Сёння, 14 снежня, адно з самых масавых грамадскіх аб’яднанняў краіны адзначае юбілей. Беларускаму саюзу жанчын споўнілася 30 гадоў.
Увесь гэты час жаночы рух актыўна развіваўся і на Валожыншчыне. Апошнія гады на чале яго стаіць адна з самых энергічных прадстаўніц прыгожай палавіны чалавецтва нашага краю, таленавіты кіраўнік, чалавек з актыўнай грамадскай пазіцыяй Галіна РАЙ. Менавіта з ёй напярэдадні знакавай даты мы і сустрэліся, каб на старонках раённай газеты, якая пастаянна інфармуе чытачоў пра мерапрыемствы арганізацыі, абмеркаваць праблемы і дасягненні шматгадовай дзейнасці.
– Галіна Фадзееўна, Вы –яшчэ вельмі маладая, аднак, напэўна, знаёмы з гісторыяй стварэння БСЖ.
– Канешне. Арганізацыя вырасла не на пустым месцы. Яе правобраз – Беларускі савет жанчын, створаны ў перыяд перабудовы ў студзені 1987 года. Гэту арганізацыю ў грамадстве называлі жансаветам. Час быў складаны. Закрываліся прадпрыемствы, масава звальняліся рабочыя, у першую чаргу – жанчыны. Сярод шматтысячнай арміі беспрацоўных іх налічвалася да 70%. Аднак актывісткам грамадскай арганізацыі часта ўдавалася прымусіць кіраўніцтва прадпрыемстваў улічваць правы і інтарэсы жанчын, быць лаяльнымі да іх. Яшчэ тады актывісткі смела ставілі на парадак дня такія пытанні, як маральнае выхаванне моладзі, папярэджанне сацыяльнага сіроцтва, клопат пра пажылых людзей, асабліва пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
– Сённяшні дзень арганізацыі – гэта ў першую чаргу…
– Намаганні пра павышэнне статусу жанчыны ў грамадстве. Адна з нашых мэт – дасягненне грамадзянскай згоды, зберажэнне міру, ліквідацыя ўсіх форм насілля і дыскрымінацыі. Вялікая ўвага надаецца асветніцкай і кансультацыйнай дзейнасці. Калі браць канкрэтна раённую арганізацыю, то асноўная доля намаганняў тычыцца дабрачыннасці.
– У Вас складаная пасада. Шмат гадоў несяце адказнасць за функцыянаванне ТЦСАН. Значыць, даводзіцца кіраваць даволі вялікім калектывам, ад кожнага прадстаўніка якога залежаць, не пабаюся гэтага слова, людскія лёсы. Як да падобнай дзейнасці плюсуецца яшчэ і грамадская работа?
– Вельмі складанае пытанне. Баюся нават, мне цяжка будзе даць на яго грунтоўны і адназначны адказ. Аднак паспрабую. Задачы сацыяльнай установы і Саюза жанчын ніякім чынам не супярэчлівыя. Таму касцяк грамадскай арганізацыі – мае работніцы. Ну самі падумайце, каго ў першую чаргу я павінна была заахвоціць? Я сапраўды моцна заняты чалавек. Часам здаецца, што пераацаніла свае сілы, і тады ўзнікае жаданне перадаць кіраванне арганізацыяй якой-небудзь менш занятай жанчыне. Але тут неабходна задумацца, хіба хоць адна энергічная асоба сядзіць без занятку? Яна, хутчэй за ўсё, таксама, як і я, загружана з ранку да вечара…
– На мой погляд, даволі цяжка знайсці чалавека, які б перасягнуў Вас у актыўнасці і ўменні наладжваць стасункі з людзьмі. Напрыклад, з тымі, хто рэальна можа дапамагчы, бо як ні кажы, а дзейнасць арганізацыі без падтрымкі спонсараў немагчыма. На любое мерапрыемства, акцыю, ініцыятыву патрэбны сродкі…
– Гэта мой галаўны боль. Часам сама сабе не веру, калі ўдаецца дастукацца да патэнцыяльнага дабрачынца. Дарэчы, каб Вы разумелі, дзейнасць Саюза жанчын падтрымліваюць не толькі жанчыны. Нам часта дапамагаюць арганізацыі, на чале якіх стаяць мужчыны. Тое ж можна сказаць і пра індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта не пытанне гендара, гэта пытанне сумлення і чалавечай спагады.
– Відавочна, маеце надзейных паплечнікаў – сябровак і аднадумцаў, на чый талент і аўтарытэт можаце аперціся ў рэалізацыі любога плана?
– На Валожыншчыне шмат жанчын, якім, як кажуць, нешта трэба. Ля вытокаў нашай арганізацыі – адна з такіх асоб, першы лідар Рэгіна Пальчэўская. Яе паслядоўніцы: Валянціна Гіруць-Русакевіч, Марына Іода, Зоя Дубіна. У кожнай мелася свая каманда. Што тычыцца сённяшняга дня, то прозвішчаў можна назваць мноства. Немагчыма ўявіць дзейнасць раённай арганізацыі без яе сакратара Таццяны Загорскай. Паколькі жанчына працуе ў нашым цэнтры, разумееце, наколькі нам зручна супрацоўнічаць. Самі ініцыятыўныя, таму і гатовы падтрымаць любую карысную ініцыятыву, вядомыя ў раёне жанчыны: Вольга Багатырова, Людміла Махніцкая, Таццяна Крыкала, Вераніка Загорская, Святлана Ракавец, Ірына Жданюк, Таццяна Ляшкевіч, Таццяна Радзько і многія іншыя.
– Думаю, за тры дзесяцігоддзі арганізацыя “абрасла” традыцыямі.
– Сапраўды так. Большасць акцый, што праходзяць пад эгідай Саюза жанчын, – штогадовыя. Навошта вынаходзіць веласіпед, калі ён ужо даўно коціцца? Таму мы ў кругавароце гадавых спраў знаходзім сваё поле дзейнасці. Такія даты, як Дзень маці, 8 Сакавіка, Дзень абароны дзяцей, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Свята горада, Дзень пажылых людзей і іншыя, цяжка ўявіць без актывістак у нашых фірменных блакітных шаліках. Шмат клопату маем і зараз, напярэдадні Новага года: займаемся арганізацыяй раённай ёлкі для дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Нашы актывісткі гатовы саджаць дрэвы, наводзіць парадак, збіраць сродкі на дабрачыннасць, віншаваць парадзіх, а таксама ўдзельнічаць у веламарафонах, спартыўных спаборніцтвах, грамадска-палітычных акцыях.
– Што патрэбна для таго, каб грамадская работа не абцяжарвала, наадварот, прыносіла радасць і задаволенасць?
– Можа мой адказ прагучыць і занадта ўзнёсла, а можа камусьці падасца банальным, але скажу так: патрэбна любіць жыццё, радавацца кожнаму поспеху – уласнаму і чужому, і ні на хвіліну не супакойвацца. Самі ж ведаеце, спакой нам, аматаркам актыўнасці, толькі сніцца.
– Галіна Фадзееўна, даруйце, але нашым чытачам, хутчэй за ўсё, будзе цікава, чым яшчэ, акрамя прафесійнай і грамадскай дзейнасці, напоўнены Вашы думкі?
– Аддана, усёй душой люблю сваю дачку Яну. Ганаруся яе творчай натурай, неардынарнымі (у параўнанні з маімі) здольнасцямі. Гэта юная асоба даўно пераўзышла матулю ў смеласці мыслення, творчых памкненнях, уменні ў любой сітуацыі інтуітыўна вычляняць галоўнае.
– Асобы жаночага полу, што аказалі магутны ўплыў на развіццё гісторыі, Вас цікавяць?
– О, канешне! Самыя любімыя – Жанна Д’Арк, Коко Шанэль і Валянціна Церашкова. Лёсы юнай французскай патрыёткі, як і генія стылю, якая першай адваявала ў мужчын права на ўласнае слова ў індустрыі моды, і першай касмічнай падарожніцы, героя Савецкага Саюза, літаральна заварожваюць, натхняюць, застаюцца прыкладам.
– Ідуць дзесяцігоддзі, нават стагоддзі, але, як і ў часы першых феміністак, не сціхаюць у грамадсве спрэчкі наконт таго, дык кім жа па сутнасці сваёй павінна быць жанчына – маці і гаспадыняй ці чалавекам, здольным знайсці рэалізацыю жыццёвага патэнцыялу ў кар’еры…
– Калі думаеце, быццам я ведаю адказ на гэта пытанне, памыляецеся. Аднак меркаванне, што грунтуецца на ўласных адчуваннях, выказаць магу. Кожнаму сваё! Я супраць так званай ураўнілаўкі, не за патрыярхат і не за матрыярхат, а за разумную эмансіпацыю. Калі адна жанчына жадае быць толькі хатняй гаспадыняй і шматдзетнай маці – добра. Таксама як для іншай вяршыня жаданняў – стаць вядомым грамадскім ці палітычным дзеячам, кіраўніком, творцам. У маёй душы гэтыя жаданні досыць спакойна і мірна перапляліся. Лічу, сябе нельга заганяць у жорсткія рамкі. Самае цудоўнае – спалучаць мноства іпастасей. Я, напрыклад, маці, кіраўнік, сяброўка, калега. Увогуле – не раўнадушны чалавек. Радуюся гэтаму факту, бо ўпэўнена: менавіта ад раўнадушша ўсе беды і трагедыі.
– Дзякуй за шчырасць. З юбілеем!
– Вас таксама. Прывітанне ад мяне ўсім, хто чытае “Працоўную славу” і хоць у нейкай ступені падтрымлівае жаночы рух у нашай краіне.
Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



