Нядаўна тэхнічны арсенал аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі папоўніўся камплектам ультрагукавой сістэмы GE LOGIQ e R8. Складаную тэхніку, кошт якой складае 42954 рублі, на дабрачыннай аснове Валожынскай райбальніцы прадаставіў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя.
Як паведаміў загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Дзмітрый Старыкевіч, партатыўны апарат для правядзення ўльтрагукавога даследавання стане для нашых медыкаў важкай падтрымкай у дыягнастычнай рабоце. У першую чаргу гэта тычыцца цяжкіх пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, што знаходзяцца ў рэанімацыі і не могуць рухацца. Абсталяванне таксама неабходна для людзей, што трапілі ў аварыю і, магчыма, атрымалі траўмы ўнутраных органаў.
Галоўная перавага апарата ў яго мабільнсці. Да таго ж валодае добрай якасцю візуалізацыі і высокай дыягнастычнай дакладнасцю. Шырокі спіс рэжымаў дазваляе выкарыстоўваць яго ў любым кірунку медыцыны. Напрыклад, ён незамяняльны для катэтарызацыі глыбокіх вен, змяшчэння ў поласць сэрца часовага электрычнага кардыёстымулятара. Гэтыя працэдуры пад кантролем ультрагукавой апаратуры заўсёды менш рызыкоўныя.
Хто з медыкаў будзе мець магчымасць працаваць з новай цуда-тэхнікай? Безумоўна, усе ўрачы, што зараз займаюцца гэтым відам дыягностыкі. Акрамя таго, згодна з так званым пратаколам FAST, кожны ўрач-рэаніматолаг павінен умець ажыццявіць пачатковы ўльтрагукавы скрынінг пацыентаў, у якіх ёсць падазрэнне на наяўнасць свабоднай вадкасці ў абдамінальнай пляўральнай і перыкадыяльнай поласці, а таксама ў іх магчымы пнеўматоракс. Таму, па словах кіраўніка аддзялення, яго падначаленыя за тыдзень ужо паспелі пазнаёміцца з апаратам і хуткімі тэмпамі асвойваюць яго магчымасці.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ



