўскага сельвыканкама Субач В. П., старшыня калгаса імя Леніна Рыжэвіч А. В., сакратар Івянецкага райкама партыі Барысевіч В. Т., супрацоўнікі райваенкамата Каўшараў і дзяржбяспекі Якаўлеў, участковыя інспектары міліцыі Рэуцкі Н. Н., Перагуд А. А., Ліхтаровіч І. Ф., Турскі В. І., Кудлач П. В., Каждан Я. І., браты Шчуцкія – Антон і Міхаіл. Іх імёны занесены на мемарыяльную дошку, устаноўленую ў красавіку 1968 года на будынку аддзела міліцыі, на якой змешчаны 16 прозвішчаў загінуўшых супрацоўнікаў аддзела міліцыі.
Ускладанне вянка да мемарыяльнай дошкі (злева направа: А. А. Фамін, А. І. Балоцін).


Работа па ўстанаўленні загінуўшых супрацоўнікаў працягваецца. Цяпер устаноўлена, што ў гады вайны і пасляваенны перыяд пры выкананні службовага і воінскага абавязкаў загінулі 26 міліцыянераў.
У райаддзеле міліцыі працавалі франтавікі і партызаны: Фамін М. М., абаронца Масквы, узнагароджаны медалём “За абарону Масквы”, удзельнікі вайны Більдзюк І. А., Нікалаеў В. А., Рэут М. А., Бушуеў І., Шакун В., Мартыновіч І. В. і іншыя.
25 снежня 1962 года Валожынскі раён быў скасаваны. У горадзе Валожыне і вёсцы Ракаў засталіся два пункты міліцыі, якія ўзначальвалі Фамін М. М. і Багданаў В. 6 студзеня 1965 года раён быў адноўлены і створаны аддзел унутраных спраў у колькасці 39 чалавек. На тэрыторыі раёна знаходзіліся 19 сельсаветаў, у якія ўваходзілі 448 населеных пунктаў і больш за тысячу хутарскіх гаспадарак. Горад Валожын і гарпасёлак Івянец абслугоўвалі па адным участковым інспектары міліцыі і 13 участковых – астатнюю частку раёна.
На сённяшні дзень штат аддзела міліцыі павялічыўся ў два разы. Асабісты састаў Валожынскага РАУС дастойна нясе эстафету старэйшых пакаленняў, прымнажаючы іх добрыя традыцыі.
За час існавання Валожынскага РАУС ім кіраваў 21 начальнік:
1939 – Агееў Н. І., Уланаў М. Е.
1940 – Бабылёў А. Я.
1941 – Храпін А. Ф.
1944 – Масуноў
1944-1946 – Шунін С. Я.
1948 – Калінкін Я. М.
1949-1953 – Балоцін В. І.
1953-1954 – Жывіцкі В. В.
1954 – Казлоў К. П.
1954-1956 – Ярмоленка А. А.
1956-1962 – Кулакоў Ф. К.
1965-1974 – Балоцін А. І.
1974-1983 – Халубка М. Н.
1983-1986 – Сянько В. В.
1986-1989 – Зуёнак А. С.
1989-1991 – Пінчук І. Г.
1991-1995 – Шумскі Г. І.
1995-2003 – Лапо В. І.
2003-2005 – Сіняўскі В. І.
2005-2018 – Шакун І. У.
з 2018 па цяперашні час – Вяроўчык Д. А.
У 2011 годзе па выніках аператыўна-службовай дзейнасці калектыў аператыўна-дзяжурнай службы РАУС прызнаны лепшым сярод падраздзяленняў Мінскай вобласці. Начальнік аддзялення крымінальнага вышуку падпалкоўнік міліцыі Махмудаў А. Г. быў прызнаны лаўрэатам грамадскай узнагароды “Адданасць і абавязак” у намінацыі “За бескампрамісную барацьбу са злачыннасцю”.
У 2012 годзе па выніках аператыўна-службовай дзейнасці калектыў аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС прызнаны лепшым сярод падраздзяленняў Мінскай вобласці, а таксама старшы інспектар па ўлікова-рэгістрацыйнай рабоце групы інфармацыйнага забеспячэння маёр міліцыі Паланцэвіч А. Т. і старшы інспектар групы кадраў маёр міліцыі Стасяловіч А. І. сталі лепшымі па прафесіі.
Оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Рэут – наследнік міліцэйскай дынастыі Рэутаў. Яго дзед, Міхаіл Ануфрыевіч, які закончыў школу міліцыі, працаваў у РАУС на розных пасадах, а калі Уладзіміру было шэсць гадоў, пры выкананні службовых абавязкаў загінуў яго бацька, следчы РАУС старшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Міхайлавіч. У 2014 годзе сямейная дынастыя Рэутаў прызнана лаўрэатам грамадскай узнагароды “Адданасць і абавязак” у намінацыі “За працяг слаўных традыцый”.
Матэрыял прадстаўлены РАУС



