У панядзелак начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Жданюк сумесна са старшым дзяржаўтаінспектарам Вадзімам Пасека, участковым інспектарам міліцыі Русланам Рындзевічам з рэйдавай праверкай пабывалі ў сялянскай гаспадарцы “Сілін”.
Падставай стаў наступны выпадак. У мінулую нядзелю а палове сёмай вечара 59-гадовы жыхар вёскі Маршалкі, работнік гэтай гаспадаркі, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення (1,9 праміле), рухаўся ў цёмны час па вёсцы на веласіпедзе, неабсталяваным святлоадбівальнымі элементамі.
Згодна з рашэннем Мінаблвыканкама № 173 ад 5 сакавіка 2020 года “Аб мерах па папярэджанні гібелі грамадзян”, пасля выяўлення факта парушэння Правіл дарожнага руху працуючымі грамадзянамі ў нецвярозым стане група ў складзе адказных работнікаў павінна наведаць гэта прадпрыемства, агледзець умовы працы, транспартныя сродкі арганізацыі, а таксама асабістыя, на якіх яны дабіраюцца на рабочае месца, праверыць іх тэхнічны стан і саміх работнікаў. На гэты раз істотных парушэнняў не назіралася, аднак па некаторых дробных Дзяржаўтаінспекцыяй выдадзена прадпісанне.
Пры гэтым падчас ранейшых рэйдавых праверак прадпрыемстваў раёна былі выяўлены работнікі, якія знаходзіліся на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення, некаторыя кіравалі службовым транспартам, не маючы пры сабе вадзіцельскага пасведчання, і без дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, меліся транспартныя сродкі з няспраўнасцямі. Вінаватыя былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
А выязджаючы з сялянскай гаспадаркі, у 8 гадзін 45 хвілін на 3-м кіламетры аўтадарогі Дворышча-Забрэззе-Вішнева рэйдавая група спыніла 47-гадовага жыхара в. Дубіна, таксама ж нападпітку (1,36 праміле), які рухаўся па краі праезнай часткі дарогі ў спадарожным кірунку з транспартнымі сродкамі.
Хочацца звярнуць увагу работнікаў: парушаючы Правілы дарожнага руху, асабліва ў нецвярозым стане, вы падводзіце свой калектыў – чакайце праверку.
Наш кар.



