У зводкі па надзвычайных сітуацыях, якія паступаюць у халодны час года, рэгулярна ёсць звесткі пра згарэлыя або разбураныя прыватныя дамы. Прычынай становяцца не толькі непатушаная цыгарэта або няспраўная печка, але і звычайны ацяпляльны кацёл.
У зону небяспекі ў асноўным трапляюць тыя катлы, якія працуюць не пастаянна, а час ад часу – па неабходнасці. Слабыя месцы, дзе сістэму ацяплення можа “прыхапіць” лядком: расшыральныя бакі, цыркуляцыйныя трубы і халодныя памяшканні накшталт гарышча.
Асноўная прычына, па якой узрываюцца катлы, – калі вада ў трубах перастае цыркуляваць з-за замярзання сістэмы ацяплення. Паліва пры гэтым працягвае гарэць, а ўнутры чыгунных секцый катла або сталёвых труб яна закіпае. Пры гэтым ціск пары ўнутры сістэмы пачынае вельмі хутка ўзрастаць. У нейкі момант надыдзе крытычная адзнака ціску, якую метал не вытрымлівае. Якімі будуць наступствы разбурэнняў, прадугледзець немагчыма: у лепшым выпадку ўсё скончыцца выбітымі шыбамі, а можа і разбурэннем памяшкання.
Мантаж і наладку сістэмы ацяплення павінны праводзіць толькі спецыялізаваныя арганізацыі: работнікі абавязкова павінны правесці навучанне карыстальнікаў катлоў і зрабіць аб гэтым адзнаку. Перад пускам катла трэба праверыць, каб запорныя органы сістэмы былі адкрыты адразу на двух трубаправодах – тым, які падае цяпло, і зваротным. З ніжняга аддзялення коміна выдаліце назапашаны кандэнсат – гэта дапаможа пазбегчы атручэння чадным газам. Рэгулярна правярайце агалоўкі комінаў і каналаў дымаходаў.
Валожынская энергагазінспекцыя



