
Даўно заўважыла: варта нават выпадкова наведацца ў Валожынскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, абавязкова даведаешся пра штосьці цікавае. Вось і на гэты раз атрымалася менавіта так. Не паспела пераступіць парог установы, як мне адразу паведамілі, што пажадана пабываць на другім паверсе, дзе размясцілася выстава работ у рамках першага этапу традыцыйнага конкурсу “ТэхнаЁлка”.
Конкурсныя работы мінулых гадоў, выкананыя рукамі выкладчыкаў і іх выхаванцаў, бачыла не аднойчы, заўсёды захаплялася. І на гэты раз упэўнілася: у сапраўднага крэатыву межаў не бывае. Так, да Новага года яшчэ два месяцы, а ліцэісты, прадстаўляючы вынік творчага пошуку сваіх груп, ужо стварылі святочны настрой сабе і ўсім, хто ўбачыць экспанаты яркай выставы. Што тычыцца мяне, то моцна паважаю нестандартны падыход да любых рашэнняў. Менавіта таму ў першую чаргу звярнула ўвагу на ёлку, якая зусім і не ёлка, а швейны манекен. “Што гэта ў вас тут за Барбара Радзівіл?” – запытала ў дырэктара Святланы Мучынскай. І як жа здзівілася, калі даведалася пра назву работы. Яна сапраўды “Барбара Радзівіл”! Аўтары – навучэнкі групы 29-38, другакурсніцы Ганна Карпенка, Анастасія Лобач і іх майстар вытворчага навучання Вікторыя Пятрэнка.


Незвычайную інсталяцыю прадставілі Арцём Загорскі, Максім Белановіч, Арцём Жураўскі (група 35-103) пад кіраўніцтвам Аляксандра Міхасенкі. Хоць выраблена яна ў даволі жорсткім тэхнагенным стылі, яе назва “Каляды. Цуд магчымы”, ды і само ўвасабленне (лямка і шклянка чаю) выклікаюць вельмі ўтульныя, светлыя асацыяцыі. А кампазіцыя “Час задумацца” падалася мне шэдэўрам. Каб зрабіць такое, майстру вытворчага навучання Анатолію Карповічу і яго гадаванцу, першакурсніку Іллі Граку давялося спачатку абудзіць свой творчы пачатак, затым засяродзіцца на інжынерным увасабленні задуманага, а пасля доўга працаваць рукамі. Металічная ёлка, яна ж шышка, па задуме аўтараў адлюстроўвае сувязь пакаленняў, а металічная ж галінка, якая размяшчаецца побач, нагадвае пра тое, што жыццё заўсёды працягваецца. Прыгожа і глыбока сімвалічна. Іншыя экспанаты выклікаюць такое ж моцнае ўражанне. У кожным – і прадчуванне навагодняга цуда, і няўрымслівая душа аўтараў.


Як паведаміла Святлана Іванаўна (кіраўнік асабіста пазнаёміла мяне з выставай), у калектыве, які яна ўзначальвае нядаўна, дастаткова кадравага патэнцыялу для таго, каб кожнае пачынанне мела ўстойлівы і прадукцыйны працяг. Сёння ўсе, хто працуе тут, зацікаўлены ў развіцці ўстановы адукацыі. Планаў безліч. Гэта і змена статусу (ліцэй мае ўсе шанцы ў бліжэйшай будучыні ператварыцца ў каледж). Вядзецца вялікая праца ў кірунку павелічэння спецыяльнасцей як для юнакоў, так і для дзяўчат. У наступным навучальным годзе плануецца ўзнаўленне навучання электраманцёраў і зваршчыкаў ручной зваркі. Амаль па 10 прафесіях ліцэй можа прадаставіць адукацыйныя паслугі дарослым (качагар, вадзіцель, экскаватаршчык і інш.), і гэта не мяжа. З наступнага года плануецца набор у групу па падрыхтоўцы сацыяльных работнікаў па завочнай форме навучання, вядуцца перамовы з адміністрацыяй Івянецкага дома-інтэрната аб рэалізацыі сумеснага праекта па прафесійнай падрыхтоўцы моладзі з інваліднасцю. Для ўвасаблення задуманага маецца нядрэнная матэрыяльна-тэхнічная база. Разам з тым працягваецца пошук магчымасцей для яе ўмацавання, інфарматызацыі навучання, укаранення сучасных адукацыйных тэхналогій.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



