Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

У кожнага чалавека свая балявая кропка

25.11.2021

У аўторак правёў прыём грамадзян намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр Уладзіміравіч Кручанаў.

За дапамогай да афіцыйнай асобы на гэты раз звярнуліся жыхары вёскі Навіны Ракаўскага сельсавета Кірыл Аляксандравіч Ляліхаў і вёскі Брылькі Валожынскага сельсавета Зінаіда Андрэеўна Рубацкая.

Кірыл Аляксандравіч паведаміў, што ў 2015 годзе ў вёсцы Навіны ў сувязі з ушчыльненнем населенага пункта яму і яшчэ пяці сем’ям, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, былі выдзелены зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва. У той час пра камунікацыі ніхто не падумаў. Пазней узніклі праблемы з падводам электрычнасці, якія навасёлы ўжо доўгі час ніяк не могуць вырашыць. На прыём былі запрошаны спецыялісты зацікаўленых службаў, якія загадзя падлічылі фінансавыя выдаткі і выказалі свае меркаванні па магчымых варыянтах электрыфікацыі. Іх два: за кошт бюджэтных і асабістых сродкаў. У першым выпадку падводу электрычнасці прыйдзецца чакаць недзе паўтара года, у другім – месяцы тры. У выніку ў сераду на месца застройкі выехалі прадстаўнікі розных зацікаўленых службаў, якія сустрэліся з уладальнікамі зямельных участкаў, каб сумесна прыняць рашэнне па далейшым вядзенні работ.

Ужо некалькі гадоў не можа вырашыць сваю спрэчку з суседзямі Зінаіда Рубацкая. Жанчына не адзін раз звярталася па дадзеным пытанні ў сельвыканкам, райвыканкам, на гарачыя лініі, прыёмы грамадзян і інш. Афіцыйныя адказы аб тым, што пабудовы, узведзеныя на сумежным зямельным участку, адпавядаюць усім патрабаванням закону, парушэння межаў няма, яе не задавальняюць, як і пастановы суда. Памкненні работнікаў сельвыканкама і ўчастковага інспектара міліцыі прывесці суседзяў да прымірэння плёну не далі. Зінаіда Андрэеўна пераканана ў тым, што пабудовы павінны быць знесены, і толькі пасля гэтага, магчыма, паміж імі наступіць мір і згода. У студзені гэтага года яна звярнулася ў суд з заявай аб адмене дзяржаўнай рэгістрацыі, у чым ёй было адмоўлена, паколькі парушэнняў заканадаўства ў справе няма: пабудовы знаходзяцца ў межах суседняга ўчастка, выхаду за іх, як і самавольнага будаўніцтва, не выяўлена. Усё заканадаўча аформлена, выдадзены пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі і тэхнічны пашпарт.

Аляксандр Уладзіміравіч рэкамендаваў зацікаўленым службам вельмі сур’ёзна падысці да гэтага пытання, хаця, зыходзячы з папярэдніх рашэнняў райвыканкама, фотаздымкаў, судовага рашэння, парушэнняў не было ўстаноўлена. Афіцыйны пісьмовы адказ па выніку прыёму са спасылкамі на канкрэтныя пункты нарматыўных прававых актаў жанчыне будзе дадзены на працягу дзесяці дзён.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара