З наступленнем першых халадоў для жыхароў уласных дамоў паўстае пытанне нарыхтоўкі дроў да ацяпляльнага сезона. Калі хто паклапоціцца, як у той прымаўцы, пра санкі летам, таму і турбавацца не варта, як перажыць зіму. Але так робяць не ўсе.
У рэдакцыю пачалі паступаць званкі з пытаннямі, чаму сёлета набыццё дроў стала сапраўднай праблемай. Адны скардзяцца на вялікую чаргу, другія – на дастаўку, трэція жадаюць ільгот пры выпісцы дроў. Мы вырашылі высветліць сітуацыю і атрымаць адказы з першых вуснаў.
Вось што расказалі ў спецыялізаванай палівазабеспячальнай арганізацыі – Валожынскім філіяле дзяржаўнага прадпрыемства “Мінаблпаліва”:
– Такога ажыятажу на дровы, як сёлета, не назіралася ніколі за апошнія два дзесяцігоддзі. Звяртацца пачалі нават тыя, хто ніколі не карыстаўся нашымі паслугамі – самі нарыхтоўвалі, пакрысе забеспячэннем займаліся і прыватнікі. І гэта пры тым, што з кожным годам змяншаецца колькасць карыстальнікаў натуральнага паліва. Яно і зразумела, у большасць дамоў прыйшоў газ, а цяпер набірае абароты электраацяпленне. У сувязі з пандэміяй некаторыя мінчане перабраліся на пастаяннае месцажыхарства ў вёскі, дзе часова зарэгістраваліся. Як гарадскія жыхары, яны, безумоўна, толькі з надыходам ацяпляльнага сезона ўспомнілі пра тое, што нечым трэба паліць печку.
Раней мы людзей шукалі, каб каму завезці дровы ці брыкет, бо дбайныя гаспадары клапаціліся аб гэтым з вясны. За год столькі не пастаўлялі брыкету, колькі зараз ужо рэалізавалі. Напрыклад, летась насельніцтву паставілі 3100 кубічных метраў дроў, якія былі завезены больш чым у 600 домаўладанняў. За дзесяць месяцаў гэтага года – ужо амаль 4 тысячы кубічных метраў, хаця наперадзе яшчэ два месяцы – а гэта дадаткова пад тысячу кубічных метраў.
Як і ў мінулыя гады, заключылі з лясгасам дагавор на выдзяленне дзялянак на высечку 2 тысяч кубаметраў драўніны – такога аб’ёму заўсёды хапала, каб забяспечыць усіх жадаючых. Сёлета гэтыя 2 тысячы даўно пастаўлены і нават заключаны дагавор на 3 тысячы кубаметраў дадаткова. Але ж за адзін дзень спілаваць, парэзаць, нагрузіць, прывезці, пасячы і даставіць немагчыма. Таму і ўтварылася вялікая чарга. Напрыклад, на сёння праблем з торфабрыкетам няма – гэтага віду паліва хапае ў поўным аб’ёме. Што датычыцца дроў, на пачатак верасня на чарзе было больш за пяцьсот чалавек. Зараз гэта лічба складае 260 чалавек.
Каб зняць напружанне, апошні месяц працуем без выхадных – і ў суботу, і ў нядзелю. Норма пастаўкі на адно домаўладанне колатых дроў – 4,9 кубічнага метра, цана – каля 150 рублёў без дастаўкі, брыкет па норме – 3,5 тоны (без дроў), цана – 122 рублі без дастаўкі, ці можна ўзяць 3 тоны брыкету плюс 1,2 кубічнага метра дроў, цана без дастаўкі – 142 рублі. Іх маюць права заказваць тыя, у каго няма газавага ацяплення.
Кіраўніцтва філіяла просіць прабачэння ў людзей за напружанае становішча з забеспячэннем дровамі і звяртаецца з прапановай да ўласнікаў клапаціцца пра паліва ўжо са студзеня. Тады і чэргаў не будзе, і ўсе будуць задаволены.
У Валожынскім лясгасе распрацаваны цэлы алгарытм нарыхтоўкі дроў. У прыватнасці, у сувязі са зваротамі грамадзян праводзяцца сустрэчы ляснічых з насельніцтвам у сельвыканкамах, дзеля чаго быў распрацаваны графік (надрукаваны ў газеце у № 82 за 22 кастрычніка 2021 года). Таксама дырэктар Уладзімір Бацян правядзе дадатковыя сустрэчы ў будынку лясгаса (г. Валожын, вул. Садовая, 3) 10 і 17 лістапада з 9 да 10 гадзін.
