Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

21 лістапада – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу

18.11.2021

Старшым кантрольным майстрам на Валожынскім ільнокамбінаце апошнія тры гады працуе Марына АНЦІПАВА. Сур’ёзная, ініцыятыўная, энергічная маладая дзяўчына лёгка спраўляецца са сваімі абавязкамі.

Восенню яна прымае лён у загатоўку, а затым на працягу года накіроўвае яго на перапрацоўку ў цэх. Назад сыравіна вяртаецца ў выглядзе кароткага і доўгага валакна і захоўваецца на складзе. У абавязкі Марыны Юр’еўны ўваходзіць кантроль за яго якасцю. Яна сочыць, каб тое было правільна пасартавана работнікамі па колеры, даўжыні, засмечанасці. На складзе доўгае валакно прасуецца ў кіпы і ў такім выглядзе захоўваецца. Пазней майстар займаецца яго адгрузкай на далейшую перапрацоўку на Аршанскі льнокамбінат і іншыя льноперапрацоўчыя прадпрыемствы.

Дыспетчар Таццяна ВЯРШЫЦКАЯ – адна з самых вопытных работнікаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Трыццаць пяць гадоў таму пачынала тут інспектарам па справаводстве. Калектыў тады налічваў больш за 40 чалавек, у падпарадкаванне райсельгасхарчу ўваходзілі ветэрынарная і зоатэхнічныя службы, аграхімлабараторыя, сюды сцякаліся звесткі з 27 гаспадарак раёна. Таццяна Іванаўна добра ведала ўсіх, хто прыходзіў на работу ва ўпраўленне, бо ў далейшым курыравала кадравую службу.

Ужо дзесяць гадоў, як працуе дыспетчарам і, можна сказаць, валодае самай свежай інфармацыяй аб ходзе ўсіх відаў палявых работ, надоях і намалотах. Надаралася, у гарачую пару ў пяць раніцы трэба было быць на працоўным месцы, звязацца з кожным дыспетчарам гаспадаркі, сабраць звесткі, звесці лічбы ў агульную зводку, зрабіць дынаміку для параўнання. Нягледзячы на тэхнічны прагрэс, тэлефон па-ранейшаму застаецца асноўнай крыніцай яе зносін з калегамі з сельгаспрадпрыемстваў.

Таццяна Іванаўна заўважае, што работа ёй падабаецца і прыносіць задавальненне. “Вельмі радуюся, калі паказчыкі ў нашых аграрыяў растуць, бо менавіта ад іх залежыць дабрабыт вясковых працаўнікоў”, – кажа яна.

Яўген ЦІМАХОВІЧ працуе вадзіцелем аўтамабіля аддзела перавозак у ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. У сваёй справе – ён прафесіянал: вадзіцель 1-га класа, мае правы на ўсе катэгорыі.

За руль сеў адразу пасля арміі. “Бацька ўсё жыццё адпрацаваў вадзіцелем, – расказвае Яўген Ігнацьевіч, – па яго сцежках пайшоў і я. Першым аўтамабілем быў “пікап” – такую тэхніку даручылі мне, маладому вадзіцелю 3-га класа, у колішнім райсаюзе. У 1991 годзе ў Маладзечне ў школе ДТСААФ здаў на катэгорыі “Е” і “Д” – і адкрыў для сябе зялёную дарогу на велікагрузныя машыны”.

На прадпрыемстве ён кіруе “МАЗам 551605” з прычэпам грузападымальнасцю 35 тон. У гэтыя дні заняты на адвозцы цукровых буракоў: забірае з буртоў сельгаспрадпрыемстваў “Агра-Дубінское” і “Пяршаі-2014” і дастаўляе на Гарадзейскі цукровы камбінат. Таксама даводзіцца ездзіць за ўгнаеннямі – іх у асноўным пастаўляюць па чыгунцы на прыёмны пункт у Багданава, а задача Яўгена Ігнацьевіча – даставіць на склады гаспадарак. А вось зімой часта накіроўваецца ў Салігорск: адтуль прывозіць соль для патрэб жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Праца любога шафёра складаная і адказная, машына з’яўляецца аб’ектам павышанай небяспекі. Як адносіцца вадзіцель да сваёй работы, да руху на тэхніцы, залежыць жыццё іншых людзей. Кіраўніцтва цэніць вадзіцеля-прафесіянала Яўгена Цімаховіча і добра ведае, што такія, як ён, ніколі не падвядуць.

Майстар-сырароб Сяргей ВЛАСЕНКА патрапіў на масласырзавод па размеркаванні пасля заканчэння тэхналагічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці інжынер сертыфікацыі.

Шчыра прызнаецца, што яму, хлопцу з Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, нашы мясціны адразу зусім былі не па душы – адчуваўся вялікі дысананс. Таму вырашыў: адпрацуе патрэбны тэрмін і вернецца ў свой край.

За адзінаццаць гадоў, па словах Сяргея Мікалаевіча, Валожыншчына стала для яго другой радзімай. І зараз тут усё падабаецца: атрымаў участак для будаўніцтва ўласнага жылля і надзейна пускае карані.

Задавальненне прыносіць і работа. Ён кіруе асноўным працэсам – ад стадыі паступлення малака да стадыі атрымання гатовай прадукцыі. У падпарадкаванні майстра каля 60 чалавек. Сам стараецца з разуменнем адносіцца да работнікаў і таго ж просіць ад іх. На сёння ў цэху выпускаецца больш за 50 гатункаў сыроў: валожынская прадукцыя даўно зарэкамендавала сябе, па-ранейшаму карыстаецца попытам не толькі на айчынным, але і замежным рынках.

Да прафесійнага свята 9 работнікаў Валожынскага вытворчага ўчастка ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” вылучаны на Дошку гонару галаўнога прадпрыемства. Сярод удастоеных такога высокага гонару – бухгалтар Алена МАТУС.

У жніўні 1999 года прыйшла на пасаду галоўнага бухгалтара фірменнага гандлю ААТ “Валожынскі масласырзавод”, – расказвае Алена Іванаўна. – Тады былі чатыры магазіны: “Даярушка” ў Валожыне, у Мінску, Івянцы і мясцовай воінскай часці. За гады многае змянілася: скараціўся фірменны гандаль, вытворчасць далучылі да Маладзечанскага малочнага камбіната. На сёння ў нас працуюць чатыры бухгалтары. Асабіста я вяду налічэнне заработнай платы больш за 200 работнікам. Участак работы патрабуе ўважлівасці, уседлівасці, адказнасці, арганізаванасці і працаздольнасці, бо трэба паспець да вызначанага часу. Памылак у бухгалтарскай справе быць не павінна: людзі стараюцца працаваць з аддачай і ўмеюць лічыць зароблены рубель. А калі ўсё атрымліваецца, калегі задаволеныя, кіраўніцтва заўважае і адзначае, разумееш, што ты – на сваім месцы.

Безумоўна, прафесія накладае адбітак і на штодзённае жыццё – у прыватнасці, дапамагае больш рацыянальна планаваць сямейны бюджэт.

Карыстаючыся магчымасцю, хочацца пажадаць усім здароўя і, канешне, каб у кожнага сыходзіўся дэбет з крэдытам.

Наталля ЯБЛОНСКАЯ – начальнік базы па аграхімічным абслугоўванні “Багданава” ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. Менавіта сюды па чыгунцы паступаюць усе віды мінеральных угнаенняў і сродкі аховы раслін. Тут яны выгружаюцца з вагонаў, захоўваюцца і рэалізуюцца сельгаспрадпрыемствам раёна.

Узначальвае базу Наталля Казіміраўна тры гады, да гэтага восем гадоў працавала на базе аграномам. Работу сваю жанчына добра ведае. У падначаленні ў яе 15 чалавек. Кожны член невялікага дружнага калектыву добрасумленна выконвае ўскладзеныя на яго абавязкі, бо разумее, што ад іх зладжанай працы ў многім залежыць будучы ўраджай сельгаспрадпрыемстваў, а значыць, і дабрабыт усіх жыхароў раёна.

За асенне-вясновы перыяд на базу прыходзяць недзе 200-300 вагонаў з мінеральнымі ўгнаеннямі і сродкамі аховы раслін. Найбольшая колькасць іх паступае падчас вясенняй пасяўной кампаніі. Для захоўвання грузу маюцца склады для пылападобных, цвёрдых мінеральных і вадкіх комплексных угнаенняў. Пылападобнай даламітавай мукой механізатары райаграпрамтэхнікі вапнуюць кіслыя глебы сельгаспрадпрыемстваў, дзе гэта аперацыя запатрабавана.

Летам, калі ўгаенняў на базу амаль не паступае, работнікі займаюцца добраўпарадкаваннем сваёй тэрыторыі, таму яна заўсёды выглядае акуратнай і дагледжанай.

Марына ІОДА – адна з лепшых работнікаў Валожынскага льнокамбіната. Працы на вытворчасці яна прысвяціла амаль 15 гадоў жыцця.

Асноўная яе дзейнасць звязана з перапрацоўкай нізкагатунковай трасты. Працоўнае месца жанчыны знаходзіцца каля спецыяльнай машыны – дэзынтэгратара, на якую яна падае трасту, што мае нізкую трываласць і высокую аддзяляльнасць. Механізм перапрацоўвае яе ў пакулле, прыгоднае для вытворчасці ўцяпляльнікаў і інш.

Падчас пасяўной і ўборачнай кампаній Марына Фёдараўна дадаткова бярэ на сябе яшчэ адну нагрузку: развозіць і раздае абеды тым, хто працуе ў полі. У гарачую пару жанчына свядома застаецца без выхадных, бо добра ведае, што кожная хвіліна для механізатараў на вагу золата.

Трактарыст-машыніст Валожынскай райаграпрамтэхнікі Аляксандр ПУПА па выніках працы не раз выходзіў у пераможцы. Публікацыі пра гэтага чалавека не аднойчы можна было бачыць на старонках раённай газеты.

На прадпрыемстве мужчына працуе ўжо 17 гадоў. Дысцыплінаваны, старанны і руплівы работнік больш за дзесяць гадоў шчыруе на кормаўборачным камбайне “Ягуар” і пагрузчыку “Амкадор”. У сезон займаецца ўборкай кукурузы і нарыхтоўкай сенажу, у іншы час – пагрузкай арганікі, вапнаваннем глебы. Аляксандр Уладзіміравіч адчувае сябе ўпэўнена за рулём любой тэхнікі. Марнаваць час ён не прывык. З самага ранку, калі атрымае заданне, прыступае да яго выканання. За справу бярэцца з энтузіязмам, незважаючы ні на якія прычыны. Яму ўласцівы высокая працаздольнасць і адказнасць. Мужчына заўсёды своечасова і якасна спраўляецца з даручанай работай. Добра разбіраецца ў тэхніцы і трымае яе ў спраўным стане. На прадпрыемстве Аляксандра Уладзіміравіча ведаюць не толькі як стараннага работніка, але і як уважлівага, добразычлівага чалавека. У калектыве ён карыстаецца заслужанай павагай.

Амаль 10 гадоў таму, адразу пасля заканчэння вучылішча, распачаў сваю працоўную дзейнасць на Валожынскім ільнокамбінаце Віталій КАРПУК. Спачатку ўладкаваўся слесарам, а праз нядоўгі час перайшоў на трактар. Мужчына лічыцца адным з лепшых работнікаў на прадпрыемстве.

Круглы год хапае работы добрасумленнаму, дысцыплінаванаму і адказнаму механізатару. Вясной ён задзейнічаны на падборы камянёў, летам – на спецыяльным агрэгаце рве і цярэбіць лён, восенню – прасуе і дастаўляе яго на склады для захоўвання льнотрасты, што размяшчаюцца на тэрыторыі завода, зімой – падвозіць рулоны ў цэх, а адтуль – забірае смецце.

Работу сваю Віталій Юр’евіч любіць, а таму з ахвотай выконвае любое даручэнне. Давераную яму тэхніку ведае добра, беражліва ставіцца да яе, своечасова праводзіць агляд і належнае абслугоўванне. А таму тая не падводзіць і ў гарачы час працы не прастойвае.

