
Па даручэнні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з мерапрыемствамі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021-2025г., рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур з 21 па 27 лістапада праводзіцца творчая стажыроўка кіраўнікоў беларускіх аматарскіх калектываў мастацкай творчасці і старшынь грамадскіх арганізацый “Беларусы замежжа” з Італіі, Казахстана, Латвіі, Малдовы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Эстоніі.

25 лістапада 28 удзельнікаў стажыроўкі ў суправаджэнні дырэктара Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірыны Пазняк завіталі на Валожыншчыну з мэтай пераняць ад самадзейных творчых калетываў уменне працаваць з фальклорным і этнаграфічным матэрыялам. На пад’ездзе да Ракава групу замежных землякоў сустрэлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Жданюк, дырэктар раённага Цэнтра культуры Алена Конаўка і кіраўнік народнага гурта народнага гумару “Дубінскія фанабэры” Валерый Мазура. Пасля кароткага, але грунтоўнага экскурсу ў гісторыю былога памежнага мястэчка, знаёмства з яго архітэктурнымі помнікамі, гаспадары і госці накіраваліся ў Цэнтр народнай творчасці.
Духмяным караваем сустрэлі аматараў традыцыйнай беларускай культуры з далёкіх краін удзельнікі творчых калектываў установы. Пасля ўзаемнага вітання, што адбылося ў цёплай атмасферы чаяпіцця, гасцей запрасілі ў залу, дзе прайшла прэзентацыя творчых набыткаў праз майстар-класы. Прысутныя дзівіліся незвычайным відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (ткацтва паясоў на назе і на дошчачках, стварэнне сувеніраў з ільну, маляваныя дываны, кавальства), разам з заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь фальклорным гуртом “Гасцінец” і ўзорным фальклорным гуртом “Вянок” спявалі, танцавалі, забаўляліся народнымі гульнямі. Дзіцячы калектыў “Жаронцы” парадаваў спектаклем паводле паэмы Максіма Багдановіча “Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык”. На пытанні цікаўных адказалі кіраўнікі калектываў Лізавета Пятроўская і Хрысціна Лямбовіч.











У праграме насычанага дня значыўся і візіт у г. п. Івянец, дзе для жаданых візіцёраў гасцінна расчыніў дзверы музей традыцыйнай культуры. Дырэктар Валянціна Адамовіч сустрэла дэлегацыю цукеркамі мясцовай вытворчасці, расказала пра мінуўшчыну населенага пункта, яго культурную адметнасць і традыцыйныя промыслы. Падчас майстар-класаў экскурсанты змаглі паназіраць за работай ганчара, паспрабаваць свае сілы ў стварэнні глінянага пано, асвоіць навыкі па вырабе ніцяной лялькі. Экскурсія па залах музея ў суправаджэнні Алы Якаўлевай таксама падалася гасцям цікавай.






Завяршаючая частка візіту прайшла на сядзібе, што належала апошняму гаспадару Івянца Пятру Дарагунцаву, а зараз уваходзіць у структуру мясцовага музея. Сюрпрызным момантам для беларусаў-замежнікаў стала знаёмства з сапраўдным кавалём. Станіслаў Габрусь дазволіў жадаючым паўдзельнічаць у працэсе раздування мяхоў, а затым выкаваў дэкаратыўную падкову. Перадаючы сувенір адзін другому, госці загадвалі жадані, бо гаспадары запэўнілі: івянецкая падкова абавязкова паспрыяе хуткаму здзяйсненню самых запаветных мар.
Дэгустацыя страў беларускай кухні, знаёмства з гумарыстычнымі мініяцюрамі, розыгрышамі, гульнямі ў выкананні “Дубінскіх фанабэраў”, а таксама выканаўчае майстэрства салістаў Валерыя Язерскага, Дмітрый Завацкага, Вольгі Дзедуль, Ларысы Шарко, паспрыяла таму, што і некаторыя госці ўзяліся за мікрафон. Уладзімір з Масквы, Яўгеній з Казахстана, Ксенія з Курскай вобласці і іншыя ад душы спявалі па-беларуску, удзельнічалі ў конкурсе прыпевак і, безумоўна, не адмовіліся павучыцца традыцыйным мясцовым танцам.






