Патрыятычнае выхаванне – гэта працяглы працэс, у які неабходна ўключыцца ўсім, хто мае дачыненне да дзяцей. Яго галоўная мэта – вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак усведамляць сваё далучэнне да дзяржавы, нацыі, ландшафту, прывіваць ім маральныя і паводзінскія нормы і правілы.
Вельмі важным звяном тут з’яўляецца дашкольная ўстанова. Я лічу неабходным з ранняга дзяцінства выхоўваць у дзяцей пачуццё патрыятызму, гуманнага стаўлення да ўсяго жывога, маральныя якасці. Адзін з эфектыўных сродкаў для вырашэння падобных задач, на мой погляд, – заняткі фізічнай культурай і спортам. Фарміраванне патрыятычных пачуццяў дзяцей дашкольнага ўзросту ажыццяўляю ў працэсе арганізацыі розных форм фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці: ранішняй гімнастыкі, фізкультурных і індывідуальна-дыферэнцыраваных заняткаў, рухавых гульняў і фізічных практыкаванняў на першай і другой прагулках, дзён здароўя і інш. У нашай установе дашкольнай адукацыі такая работа з дзецьмі вядзецца сістэматычна і паслядоўна, згодна з гадавым планам работы. Праходзяць наступныя святы і забавы: “Лютаўскі дзень – асаблівы дзень!”, “Касманаўтам стаць хачу!”, “Як нараджаецца хлеб”, “Вясёлыя гульні беларусаў”, “Наш дэвіз – заўсёды наперад!”, “Эх вы, сані, мае сані!”, “Зімовыя забавы”, “Вясёлыя гульні для дружных дзяцей”, “Ураджай сабралі і мацнейшымі сталі”, “У госці да святлафора”. Я лічу, што падобныя мерапрыемствы аказваюць найбольшы выхаваўчы эфект. Такая форма работы дазваляе замацаваць і абагульніць веды і ўменні дзяцей у рамках пэўнай тэмы, аб’яднаць малых рознага ўзросту агульнымі пачуццямі і перажываннямі, выхоўваць у іх талерантнасць, калектывізм, удасканальваць характар паводзін у адносінах да малой радзімы, сям’і, роднай прыроды.
Але самае галоўнае ў патрыятычным выхаванні – асабісты прыклад дарослых. Важна, каб дзеці ў паўсядзённым жыцці пастаянна бачылі станоўчыя моманты беражлівых адносін бацькоў, старэйшых таварышаў да роднай прыроды, краю, Айчыны. Не ва ўздзеянні на дзіця, а толькі ў супрацоўніцтве з імі магчыма выхаваць сапраўднага грамадзяніна-патрыёта.
Наталля КОЛЫШКА,
кіраўнік фізічнага выхавання
ясляў-сада № 6 “Вясёлы вулей”



