На пляцы воінскай часці 30695 адбылася ўрачыстасць, падставай для якой стала звальненне са службы ваеннаслужачых, што ў належны тэрмін аддалі Радзіме свой грамадзянскі доўг. З нагоды важнай для іх жыцця падзеі камандаванне часці запрасіла на развітальнае мерапрыемства родных, падрыхтавала ўзнагароды і падарункі.
Усяго ў апошнія дні з часцю развіталіся каля ста юнакоў з розных куткоў Беларусі. Кожны з іх з пачуццём выкананага доўгу вярнуўся да грамадзянскага жыцця. У бліжэйшай будучыні іх чакаюць у працоўных калектывах, дзе, узмужнелыя і пасталеўшыя, яны змогуць на больш высокім узроўні праявіць свае чалавечыя і прафесійныя якасці.
Па традыцыі мерапрыемства пачалося з пастраення і вынасу баявога сцяга часці. Вітаў салдат, якіх ужо смела можна назваць былымі, камандзір брыгады палкоўнік Андрэй Калач. Андрэй Віктаравіч выказаў ваеннаслужачым удзячнасць за годную службу, пажадаў у далейшым жыцці стаць адмысловымі прафесіяналамі, стварыць моцныя сем’і і ніколі не забываць армейскае братэрства, бо менавіта яно паспрыяла сталенню і ўзмужанню кожна з іх.
Камандзір брыгады асабіста ўручыў падзякі бацькам за выключнае выхаванне сыноў, якія падчас службы ў поўнай меры паказалі сваю выхаванасць, вернасць доўгу, мужчынскую трываласць, уменне сябраваць і паважаць саслужыўцаў і камандзіраў. Лепшым ваеннаслужачым былі ўручаны ганаровыя граматы. Святочным падарункам сталі фотаздымкі на фоне баявога сцяга часці.
У якасці ганаровага госця на пляц завітаў ветэран часці, кавалер ордэна “За службу Радзіме 3-й ступені”, член раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” падпалкоўнік Уладзімір Уладзіміравіч Сёмін. Уладзімір Уладзіміравіч павіншаваў юнакоў з заканчэннем службы, пажадаў не растрачваць энергетычны запал, атрыманы ў знакамітай брыгадзе, і на ўсё жыццё застацца патрыётам роднай краіны.
Ля мікрафона пабываў і бацька валожынца Уладзіслава Караніка Руслан Фёдаравіч. Мужчына ў свой час таксама з пачуццём уласнай адказнасці перад беларускім народам выканаў грамадзянскі доўг. Таму і ў выхаванні адзінага сына вялікае значэнне надаваў яго пазітыўнаму стаўленню да Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Трымаць слова ў адказ было даручана сяржанту Мікіту Герасімчыку. З пачэсным даручэннем Мікіта Дзянісавіч справіўся выдатна. З яго вуснаў ад імя сяброў прагучалі і шчырае прызнанне ў любові да Радзімы, і бязмежная ўдзячнасць камандзірам за навуку, падтрымку, клопат, і абяцанне родным быць гатовымі ў любы момант жыцця стаць на іх абарону.



