Нядаўна за працоўныя поспехі Ганаровай граматай Мінскага філіяла РУП “Белпошта” адзначана начальнік Ракаўскага аддзялення поштовай сувязі Марына СУША, якая аддала любімай справе амаль 30 гадоў.
Ці марыла калісьці стаць спецыялістам у гэтай галіне, тым больш на беларускай зямлі, дзяўчынка з Бураціі? Зусім не. У юнай жыхаркі Улан-Удэ меліся іншыя планы. Аднак лёс распарадзіўся так, што выпадковая сустрэча з маладым салдатам-беларусам прымусіла яе кардынальна змяніць уласны лёс.
Яна ніколі не забудзе першыя ўражанні ад Беларусі. Краявіды, ландшафт, расліннасць, гаворка, звычаі – зусім іншыя. Адно доба, ёй усё гэта спадабалася. Ды і людзі аказаліся такімі ж, як і дома, – рознымі. Зараз, пасля столькіх гадоў, яна адчувае сябе часткай краіны – другой радзімы, таму выраз “Мы, беларусы” з яе вуснаў гучыць даволі часта.
Што тычыцца прафесіі, у маладой жанчыны ўжо быў вопыт працы ў гандлі, гэта значыць, сэнс паняццяў “адказнасць” і “дакладнасць” разумела добра. Ды і кантактаваць з людзьмі ў яе атрымлівалася выдатна. Калі свякроў, якая працавала паштальёнам у Яршэвічах, сабралася на пенсію, прапанавала нявестцы заняць сваё месца, доўга не раздумвала. У 1998 годзе ўпершыню давялося замяніць начальніка аддзялення. Ужо праз тры гады яе запрасілі ўзначаліць Ракаўскае аддзяленне. З той пары Марына Леанідаўна на гэтай адказнай, складанай, па-сапраўднаму творчай пасадзе. Па словах начальніка Валожынскага ўчастка паштовай сувязі Святланы Сяргееўны Лугіной, на такіх перфекцыяністах, здольных імгненна ўспрымаць і асвойваць новыя тэхналогіі, пастаянна расці ў прафесіі, дзяліцца вопытам з маладымі калегамі, трымаецца такая патрэбная людзям справа.
Што ёй самой больш за ўсё падабаецца ў рабоце? Пастаянныя стасункі з людзьмі, магчымасць праявіць сябе, быць запатрабаванай. Сёння аддзяленне пошты – шматфункцыянальны цэнтр, дзе любы чалавек можа вырашыць мноства пытанняў: аформіць падпіску на перыядычныя выданні, паслаць ці атрымаць пасылку, аплаціць рахункі, набыць неабходныя тавары. Але не ўсё так утылітарна. Многія грамадзяне, асабліва жыхары сельскай мясцовасці, наведваюцца на пошту ў пошуку зносін з добрымі, прыемнымі, разумнымі жанчынамі з каманды, якой кіруе Марына Леанідаўна. Сваім калектывам начальнік задаволена ў поўнай ступені. Са спецыялістам па паштовай дзейнасці Жаннай Кшталтнай, паштальёнамі Марыяй Багдановіч і Зояй Мурашка хоць заўтра гатова ісці ў разведку. Сапраўдныя прафесіяналы, яны цудоўна разумеюць задачы, пастаўленыя перад службай, якой прысвяцілі жыццё. Не толькі спраўляюцца з выкананнем даведзеных паказчыкаў, але і, добра ведаючы запыты карыстальнікаў паштовых паслуг, стараюцца дагадзіць кожнаму. Вынік: аўтарытэт у мясцовага насельніцтва маюць заслужана высокі.
Марына Леанідаўна цудоўна адчувае сябе на Валожыншчыне, палюбіла гэту мясцовасць, людзей, многіх з якіх ад усёй душы лічыць сваімі сябрамі. У захапленні ад беларускай кухні. Некаторыя стравы, асабліва бліны з мачанкай, у яе выкананні – сапраўдны шэдэўр. Добра разумее мясцовую гаворку, чытае па-беларуску, але ўсё ж ніколі не забывае далёкі край, дзе вырасла, дзе жывуць сваякі, па якіх сумуе. Таму галоўная мара (рэалізаваць яе зараз не вельмі проста) – здзейсніць паездку на радзіму. Пажадаем ёй хуткага спаўнення даўняга жадання. А пакуль, як кажуць, пішыце пісьмы. Што ж, наша гераіня, як ніхто, ведае, наколькі гэта традыцыйная паштовая паслуга пашырае магчымасць зносін на адлегласці, але не забывае нагадваць жыхарам Ракава і яго наваколля пра кожны новы паштовы прадукт, які ствараецца для таго, каб палегчыць іх жыццё.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ



