Пераможца VIII Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2015”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч была сярод выбаршчыкаў, якія прыйшлі на Партызанскі ўчастак № 4 у першыя хвіліны пасля старту датэрміновага галасавання.
Для любога сапраўднага патрыёта выбары – важная і добрая падзея, якая акажа лёсавызначальны ўплыў на будучыню роднай зямлі. Гарачае сэрца паэтэсы, назаўсёды адданае Радзіме і яе працавітым людзям, штораз патрабуе станавіцца ў рады “піянераў” электаральных кампаній і заспакойваецца толькі тады, калі грамадзянскі доўг выкананы спаўна і бездакорна. Такі момант для Валянціны Францаўны наступіў, калі яе бюлетэнь апусціўся на дно урны для галасавання.
На Гагарынскім участку для галасавання № 1 Валожына 8 верасня дастаткова ажыўлена: правам аддаць свой выбар датэрмінова карыстаюцца многія. У асноўным, гэта тыя, у каго на выхадныя складзены асабістыя планы. Сярод іх і жыхарка райцэнтра Людміла Аляксееўна НІКАНОВІЧ: у нядзелю яна рыхтуецца паехаць да дзяцей у сталіцу, а прапусціць падзею рэспубліканскага значэння гэтаму выбаршчыку не дазваляюць адказнасць і сумленне.
У Алены Васільеўны МАЛЯЎСКАЙ, якая прыйшла 8 верасня на Гагарынскі ўчастак для галасавання № 1 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, добры настрой. Жанчына ўжо зрабіла свой выбар і задаволена гэтым!
На Ленінскім участку для галасавання № 2 Валожына, дзе карэспандэнт раённай газеты пабываў 8 верасня, за дзве гадзіны пабывала 15 чалавек. З вялікай увагай члены камісіі Жанна Анатольеўна КРАСКОЎСКАЯ і Софія Адамаўна САКАЛОВА сустрэлі чарговага наведвальніка, які вырашыў прагаласаваць датэрмінова. Да выхаду на пенсію Надзея Ульянаўна КУЦУК больш як дваццаць апошніх гадоў адпрацавала ў Валожынскім лясгасе (а менавіта ў гэтай установе месціцца выбарчы ўчастак).



