З пачатку года аддзелам прымусовага выканання Валожынскага раёна ўзбуджаны 4754 выканальніцкія справы. У структуры выканальніцкіх дакументаў, што паступаюць у аддзел, пераважаюць выканальніцкія надпісы натарыусаў – 45 працэнтаў.
Значная частка такіх дакументаў утрымлівае патрабаванні аб спагнанні запазычанасці за аказаныя камунальныя паслугі. Другімі па ліку прад’яўленых да прымусовага выканання дакументаў з’яўляюцца пастановы органаў унутраных спраў – 30 працэнтаў, большасць з якіх – пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання за перавышэнне ўстаноўленай хуткасці руху, зафіксаванае працуючымі ў аўтаматычным рэжыме спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі.
Выдадзеныя судамі выканальніцкія дакументы склалі 25 працэнтаў, самыя распаўсюджаныя з іх – пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях. Сёлета судовымі выканаўцамі ў даход дзяржавы спагнаны звыш 196 тысяч рублёў.
Падрабязна аб тым, чым займаюцца органы прымусовага выканання, і хто такі судовы выканаўца, мы пагутарылі з начальнікам аддзела прымусовага выканання Валожынскага раёна Алесяй АМІЛАЎСКАЙ.
– Прымусовае выкананне – гэта дзяржаўны орган, які ўваходзіць у сістэму Галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з адпаведнымі тэрытарыяльнымі падраздзяленнямі ў абласцях і раёнах. Судовы выканаўца з’яўляецца дзяржаўным служачым, асноўная задача якога – аднаўленне парушаных правоў і законных інтарэсаў грамадзян, у тым ліку прыватных прадпрымальнікаў, юрыдычных асоб, арганізацый, што не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, а таксама захаванне і ахова інтарэсаў дзяржавы. Простымі словамі – гэта чалавек, які дапамагае, калі, напрыклад, хтосьці не вяртае вам доўг, не плаціць аліменты ці не хоча высяляцца з вашай кватэры, хоць ёсць рашэнне суда, якое ўступіла ў законную сілу і прадпісвае здзейсніць тыя ці іншыя дзеянні як маёмаснага, так і немаёмаснага характару.
– Гэта значыць, што можна звярнуцца да вас з просьбай, каб судовы выканаўца дапамог аднавіць парушаныя правы?
– Так. Калі чалавек мае на руках выканаўчы дакумент і не ведае, што далей рабіць, мы дапаможам разабрацца ва ўсім. У першую чаргу трэба запомніць, што выканаўчы дакумент неабходна прад’явіць да выканання па месцы пражывання даўжніка (таго, хто павінен вярнуць грошы ці штосьці выканаць). Напрыклад, калі ваш даўжнік пражывае на тэрыторыі раёна – то да нашых судовых выканаўцаў, калі ў Маладзечанскім раёне – то туды. Да таго ж у кожнага аддзела прымусовага выканання ёсць свой сайт, дзе можна знайсці кантактныя даныя супрацоўнікаў, а патэлефанаваўшы, атрымаць дакладны адказ. Штодзённа працуе “гарачая лінія”. Таксама адзін раз у месяц праводзяцца “прамыя тэлефонныя лініі” па актуальных пытаннях, звязаных з выканальніцкім разглядам. Нашы работнікі – кваліфікаваныя спецыялісты, і ў той жа час – звычайныя людзі, гатовыя заўсёды прыйсці на дапамогу.
– Бываюць сітуацыі, калі людзі саромеюцца звярнуцца за кансультацыяй ці не паспяваюць з-за індывідуальнага графіка работы?
– Безумоўна. Таму арганізавана работа па прававой асвечанасці грамадзян: сустракаемся з людзьмі ў працоўных калектывах, навучальных установах і растлумачваем асноўныя кірункі сваёй дзейнасці. Напрыклад, у лістападзе з лекцыяй-семінарам выступала ў нашым сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі і воінскай часці, расказвала пра тое, як не стаць даўжніком, якія абавязкі ёсць у выканальніцкіх бакоў (спагнальніка і даўжніка). Падчас такіх сустрэч узнімалася досыць многа розных пытанняў, было цікава на іх адказваць і ўвогуле размаўляць у такім фармаце. Асабіста мяне радуе, што людзі зацікаўлены ў павышэнні ўзроўню сваёй прававой культуры.
– Алеся Вітальеўна, як стаць судовым выканаўцам, якія патрабаванні прад’яўляюцца да кандыдата на службу?
– Існуе шэраг заканадаўчых актаў, якія рэгулююць парадак назначэння на пасаду судовага выканаўцы. У першую чаргу, трэба мець вышэйшую юрыдычную адукацыю, пасля прайсці стажыроўку на працягу трох месяцаў. Таму, калі ў каго ёсць жаданне папоўніць нашы рады – звяртайцеся ў аддзел прымусовага выканання Валожынскага раёна. Яшчэ раз хацелася б нагадаць: судовыя выканаўцы стаяць на варце абароны інтарэсаў грамадства і дзяржавы. Мы заўсёды гатовы вам дапамагчы.
Гутарыла
Алена Залеская