Для тых, хто жадае набыць дровы на зіму, на сёння ў лясгасе існуюць розныя спосабы забеспячэння: саманарыхтоўка дроў; набыццё дроў з лесасекі; набыццё дроў з прамежкавага склада; набыццё дроў з дастаўкай. Больш падрабязна спынімся пра кожным спосабе забеспячэння.
Саманарыхтоўка дроў
Падыходзіць тым, у каго ёсць бензапіла для нарыхтоўкі, транспарт для дастаўкі і вольны час. Дзеянні: звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва з пісьмовай заявай, дзе пры наяўнасці ў лесе ўчасткаў высыхання, захламленасці, ветрападу, вам выпішуць ордар аб прадастаўленні ўчастка ляснога фонду для лесакарыстання, у якім будзе ўказаны дазволены аб’ём нарыхтоўкі драўніны ў разрэзе драўляных парод, якія можна высякаць, спосаб ачысткі месца высякання ад пасечаных рэшткаў, тэрміны нарыхтоўкі і вывазкі драўніны.
Далей патрабуецца самаму нарыхтаваць дровы, скласці ў кучы для абмервання так, як указана ў ордары, і выклікаць прадстаўніка лясніцтва для засведчання месца нарыхтоўкі і абмервання нарыхтоўваемых дроў. Пасля таго, як участак прыняў прадстаўнік лясніцтва, у ордары робіцца запіс “фактычна нарыхтавана і дазволена да вывазкі кубічных метраў у разрэзе драўляных парод”. Цана залежыць ад пароды і размяшчэння названага ўчастка для нарыхтоўкі. Прыблізна 80 капеек за 5 кубічных метраў дроў (адзін трактарны прычэп). Аднак такі спосаб патрабуе ад нарыхтоўшчыка навыкаў работы з бензапілой, наяўнасць транспарту і неабходнасці самаму нарыхтоўваць, грузіць, вывозіць дровы, складваць пасечаныя астаткі і здаваць закончаную рубкай дзялянку лясніцтву.
Набыццё дроў з лесасекі
Рэкамендавана тым, у каго ёсць транспарт, які можа заехаць на дзялянку. Дзеянні: звярнуцца ў лясніцтва, выпісаць таварна-транспартную накладную і ў дзень выпіскі на дзялянцы сабраць акучаныя дровы, самім пагрузіць і вывезці на сваім ці арандаваным транспарце. Цана залежыць ад пароды – прыблізна 10 рублёў за 1 квадратны метр драўніны (адзін трактарны прычэп – каля 50 рублёў).
Набыццё дроў з прамежкавага склада
Рэкамендуецца тым, у каго таксама ёсць свой ці арандаваны транспарт, але адрозніваецца ад папярэдняга спосабу тым, што дровы будуць страляваны ў адну кучу на ўскрайку дзялянкі ці каля лясной дарогі (пагрузачнай пляцоўцы). Дзеянні: звярнуцца ў лясніцтва, выпісаць таварна-транспартную накладную і ў дзень выпіскі на ўскрайку дзялянкі ці каля лясной дарогі (пагрузачнай пляцоўкі) самаму загрузіць і вывезці дровы на сваім ці арандаваным транспарце. Цана залежыць ад пароды – прыблізна 19 рублёў за 1 квадратны метр драўніны (адзін трактарны прычэп – каля 100 рублёў).
Набыццё дроў з дастаўкай на двор пакупніка
Рэкамендуецца тым, у каго няма транспарту, але неабходна чакаць сваёй чаргі. Лясгас аказвае такую паслугу пры наяўнасці незанятай тэхнікі па папярэднім запісе. Дзеянні: пазваніць у бліжэйшае лясніцтва і заказаць дровы. Вас запішуць на чаргу і пры наяўнасці незанятага транспарту прывязуць дровы на двор. Цана залежыць ад пароды і складае прыблізна 28 рублёў за 1 квадратны метр дроў (адзін вялікі (7 кубічных метраў) трактарны прычэп – каля 200 рублёў). Чарга на дастаўку дроў восенню намнога большая, чым вясной і летам. Таму пры гэтым спосабе лепш паклапаціцца пра дровы ў вясенне-летні перыяд.
Наш кар.