Добра вядома, што аграрныя поспехі любога сельгаспрадпрыемства ў вялікай ступені залежаць ад забяспечанасці тэхнікай і яе стану. Штогод стабільна высокія вынікі ў раслінаводчай і жывёлагадоўчай галінах паказвае ААТ “Агра-Дубінское”. І гэта добра зразумела кожнаму, хто знаёмы з галоўным інжынерам гаспадаркі Казімірам БАГУСЛАЎСКІМ, які пры падвядзенні вынікаў за год не аднойчы прызнаваўся лепшым у раёне.

Працоўная біяграфія Казіміра Іосіфавіча звязана з любімай прафесіяй, якой ён прысвяціў амаль 35 гадоў жыцця, з якіх апошнія пяць – у ААТ “Агра-Дубінское”. Менавіта гэты апантаны сваёй справай мужчына адказвае за захаванасць машынна-трактарнага парка сельгаспрадпрыемства. Той мае ў наяўнасці ўсю неабходную тэхніку, што дазваляе правесці масавыя палявыя работы ў аптымальныя тэрміны. Галоўны інжынер добра ведае: любая машына праслужыць доўга толькі тады, калі механізатар ці вадзіцель будзе беражліва ставіцца да яе. У гаспадарцы лайдакоў няма, усе хлопцы – малайцы, адказныя работнікі. Казімір Іосіфавіч з павагай гаворыць пра дубінскіх механізатараў і вадзіцеляў, удзячны ім за штодзённую напружаную, руплівую працу.

Аднак тэхніка ёсць тэхніка, здараюцца і паломкі. Асаблівае напружанне адчуваецца, калі яны адбываюцца ў разгар сельскагаспадарчых работ. У гэты час і адна хвіліна на вагу золата. Тады разам стараюцца хутчэй знайсці прычыну і адрамантаваць механізм. Дзякуючы дальнабачнасці і гаспадарлівасці галоўнага інжынера, на мехмайстэрнях заўсёды ёсць запчасткі. Калі ж чагосьці не хапае, праблема хутка вырашаецца. У гарачыя дзянькі масавых палявых работ у гаспадарцы існуе толькі адно правіла: тэхніка павінна быць спраўнай і знаходзіцца на полі.

На сённяшні дзень амаль усе глебаапрацоўчыя механізмы пасля сяўбы азімых адрамантаваны і пастаўлены на сезоннае захоўванне да вясны, ідзе рамонт камбайнаў. Пасля заканчэння ворыва пад зябліва плугі таксама будуць пастаўлены на захоўванне.

Казімір Іосіфавіч захоплены тэхнікай і ніякай работы не баіцца. Здольны не толькі дапамагчы з рамонтам, але і прыдумаць нешта новае. Так сёлета разам са зваршчыкам Міхаілам Лісімавым яны сканструявалі і на аснове старога падборшчыка КСК сабралі плюшчылку, дзякуючы чаму за чатыры дні быў прыбраны з поля, сплюшчаны і закладзены ў яму на захоўванне ўвесь ураджай кукурузы. Паслугамі ўнікальнага механізма змаглі скарыстацца і іншыя гаспадаркі раёна. Цуда-тэхнікай зацікавіліся на Беларускай машынавыпрабавальнай станцыі і іншых ведамствах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. І гэта не адзінае вынаходніцтва нашага героя.

Сёлета ў “Агра-Дубінское” пасля заканчэння вучобы прыйшоў працаваць малодшы сын Казіміра Іосіфавіча – Аляксей. Ён, як і бацька, набыў спецыяльнасць інжынера-механіка. Ад роднага чалавека яму перадалася любоў да тэхнікі і працы на зямлі.

Людзі на гэтым фотаздымку носяць розныя прозвішчы і, зразумела, не належаць да адной сям’і, аднак і побач яны невыпадкова. Кожны – частка вялікага, дружнага калектыву ААТ “Агра-Дубінское”, а дакладней малочнатаварнага комплексу “Дубіна Юрздыцкая”.

Комплекс уведзены ў эксплуатацыю ў 2018 годзе і запаўняўся выключна ўласнымі нецелямі. У структурным падраздзяленні, што па праве лічыцца галоўным звяном у жывёлагадоўлі гаспадаркі, утрымліваюцца 1750 галоў буйной рагатай жывёлы (дойны статак – 549). Намаганнямі заатэхнікаў, тэхнікаў-асемянатараў, ветэрынарных урачоў, брыгадзіраў, аператараў машыннага даення, жывёлаводаў-даглядчыкаў тут атрымліваецца малако толькі гатункам “Экстра”, а таксама для вытворчасці дзіцячага харчавання. Высокі выхад цялят, які складае 95%, з’яўляецца безумоўнай заслугай тэхніка-асемянатара Франца Біталя.

Як сцвярджае галоўны заатэхнік дубінскога сельгаспрадпрыемства Наталля Васільеўна ЖУКОЎСКАЯ (на фота ў цэнтры), галоўная прычына поспеху – дружная і высокапрафесійная каманда людзей. Кожны паасобку і ўсе разам яны могуць і ўмеюць працаваць толькі на выдатна. Сёння тут шчыруюць сапраўдныя спецыялісты, якія памногу гадоў жыцця аддалі развіццю аграпрамысловага комплексу Валожыншчыны і сваёй гаспадаркі. На больш вопытных калег – брыгадзіра Святлану ЗАГОРСКУЮ і памочніка брыгадзіра Святлану АРЦЮКЕВІЧ, аператараў машыннага даення Вольгу ЧАРАПОВІЧ, Ірыну ТАРБЭЦКУЮ, жывёлавода Сяргея ДАЙНОВІЧА раўнуюцца і тыя, хто толькі пачаў уносіць уклад у агульную справу.

Прыемна пагаварыць з чалавекам, які па-сапраўднаму любіць сваю справу, ставіцца да яе з душой. Да такіх прафесіяналаў, без перабольшання, можна аднесці галоўнага агранома ААТ “Агра-Дубінское” Пятра ЯЗЕРСКАГА, які за высокія дасягненні па выніках мінулага года прызнаны лепшым у раёне.

У працы агранома вельмі патрэбны кемлівасць, дакладны разлік, уласная ініцыятыва, вялікая адказнасць і, вядома ж, рызыка, бо трэба злаўчыцца, каб зрабіць глебу ўрадлівай і атрымаць добры ўраджай пры любым надвор’і. Пётр Іванавіч у поўнай меры валодае ўсімі гэтымі якасцямі. У вачах спецыяліста заўсёды гарыць агеньчык зацікаўленасці, ад яго сыходзяць аптымізм, сіла волі і гаспадарлівасць.

За плячамі Пятра Язерскага вялікі вопыт: ужо шмат гадоў ён працуе на пасадзе галоўнага агранома, пяць апошніх – у ААТ “Агра-Дубінское”. За гэты час добра вывучыў землі прадпрыемства. Дзякуючы старанням спецыяліста-прафесіянала, яны даюць нядрэнны ўраджай. Сёлета, напрыклад, хоць год быў і не тыповым, зерневых сабралі каля 32 ц/га, кукурузы – больш за 80 ц/га, буракоў – больш за 420 ц/га. Важкі гаспадарчы каравай дазволіць танна накарміць статак і прынясе добрыя даходы сельгаспрадпрыемству.

Самы вялікі скарб гаспадаркі, зазначае Пётр Іванавіч, – людзі, што любяць і ўмеюць працаваць. Кожны механізатар – сапраўдны прафесіянал у сваёй справе. Можна быць поўнасцю ўпэўненым у любым з іх: ніхто ні ў якім разе не падвядзе. Кіраўніцтва гаспадаркі вельмі ўдзячна гэтым выдатным людзям за іх самаадданасць.

У канцы лета, каб у час справіцца з сяўбой азімых, закупілі новыя фары для трактароў, што былі задзейнічаны на глебаапрацоўцы, і сеялак. Ад іх на полі было светла, як днём. Механізатары ў такіх умовах працавалі да 10-11 гадзін вечара, і да канца верасня работа была закончана.

На дадзены момант у ААТ “Агра-Дубінское” поўным ходам вядзецца ачыстка зерня, уносяцца на палі арганічныя ўгнаенні, завяршаецца ворыва пад зябліва.

Зыходзячы з умоў і магчымасцей сельгаспрадпрыемства, Пётр Іванавіч спланаваў ужо работы на будучы год, пад якія культуры плошчы павялічыць, як падкарміць. Галоўны аграном добра ведае, колькі і дзе будзе пасеяна зерневых і зернебабовых культур, аднагадовых траў, кукурузы, цукровых буракоў. Ён – сапраўдны гаспадар на зямлі, сам ніколі не лянуецца і паказвае добры прыклад работнікам.