Цікава, што людзі, якія па шмат гадоў жывуць за межамі Радзімы (некаторыя нават нарадзіліся на чужбіне), выдатна разумелі гаворку тых, хто ў гэты дзень працаваў з імі. Яны шчыра дзякавалі беларусам за беражлівае стаўленне да нацыянальнай спадчыны, сцвярджалі, што з асалодай удыхаюць паветра мілай сэрцу Радзімы.
З рук Ірыны ЖДАНЮК госці атрымалі ганаровыя падарожныя граматы, што пацвярджаюць званне “Вандроўнік па Валожыншчыне”

Наталля ШАЎЛОЎСКАЯ, прадстаўнік аўтаноміі “Беларусы Томскай вобласці:
- Я хоць і беларуска, але ніколі не жыла на роднай зямлі. Аднак, туга па краі, дзе нарадзілася, не пакідае ўсё жыццё. Адчуваю сябе шчасліваай, што здзейсніла гэту вандроўку. Ад душы ўдзячна кожнаму, хто меў дачыненне да гасціннага прыёму. Родная мова, гэта музыка, гэтыя спевы і танцы… Літаральна слёзы наварочваюцца на вочы ад кожнага эпізоду. Шчырае дзякуй!

Уладзімір АБРАМЧУК, прадстаўнік федэральнай нацыянальнай аўтаноміі “Беларусы Масквы”:
- Уражанні ад наведвання Валожыншчыны самыя ўзнёслыя. Як цудоўна на цэлы дзень паглыбіцца ў беларускі побыт, музычную культуру, чуць родную гаворку і самому паспрабаваць размаўляць па-беларуску. Я нарадзіўся ў Расіі, але карані не адпускаюць. Мала таго, што дыплом (я – выпускнік Маскоўскага інстытута культуры) рыхтаваў на аснове беларускага фальклору, дык яшчэ і вяселле ў нацыянальным стылі ладзіў на гістарычнай радзіме.

Алёна АЎЧАРЭНКА, кіраўнік аўтаноміі “Омскія беларусы”, уладальнік узнагароды за захаванне нацыянальнай спадчыны Пасольства Рэспублікі Беларусь у Маскве:
- У Омску шмат беларусаў. І большасць з нас у пэўны перыяд жыцця прыходзіць да высновы, што патрэбна падпісваць душу чымсьці родным, нацыянальным, так бы мовіць, ад каранёў. Сённяшні дзень не забуду ніколі. Гэта штосьці выключнае! Якія ж малайцы тыя, хто і сам захоўвае традыцыі, і вучыць далікатнаму стаўленню да іх дзяцей і моладзь!

Святлана ДУДЗЮК, старшыня беларускага нацыянальнага цэнтра ў Ташкенце :
- Узбекістан славіцца мноствам нацыянальных цэнтраў, беларускіх у тым ліку. Людзі з радасцю бавяць вольны час сярод сваіх землякоў, вывучаюць песенную спадчыну радзімы, старанна спасцігаюць азы беларускай мовы. Паважаныя суайчыннікі, беражыце родную мову, гэта ж найвялікшае багацце! Тым больш, што мова наша такая мілагучная, прыгожая, багатая. Мы, хоць і жывём далёка ад Беларусі, на генным узроўні адчуваем яе, помнім. Дзякуй, дарагія ракаўчане і івянчане, за гасціннасць і цеплыню вашых сэрцаў!
Старшыня беларускага таварыства “Сябры” г. Нарва Людміла АННУС
Намеснік кіраўніка беларускага таварыства “Сябры” г. Нарва Віктар БАЙКАЧОЎ
Член асацыяцыі “Беларусь” г. Неапаля, удзельнік гурта “Спадчына” Наталля СТАСЮКЕВІЧ
Член асацыяцыі “Беларусь” г. Неапаля, удзельнік гурта “Спадчына” Ніна МАРЧЫК
Член руска-беларускага згуртавання “Братэрства-2000” Наталля МЕЛІХАВА
Прадстаўнік беларускага таварыства горада Елгава, удзельнік фальклорнага калектыву “Злата” Лілія БЕЛЕНЬКАЯ
Член беларускага таварыства г. Даўгаўпілс, пісьменніца Лілія ВОРАНАВА і Вольга БРАХАЧОВА, Член беларускай рэгіянальнай арганізацыі г. Таганрога
Член рэгіянальнай культурнай аўтаноміі беларусаў Курскай вобласці Ксенія ФІЛІМОНАВА
Прадстаўнік культурнага цэнтра “Беларусь” г. Паўладара асамблеі “Народ Казахстана” Яўгеній ТРЫСТАН
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



