Альфрэд Зянонавіч НЕХВЯДОВІЧ,
намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Валожынскай райбальніцы:
– Мы працуем амаль паўтара года з невялікімі перапынкамі з кавідам. Напачатку гэта было такім невядомым для нас. Арыенціраваліся ў асноўным на Кітай, бо на той момант там больш паспяхова змагаліся з кавід-інфекцыяй, чым увесь астатні свет. Мяне ўражвала іх дысцыплінаванасць: як яны закрывалі на каранцін мільённыя гарады, і людзі не супраціўляліся гэтаму, а цалкам падпарадкоўваліся. Таму, калі адкрывалі сваё інфекцыйнае аддзяленне, прыклад бралі адтуль. Безумоўна ж, было страшна. Тады даплат ніякіх не было – ніхто аб гэтым не думаў і не гаварыў: медыцынскія работнікі пайшлі добраахвотна выконваць свой абавязак.
Аднак да ўсяго прывыкаеш: на сённяшні дзень мы ўжо не так апасаемся, бо бачым, што кантактны шлях перадачы быў пераацэнены на той момант. Больш за ўсё кавід-інфекцыя перадаецца ад чалавека да чалавека паветрана-кропельным шляхам, таму такія метады, як нашэнне масак, дыстанцыраванне, апрацоўка і мыццё рук, па-ранейшаму застаюцца аднымі з важных правіл, каб засцерагчыся.
Мой працоўны дзень пачынаецца з наведвання аддзялення рэанімацыі – бруднай зоны. У звычайным рэжыме там абсталяваны 6 ложкаў рэанімацыйных, нядаўна дадалі яшчэ тры. Шэсць адведзены пад кавід, астатнія тры – на іншыя выпадкі. Усяго ж у райбальніцы для хворых на кавід выдзелены 77 ложак-месцаў, таксама пад гэтыя мэты выкарыстоўваецца і інфекцыйнае аддзяленне – туды шпіталізуюцца хворыя з не да канца ўстаноўленым дыягназам. Калі высвятляецца кавід – пераводзім у шпіталь.
Дзяжурства ў кавід-стацыянары нясуць асобныя людзі – састаў практычна не мяняецца, толькі зрэдку сярод сярэдняга медыцынскага персаналу. Чаму? Бо вопыт і навыкі адыгрываюць вельмі важную ролю – у іх зусім іншы погляд і хватка, больш прафесіяналізму. Хаця ўсім даводзіцца працаваць з кавідам: ёсць хірургічная паталогія – трэба каб хірург агледзеў, ці неўралагічная – выклікаем неўрапатолага. Надараецца, што чалавек паступае без клінічных праяўленняў, а пад уздзеяннем кавід-інфекцыі некаторыя хваробы, якія драмалі, “ажываюць”. Да таго ж унутрыбальнічны спосаб заражэння кавідам па-ранейшаму актуальны, і гэта бачна не толькі па нашай бальніцы, але і па ўсіх шпіталях: адзін захварэў – і як мінімум заражаецца ўся палата.
ПЦР-тэст цяпер робяць даволі хутка: сёння раніцай завёз аналіз, а ўжо вечарам можа быць і адказ, ці на працягу сутак. КТ, на жаль, сваёй не маем, самае бліжэйшае, дзе можна прайсці камп’ютарнае абследаванне, – у Маладзечне ці Вілейцы. Наколькі ведаю, там нікому не адмаўляюць.
Зараз магу сказаць, што кавід вядзе сябе намнога агрэсіўней, з кожнай хваляй назіраецца большая колькасць пацыентаў, хвароба працякае цяжэй для многіх, на жаль. На будучае прагназуецца, што інфекцыя не стане лягчэйшай. Таму на сённяшні дзень, акрамя вакцынацыі, іншага выратавання не існуе – лякарства ад COVID-19 у свеце няма. Так, існуюць метады
лячэння: лекавыя сродкі, кіслародатэрапія, якія дапамагаюць чалавеку змагацца з гэтай хваробай. Але менавіта лякарства, якое можа перамагчы яго, не знойдзена. І лепшая мера – вакцынапрафілактыка. Яна адназначна паказвае: людзі пасля прышчэпкі хварэюць, але ў меншай ступені і ў больш лёгкай форме. У прыватнасці, у нашым інфекцыйным шпіталі хворых сярод прышчэпленых на сёння няма – праўда. Бывала паступалі і вакцынаваныя – аднак у іх яшчэ не паспеў сфарміравацца пасля прышчэпкі імунітэт.
Даводзілася чуць, што хтосьці пайшоў прышчапіўся і праз два-тры дні захварэў. А наша сарафаннае радыё працуе хутчэй за любыя інфармацыйныя крыніцы, вось так і з’яўляецца ў людзей страх наконт прышчэпкі. Чалавек жа як думае: вось я сёння прышчапіўся, а назаўтра займеў імунітэт. Не, так не бывае – паўнацэнная абарона з’яўляецца толькі праз месяц пасля другой прышчэпкі з невялікай розніцай у некалькі дзён, у залежнасці ад арганізма.
Я сам таксама перахварэў на кавід у лістападзе мінулага года: у бальніцы не ляжаў, але паследкі пасля яго адчуваў яшчэ з паўгода. Абвастрыліся хранічныя хваробы, назіралася неймаверная слабасць – проста не хапала сіл. Паступова прыйшоў у норму, але не цалкам, і наўрад ці ўжо гэта магчыма.
Цяпер у кавід-стацыянары паток паменеў, і працаваць крыху лягчэй. Колькасць хворых паступова зніжаецца, маем свабодныя ложкі, хаця кіслародных месцаў асабліва не вызваляецца. У асноўным праходзяць лячэнне пацыенты з нашага і нязначна з Мінскага раёнаў. Калі адкрыліся ў гэту хвалю, прывозілі з Узды, Дзяржынска, Любані, Пухавічаў. Увогуле з самага пачатку работы інфекцыйнага шпіталя ў нас лячыліся людзі з Гомельскай вобласці, не гаворачы пра бліжэйшыя раёны.
А вось псіхалагічна стала цяжэй – паміраюць многа. І паверце, мы таксама жывыя людзі і ўсё прапускаем праз сябе, хоць некаторыя і лічаць нас чэрствымі. Ёсць такія крыўдныя выпадкі: здаецца, вось ужо чалавек да выпіскі рыхтуецца, а назаўтра яго няма. Тым больш, у досыць маладым узросце. Проста крычаць хочацца: “А дзе ж вы былі раней, чаму не прышчапіліся, чаму не паклапаціліся пра сябе, сваіх родных?” Ці не час задумацца кожнаму: людзі, ратуйцеся! Усё ж залежыць толькі ад вас саміх.