Тэхнік-асемянатар СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” Леанід ШАРКО – працаўнік, пра якіх кажуць: “На ім усё трымаецца!”

Сапраўды, 36 гадоў бездакорнай працы ў гаспадарцы што-небудзь ды значаць. За гэты час, дзякуючы яго намаганням, дойны статак гаспадаркі папоўніўся тысячамі галоў маладняку. Палічыць кожнае цяля, што пайшло ў залік выдатнай работы на працягу дзецяцігоддзяў, сёння немагчыма, аднак спецыяліст дакладна ведае: каб выхад новага пагалоўя быў высокім (не менш за 90%), патрэбна пастарацца. Калі пасля заканчэння тэхнікума Леанід Канстанцінавіч толькі-толькі пачынаў рабіць першыя крокі ў прафесіі, часта сустракаўся з парадай рухацца наперад у асваенні больш адказнай спецыяльнасці, працягваць вучобу. Аднак ён з тых, хто, адчуўшы ў сабе прызванне, не пажадаў шукаць “дабра ад дабра”. Гэта не значыць, што яму не ўласціва прага да ведаў. Адносна новых тэхналогій, якія паступова ўзнікаюць у дзейнасці, якой займаецца, ведае ўсё. А яшчэ яго характэрная рыса – ставіцца да работы так, быццам ферма – яго ўласная гаспадарка, і шчыра не разумее, хіба ж можна працаваць інакш.

Атрымліваючы спецыяльнасць “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемтве” ў Палескім дзяржаўным універсітэце, што ў Пінску, студэнтка Настасся ЖАШКЕВІЧ і думаць не магла, што першы працоўны вопыт давядзецца набываць у сельгасарганізацыі.

Тым не менш, у якасці маладога спецыяліста прыехала на Валожыншчыну, і тут, у КСУП “Суднікаўскі”, заняла пасаду эканаміста, а ўжо праз паўтара года была названа па выніках работы за год лепшай па прафесіі. Нельга сказаць, што юная гараджанка з вялікай радасцю ўспрыняла такі паварот лёсу. Усё ж рыхтавалася да працы на прамысловым прадпрыемстве. Але прызвычаілася да жыцця ў сельскай мясцовасці даволі хутка. З чаго пачала малады эканаміст? Безумоўна, з пошукаў дапамогі. З удзячнасцю ўспамінае, як яе падтрымалі вопытныя калегі з КСУП “Пяршаі-2014”, ААТ “Агра-Дубінское”, ААТ “Адамова-агра”, КСУП “Сакаўшчына-агра”. Шчырую ўдзячнасць адчувае і ў дачыненні да кіраўніка гаспадаркі Аляксандра Касінскага і калектыву, які ён узначальвае. У Судніках, па яе словах, выключныя ўмовы для таго, хто любіць і жадае развівацца як прафесіянал.

Вадзіцельскі стаж Віктара ІОДЫ – звыш 20 гадоў. Большая частка працоўнай дзейнасці прайшла ў райспажыўтаварыстве, а два гады таму мужчына ўладкаваўся ў СГУ “Бабровічы”.

За гэты час ён зарэкамендаваў сябе добрасумленым, дысцыплінаваным і адказным работнікам, які належным чынам выканае любое даручэнне. І самому мужчыну праца ў гаспадарцы прыйшлася па душы. На велікагрузным МАЗе падчас сяўбы Віктар Леанідавіч дастаўляе зерне, мінеральныя ўгнаенні. Калі ідзе ўборка траў, адвозіць з поля зялёную масу, у жніво – зерне ад камбайнаў. Запатрабаваны транспарт і на зернесушыльным комплексе. За дзень, здараецца, перавозіць каля ста тон грузу. Пры неабходнасці вадзіцель лёгка даставіць з Мінска ці іншага горада буйнагабарытныя запчасткі. Да кожнага задання Віктар Іода падыходзіць адказна, са стараннем. А яшчэ на працу яго натхняе ўважлівае стаўленне кіраўніцтва сельгасарганізацыі.

