Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Быць запатрабаванай – сапраўднае шчасце

09.12.2021

Прафесійнае даўгалецце… Далёка не кожнаму наканавана падобная ўдача. Многім з нас, на жаль, уласціва так званае псіхалагічнае выгаранне. Таму і чуеш часам ад зусім маладых людзей: “Хутчэй бы пенсія!” Іншыя і рады б шчыраваць, ды здароўе падводзіць. Але ж ёсць выпадкі, калі чалавек доўгія гады аддана служыць сваёй арганізацыі, застаецца запатрабаваным, высока ацэненым калектывам. 3 ліпеня бягучага года на свяце, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дню горада, за адданасць прафесіі, абранай раз і назаўсёды, Падзякай старшыні райвыканкама адзначана старэйшы супрацоўнік раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Рэгіна Іосіфаўна ЛЕГКАДЗІМАВА.

Сённяшняе пакаленне прадстаўнікоў санітарнай службы Валожыншчыны не ўяўляе дружнага калектыву без спакойнага, удумлівага, вельмі адказнага спецыяліста.  Яе паважаюць, з ёй лічацца, ад яе пераймаюць вопыт. Але ж, напэўна, не кожны ведае, што шлях гэтай жанчыны ў прафілактычную медыцыну быў напоўнены прыгодамі, якія хіба толькі ў кіно ўбачыш.

Яе малая радзіма ў вёсцы Доры. Бацькі працавалі ў калгасе. Тата – у якасці брыгадзіра, матуля – у складзе паляводчага звяна. Яны моцна радаваліся, калі дачка вырашыла паступаць у медвучылішча. Гэта ж добра, фельчар у сям’і будзе! Яна ж не сказаць каб моцна імкнулася да гэтай адказнай і складанай  прафесіі. Але на што не пойдзеш дзеля сяброўства. Тры аднакласніцы сумесна прынялі рашэнне адносна прафесійнага выбару, і кожная пастаралася годна прыйсці да яго выканання. Ужо падчас вучобы  дзяўчаты па-сапраўднаму захапіліся бадай самым высакародным кірункам медыцыны – родадапамогай. Таму дыпломы атрымлівалі з гонарам і з радасцю чакалі магчымасці прыступіць да выканання няпростых абавязкаў.

У тыя часы існавала так званае ўсесаюзнае размеркаванне, у выніку якога  выпускнік з Беларусі з лёгкасцю мог апынуцца дзесьці на Поўначы ці Поўдні. Такім чынам дзяўчына з Валожыншчыны трапіла ў далёкі ад радзімы Таджыкістан. Пасёлак Варашылавабад  (па памерах накшталт нашага Івянца) меў уласную ўчастковую бальніцу на 10 ложкаў. Маладых спецыялістаў пасялілі там жа. Шчыра кажучы, дзяўчаты зусім не радаваліся гэтай камандзіроўцы. Навокал – усё нязвыклае. Цяжка прывыкалі і да клімату, і да горнага ландшафту. Парадкі, быт – іншыя. Ды і страшнавата было не аднойчы. На вокнах іх пакояў – рашоткі, ніякіх табе танцаў і прагулак, адна работа. А яе хапала. Мясцовыя жанчыны (“апа” па-таджыкску) пра кантрацэпцыю нават і не чулі, таму ў сем’ях гадаваліся па 10 і болей дзяцей. Толькі і паспявай, што прымай іх хлопчыкаў (баранчук) ці дзяўчынак (кызышка). Даводзілася весці сур’ёзную работу ў галіне прапаганды гігіены, бо з гэтым меліся сур’ёзныя праблемы. А колькі сіл медыкі трацілі на тое, каб арганізаваць вакцынацыю ад небяспечных захворванняў, эпідэміі якіх раз-пораз успыхвалі, несучы за сабой смерць! Тым не менш, мясцовае насельніцтва ў асноўным было здаровым. Ва ўсялякім разе смяротнасць сярод жанчын і немаўлят (чаго так баяліся беларукія выпускніцы перад паездкай) была нізкай. За 4 гады Рэгіна Іосіфаўна сутыкнулася з падобнай бядой толькі раз.       

Менавіта там, пад небам Таджыкістана яна сустрэла будучага мужа. Віктар – рускі, але вырас у Цэнтральнай Азіі, дзе яго бацькі апынуліся ў 1939 годзе ў выніку ссылкі. Каштоўным спецыялістам – электрамеханіку і медыку –  адразу ж пасля вяселля прадставілі жыллё.  Але ў 1972 годзе ў рэспубліцы пачаліся хваляванні, і яны прынялі рашэнне пераехаць у Беларусь. Год жылі і працавалі ў Івянцы, а пасля, атрымаўшы кватэру, сталі жыхарамі Валожына.   

У санстанцыю яна прыйшла ў якасці інструктара па санітарнай рабоце. Затым граматная, адказная, вельмі акуратная жанчына доўгі час займалася статыстыкай, а пасля ёй на доўгія гады даверылі кадры. Працоўны стаж Рэгіны Іосіфаўны ва ўстанове складае 47 гадоў.

На працягу амаль пяці дзесяцігоддзяў калектыў цэнтра рос і мацнеў, некалькі разоў мяняліся кіраўнікі, а яна паступова стала своеасаблівым сімвалам дабрабыту,  стабільнай працы і паспяховасці ўстановы. Ці стамілася за гэты час? Прызнаецца, настолькі любіць і ведае свае абавязкі, што асаблівага напружання не адчувае. Разам з тым гатова ў любы час перадаць іх камусьці малодшаму. Шчыра рада, што калектыў, якому прысвяціла лёс, ацаніў яе, даў магчымасць быць запатрабаванай. Спакойная, нешматслоўная, бязмежна працавітая, яна і ў асабістым жыцці такая ж. Любіць дзяцей і ўнукаў, клапоціцца пра іх, з задавальненнем займаецца гародам, кветнікам, хатняй кансервацыяй. Калі ж здараецца вольная часіна, абавязкова бярэ ў рукі кнігу. Зрэдку бавіць час ля тэлевізара. Раманы, фільмы цікавымі падаюцца ёй толькі тады, калі там паказваюць сапраўдную глыбіню чалавечых адносін, бо толькі гэта Рэгіна Іосіфаўна лічыць галоўным у жыцці.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

Задайте вопрос