Па аператыўных даных, за 11 месяцаў 2021 года ў рэспубліцы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года зарэгістравана павелічэнне колькасці людзей, што загінулі ад пажараў, на 9,8% (з 541 да 594).
З мэтай павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва ў перыяд з 4 па 12 снежня 2021 года ў Беларусі праходзіць акцыя па папярэджанні гібелі людзей ад пажараў у жыллёвым фондзе “Апавяшчальнік у кожны дом”.
У рамках акцыі валожынскія выратавальнікі наведаліся ў домаўладанні найбольш безабаронных катэгорый грамадзян: адзінокіх і адзінока пражываючых, інвалідаў, а таксама тых, хто злоўжывае алкаголем. Рэйдавыя групы абследавалі жыллё Гародзькаўскага і Дорскага сельсаветаў наконт выканання правіл пажарнай бяспекі, праверылі стан аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, устанавілі іх там, дзе яны адсутнічалі.
Радуе тое, што практычна ўсе грамадзяне ўсведамляюць неабходнасць гэтага прыбора. Праўда, у большасці, так бы мовіць, рукі не даходзілі да таго, каб яго набыць. Многія думалі, што прыбор вельмі дарагі. А ён, між іншым, каштуе каля пятнаццаці рублёў. Апавяшчальнік адчувальны нават да нязначнага задымлення, падае даволі магутны сігнал, здольны разбудзіць тых, хто спіць моцна. Для яго работы не патрабуецца падключэнне да электрасеткі. Унутры пластыкавага корпуса знаходзіцца батарэйка і кампаненты, неабходныя для выяўлення пажару і непасрэднага апавяшчэння. Для таго, каб прыбор працаваў, патрэбна перыядычна ачышчаць яго ад пылу. Устанаўліваецца АПА з дапамогай двух самарэзаў. Унутр неабходна ўставіць батарэйку накшталт “Крона” і мяняць яе прыблізна раз у год. Прыбор сам папярэдзіць аб неабходнасці яе замены праз міргаючы сігнал. Набыць апавяшчальнік можна ў любым гаспадарчым магазіне.
У мінулыя выхадныя ў раёне быў устаноўлены не адзін дзясятак апавяшчальнікаў, што, верагодна, зробіць жыццё нашых грамадзян больш бяспечным.
Падчас пажараў, асабліва начных, да смерці ў большасці выпадкаў прыводзіць не агонь, а таксічныя прадукты гарэння. Дастаткова трох-чатырох удыханняў для таго, каб страціць прытомнасць. Смяротную дозу чаднага газу чалавек атрымлівае за тры хвіліны, хоць пры гэтым плошча гарэння будзе складаць толькі адзін-два метры квадратных. Колькасць трагедый на пажарах, безумоўна, звядзецца да мінімуму, калі ў кожным доме, у кожным жылым пакоі будзе ўстаноўлены АПА. Давайце задумаемся!
РАНС выказвае падзяку за актыўны ўдзел у правядзенні рэспубліканскай акцыі “Апавяшчальнік у кожны дом”, а дакладней за аказанне садзейнічання ў набыцці аўтаномных пажарных устройстваў для грамадзян, якім патрабуецца асаблівая сацыяльная ўвага, дырэктару магазіна “Будмаркет” Міхаілу Іода і заснавальніку ТАА “Кастом” Аляксандру Юкаўцу.
РЭАЛЬНАЯ ГІСТОРЫЯ
Прамым пацвярджэннем вышэйсказанаму можна лічыць наступную гісторыю, у якой якраз і ідзе гаворка пра тое, як недарагое, невялікае ўстройства здольна выратоўваць людскія жыцці.
Выпадак, што адбыўся ў бягучым годзе на Валожыншчыне, па праве можна назваць паказальным. Восем месяцаў таму ў адным з дамоў, што ў вёсцы Пугачы, ноччу адбылося ўзгаранне праводкі. Менавіта апавяшчальнік, які прасігналіў гучна, настойліва і вельмі своечасова выратаваў жыцці гаспадароў дома, іх дачкі і ўнука.
Нядаўна мы пагутарылі па тэлефоне з чалавекам, які шмат гадоў таму абсталяваў памяшканні ўласнага дома гэтымі карыснымі ўстройствамі.
Муж і жонка самі пабудавалі дом, выгадавалі чацвярых дзяцей, а тыя самі ўжо сталі бацькамі. Клопт пра дабрабыт сваіх нашчадкаў, яшчэ калі падводзіў газ, вымусіў задумацца працавітага мужчыну пра пажарную бяспеку. Параіўшыся з прадстаўнікамі РАНС, ён набыў некалькі АПА і самастойна ўстанавіў іх у кухні і іншых пакоях. Наколькі эфектыўныя ўстройствы, у якіх перыядычна, пачынаючы з 2008 года, мяняў батарэйкі, моцна не задумваўся. І вось яно здарылася. У сакавіку апарат, што быў устаноўлены на кухні, даў спрацоўку. За акном – ноч, усе, хто ёсць у доме, моцна спяць. А ў гэты час тлее праводка і адзін за другім загараюцца прадметы абстаноўкі. На шчасце, настойлівы гук прыбораў-выратавальнікаў падняў дарослых. Яны адразу ж прынялі меры для эвакуацыі дзіцяці, выклікалі выратавальнікаў.
“Задымленне было такім, што здавалася ў доме разаслаўся густы туман. Едкі дым пёк вочы, не даваў дыхнуць. Кухня выгарала. Мэбля, халадзільнік, іншая бытавая тэхніка – усё прыйшло ў нягоднасць. Але ж мы ўсе і, галоўнае, наш маленькі ўнук засталіся жывымі. Ці ж не шчасце?” – так успамінае тыя падзеі прадбачлівы чалавек. Зараз ён добра ведае, для чаго існуе пажарны апавяшчальнік, і раіць набыць не самы складаны і не самы дарагі прыбор усім людзям, незалежна ад таго, жывуць яны ў гарадской кватэры ці ва ўласным доме. Мужчына не захацеў назваць сваё прозвішча. Просты працаўнік не любіць прыцягваць да сябе ўвагу, аднак расказаць чытачам “Працоўнай славы” пра выпадак, які мог бы скончыцца трагічна, дазволіў. Павучальная гісторыя наўрад ці дазволіць камусьці ўсумніцца ў неабходнасці рашыцца на пакупку і ўстаноўку аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ



