Ганна КАНАНОВІЧ, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі:
– Ведаю: пандэмія каранавіруса першая пасля іспанкі, якая на працягу 1918-1920 гадоў літаральна выкасіла каля 5% насельніцтва планеты. Ніколі б не падумала, што штосьці падобнае можа паўтарыцца ў наш час. У адрозненне ад многіх сваіх знаёмых праблему, як толькі пра яе загаварылі, успрыняла ўсур’ёз. Бяспечнае стаўленне раздражняла і працягвае раздражняць. Асаблівую злосць у мяне асабіста выклікаюць людзі, якія свядома, маючы пацверджаны дыягназ, заражаюць іншых, не выконваючы патрабаванняў самаізаляцыі. Я, пакуль хварэла, кватэру сваю не пакідала, за выключэннем трох разоў, калі наведвалася ў паліклініку: каб адкрыць бальнічны, зрабіць здымак і закрыць бальнічны. Але пра ўсё па парадку.
Ніводная з папярэдніх хваляў мяне не закранула. Яно і не дзіўна – старанна вытрымлівала дыстанцыю, насіла маскі, ніколі не забывала апрацоўваць рукі. І ўсё ж адну памылку дапусціла. Вельмі доўга адкладвала вакцынацыю, а рабіць гэта патрэбна было яшчэ летам, калі вірус трохі ўтаймаваўся. У мяне ж усё ўзнікалі, як мне здавалася, больш актуальныя праблемы. Вось і давырашалася! Канешне, прышчэпку не праігнаравала, у паліклініцы пабывала. Аднак пасля першай дозы дзесьці падхапіла вірус і захварэла. Як гэта адбылося, шчыра не ведаю. Нават пры маёй асцярожнасці поўнасцю пазбавіць сябе кантактаў не магу. І работа патрабуе пастаянных стасункаў з людзьмі, і ў асабістым жыцці маю зносіны са сваякамі і сябрамі. Дарэчы, больш за ўсё хвалююся за бацькоў, але яны і самі людзі вельмі граматныя, усё робяць правільна, прышчэпку, у адрозненне ад мяне, зрабілі своечасова.
Хварэла тры тыдні. Дзякуючы ўважлівасці і прафесіяналізму доктара Ганны Вількевіч, у мяне была дыягнаставана аднабаковая пнеўманія, якую толькі-толькі перамагла (на працы з панядзелка). Пачалося ж усё з пакашлівання і нязначнага павышэння тэмпературы. Але “карона” ёсць “карона”. Нават такая, не вельмі складаная форма – моцны ўдар па самаадчуванні. І голас гучыць не так, і смак зменены, і пахі прапалі, і ўвогуле ўсё не так, як заўсёды. Адно супакойвала: на працягу захворвання мяне і сына (Аляксей заразіўся ад мяне) не пакідалі сам-насам з захворваннем медыкі. Часта прыязджалі прадстаўнікі кантактных груп, а Ганна Уладзіславаўна і дзіцячы ўрач Ніна Анатольеўна Аўдзей тэлефанавалі амаль штодня. У магазіны і ў аптэку не наведваліся (мы ж не адзінокія!), усё неабходнае нам дастаўлялі блізкія – мае айчым Мечыслаў Іосіфавіч і сястра Наталля. Дарэчы, на маю думку, менавіта каранавірус паказвае, наколькі трывалыя сувязі чалавек здольны выстройваць вакол сябе. Магчыма, тым, хто гэтага рабіць не ўмее, і даводзіцца ў любым стане, ледзь перасоўваючы ногі, накіроўвацца за пакупкамі, пры гэтым распаўсюджваючы вакол сябе інфекцыю. Бо калі не так, і іх паводзіны не вымушаныя, то гэта не паддаецца ніякай крытыцы.
Напрыканцы свайго аповеду хачу яшчэ раз выказаць удзячнасць тым, хто на лініі агню ў барацьбе з вірусам, – медыцынскім работнікам усіх узроўняў і спачуванне сваякам тых людзей, якія не справіліся з гэтым каварным захворваннем. Для сябе вырашыла наступнае: праз нейкі час здам аналіз на наяўнасць антыцелаў, пасля чаго дзесьці ў маі (пры неабходнасці і раней) зраблю прышчэпку.
Паважаныя землякі, беражыце сябе і тых, хто побач, заставайцеся пільнымі, не забывайце: COVID-19 чалавецтвам пакуль не пераможаны.