Алена ВАЙЦЯХОВІЧ – член дэлегацыі УП «Мінскаблгаз» на рэспубліканскім свяце «Дажынкі-2021».Н.ЛАНЗЕРМ.КІСЕЛЬ

Група аператараў машыннага даення МТФ “Даўбені” СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” у складзе Алены ВАЙЦЯХОВІЧ, Настассі ЛАНЗЕР, Марыны ТАЛЕР і Марыны КІСЕЛЬ – паспяховая, прафесійная каманда, якая добра разумее задачы, што ставіць перад імі непасрэдны кіраўнік Раіса Навіцкая, а таксама дырэктар гаспадаркі і іншыя спецыялісты, на якіх – адказнасць за развіццё жывёлагадоўлі.

Менавіта з-за пастаяннага выканання сваёй работы на высокім узроўні дзяўчаты і займелі ў бягучым годзе тытут лепшага звяна. Малако, якое атрымліваюць ад 480 кароў, заўсёды ідзе ў залік гатункам “Экстра”. Таксама дзяўчаты ажыццяўляюць догляд за 120 першацёлкамі. Даўжэй за ўсіх з каманды працуе ў гаспадарцы Марына Анатольеўна, аднак і Алена Мікалаеўна, і Марына Андрэеўна, і Анастасія Уладзіміраўна, хоць толькі 4-ы год у гаспадарцы, нічым не ўступаюць больш вопытнай калезе.

Амаль усе яны гаварыць пра сваю работу не любяць – належаць да ліку людзей, каму прасцей зрабіць, чым прадставіць зробленае. Сціплыя, стрыманыя, яны не імкнуцца хваліцца і даваць абяцанні.

Канстанцін ПУЧКО – галоўны заатэхнік СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”. У сельскай гаспадарцы шчыравалі бацькі. Тата быў механізатарам, матуля – жывёлавод. Па іх прыкладзе яшчэ ў школьныя гады вырашыў звязаць свой лёс з аграпрамысловым комплексам.

Пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта атрымаў размеркаванне на Шчучыншчыну, адкуль і пераехаў па запрашэнні дырэктара Юрыя Генрыкавіча Бяляўскага ў нашу мясцовасць. Малады, адукаваны чалавек, прафесійны заатэхнік цудоўна ўпісаўся ў моцную каманду бабровіцкіх спецыялістаў. З адказнасцю за арганізацыю работы па вытворчасці малака і павелічэнне статка звыкся. Добра разумее, што ў гэтай справе патрэбна каманда, працаваць з якой неабходна тактоўна, настойліва, пастаянна ўласным прыкладам натхняючы людзей на працоўныя дасягненні. Клопат пра вялікае пагалоўе – справа складаная, але ёсць падтрымка з боку кіраўніцтва гаспадаркі, паразуменне з іншымі спецыялістамі і падначаленымі. Таму працуе ў аграпрамысловым комплексе з азартам, планаў і спадзяванняў мае мноства.

Таццяна ГОЛУБ – прадстаўнік калектыву МТФ “Сівіца” КУП “Сівіца”. Яна – адна з лепшых даглядчыкаў жывёлы на дарошчванні маладняку.

У жывёлагадоўлю жанчына трапіла невыпадкова. На ферме працавала матуля, а любячая дачка кожную вольную хвіліну прысвячала таму, каб палегчыць жыццё роднага чалавека. Паступова прывыкла да няпростай, але такой патрэбнай работы, галоўнае ў якой – арганізаванасць. Хоць і паспела вывучыцца на повара, бачыла толькі адзін шлях – на ферму. Клопат пра маладняк, а гэта каля 600 галоў, патрабуе адказнасці, працавітасці і душэўнага цяпла. Усімі гэтымі якасцямі жанчына валодае. Менавіта таму яе цэняць і кіраўнік гаспадаркі, і калегі. Адзначана мноствам грамат і падзяк. “Таццяна – наш гонар!” – запэўніваюць яны. А яшчэ жанчына – шматдзетная маці, якая разам з мужам выхоўвае траіх дзяцей.

