4 снежня 2021года на сцэне Пухавіцкага раённага цэнтра культуры адбыўся XVII Абласны фестываль народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”.
Свае праграмы прадставілі 23 творчыя калектывы з усіх рэгіёнаў Мінскай вобласці. Усе выступленні былі прысвечаны роднай Беларусі.
У гэтым годзе Валожынскі раён з праектам “Івянецкія вячоркі” прадстаўляла ДУА “Івянецкая дзіцячая школа мастацтваў імя К.І. Паплаўскага”: гурт старадаўняй народнай музыкі “Рарог” пад кіраўніцтвам Радзівілавай Кацярыны Пятроўны, настаўніцы па класе флейты і дуды , аматарскі вакальны гурт “Вянец” пад кіраўніцтвам Шыдлоўскай Таццяны Анатольеўны, дырэктара школы мастацтваў, і настаўнікі школы.
У гурце “Рарог” граюць вучні, якія маюць узрост ад 10 да 14 год. Яны вельмі добра валодаюць майстэрствам ігры на народных традыцыйных інструментах (дуда, жалейка, гудок і іншых). У вакальным гурце “Вянец” спяваюць жанчыны з Івянца, для якіх музыка і песня – часцінка іх жыцця.
Ідэя нумару – захаванне старажытных музычных традыцый у штодзённым жыцці. З гэтай мэтай мы ўзгадваем слынных івянецкіх майстроў і разам вандруем па вуліцах старажытнага і сённяшняга Івянца, які гасцінна расчыняе дзверы кожнаму, хто прыходзіць з дабром і песняй, каб разам зладзіць “Івянецкія вячоркі”. Аўтар праекта (ідэя, аранжыроўкі мелодый раёна і харэаграфія) – Радзівілава Кацярына Пятроўна.
ДУ “Івянецкі музей традыцыйнай культуры”, на чале з дырэктарам Адамовіч Валянцінай Тадэвушаўнай, аказаў вялікую дапамогу для рэалізацыі гэтага нумару, прадаставіўшы фота-матэрыялы і экспанаты для сцэнічнага афармлення.
Аўтар прыпевак аб Івянцы – Краскоўскі Дзьмітрый Геранімавіч, кіраўнік літаратурна-мастацкага аб’яднання “Гасціба” пры ДУК “Івянецкі Дом культуры”.
Афармленнем дэкарацый займалася Капуста Леанарда Іосіфаўна, настаўніца па класе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Рэпетыцыі праходзілі на сцэне ДУК “Івянецкі Дом культуры”. Нумар атрымаўся вельмі яскравым і самабытным.
На XVII Абласным фестывалі народнай творчасці “Напеў зямлі маёй” наш Валожынскі раён быў узнагароджаны дыпломам “За захаванне і развіццё фальклорных традыцый рэгіёна” і каштоўным прызам-партатыўным камп’ютарам (ноутбукам).



