Рэспубліканскі спартыўны фестываль для працуючай моладзі "Алімпія - 2016" прайшоў 26-28 жніўня ў Валожынскім раёне пад дэвізам "Моладзь выбірае! На тры дні палатачны гарадок на беразе маляўнічай ракі Іслач стаў маладзёжнай сталіцай для самых ініцыятыўных юнакоў і дзяўчат. Удзельнікамі сталі 20 маладзёжных каманд, у тым ліку з міністэрстваў адукацыі, інфармацыі, культуры, архітэктуры і будаўніцтва, сувязі і інфарматызацыі, па надзвычайных сітуацыях, Камітэта дзяржаўнага кантролю, а таксама Беларускай чыгункі.
Праграма была насычана рознымі мерапрыемствамі: камандныя і індывідуальныя спаборніцтвы (па футболе, валейболе, падняцці гіры, тэхніцы паходнага турызму і інш.); творчыя конкурсы (прэзентацыі каманд, конкурсы бівуакоў і гатавання страў); інтэрактыўныя адукацыйныя тэматычныя пляцоўкі, майстар-класы, сустрэчы з вядомымі людзьмі.
Каманда нашага раёна па выніках спаборніцтваў стала сярэбраным прызёрам "Алімпіі - 2016" у агульным заліку. Саступілі валожынскія спартсмены толькі прадстаўнікам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, якія заваявалі першынство.
Валожынскія валейбалісты святкавалі абсалютную перамогу на рэспубліканскім фэсце. Трэцім прызавым месцам журы адзначыла і турыстычнае блюда, падрыхтаванае раённай камандай.