Галоўны ветэрынарны ўрач КУП “Сівіца” Лілія АКСЁНАВА ў юначыя гады ніякага дачынення да сельскай гаспадркі не мела. Вырасла ў гарадской кватэры ў Вільнюсе. Марыла лячыць людзей.

Але, калі для паступлення ў медінстытут не хапіла балаў, знайшла годнае выйсце: паступіла ў Клімавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Пасля таго, як атрымала дыплом, з невялікімі перарывамі яе жыццё звязана з жывёлагадоўляй. Калі ў пошуках лепшай аплаты працы з сям’ёй пераехала з Магілёўшчыны на Валожыншчыну, спачатку спыніла выбар на Бабровічах, аднак тагачасны сівіцкі кіраўнік Віктар Ахрэм, так бы мовіць, пераманіў спецыяліста. З той пары прайшло 10 гадоў, якія трывала звязалі Лілію Мікалаеўну з калектывам КУП “Сівіца”. У яе цудоўныя адносіны з дырэктарам Аляксандрам Сямёнавым, калегамі-спецыялістамі, жывёлаводамі, што непасрэдна, улічваючы яе парады, ажыццяўляюць клопат пра пагалоўе. У Дзень працаўнікоў АПК вопытны ветэрынар заўсёды атрымлівае мноства віншаванняў і кожны раз адчувае складанасць з адказам на пытанне: “Як склалася, што дзяўчынка, якая ў дзяцінстве нават коціка ці сабачку бачыла здаля (не гаворачы пра кароў, коней ці свіней), выбрала такі працоўны шлях?” А яна, між іншым, ім ганарыцца.

Калі ў даволі свядомым узросце былы прадавец Валянціна ЛУКАШЭВІЧ перайшла ў якасці бухгалтара ў калгасную кантору, то і падумаць не магла, што гэта змена ў яе прафесійным жыцці не апошняя.

Тры гады таму жанчыне даверылі ўзначаліць калектыў малочна-таварнага комплексу “Манькаўшчына” КСУП “Пяршаі-2014”, дзе зараз утрымліваецца 1500 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 900 – дарослае пагалоўе. У Валянціны Анатольеўны вялікі ўласны вопыт па ўтрыманні гаспадаркі, ды і парады спецыялістаў дапамагаюць. Таму і прадукцыйнасць працы на комплексе высокая. Яна, вечная працаўніца, лічыць для сябе абавязкам быць на ўзроўні як у калектыве, так і ў сямейных справах.

11 гадоў у КСУП “Пяршаі-2014” працуе вадзіцелем Сяргей ГОЛУБ. Пасля заканчэння Пяршайскай сярэдняй школы юнак пайшоў вучыцца ў Бярэзінскае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча, дзе набыў спецыяльнасць “Вадзіцель-аўтаслесар”. Працаваць уладкаваўся ў сваю родную гаспадарку. Сярей Аляксандравіч трапна зазначае, што прымаўка “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” якраз пра яго.

Высокі сярэдні бал дазволіў адразу ж паступіць завочна на скарочаны курс навучання ў аўтамеханічны каледж на аддзяленне “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіля”. У планах мужчыны – атрымаць і вышэйшую адукацыю, але на дадзены час ёсць больш важныя справы. На малой радзіме ён сустрэў сваё каханне, ажаніўся, гадуе любімую дачушку. Гаспадарка выдзеліла маладой сям’і добраўпарадкаванае жыллё.

Работа вадзіцеля прыносіць Сяргею Аляксандравічу задавальненне. На сваім “ГАЗ-53” яму даводзіцца перавозіць самыя розныя віды грузаў. Гэта і збожжа падчас уборачнай кампаніі, і скаціна, і кармы жывёле на ферму. Даволі часта бывае ў Мінску, куды адпраўляюць за рознымі запчасткамі. У вялікім патоку машын на дарогах сталіцы мужчына адчувае сябе ўпэўнена, без навігатара лёгка арыентуецца ў горадзе. Ён лічыць прафесію вадзіцеля вельмі важнай, а ў сельскай гаспадарцы – проста незаменнай.

Над матэрыяламі працавалі Алена ЗАЛЕСКАЯ, Анжэла РАДЫНА, Валянціна КРАЎНЕВІЧ, Сяргей БОБРЫК

Задайте вопрос