У аўторак, 14 снежня, грамадскаму аб’яднанню “Беларускі саюз жанчын” споўнілася 30 гадоў. Да святкавання юбілейнай даты далучылася і Валожынская раённая арганізацыя.
Урачыстае мерапрыемства правялі ў канферэнц-зале інфармацыйна-турыстычнага і рэакрэацыйнага цэнтра. Сюды запрасілі старшынь і членаў пярвічных арганізацый аб’яднання, кіраўніцтва раёна.
Як адзначыла лідар жаночага руху Валожыншчыны Галіна Рай, на працягу трох дзясяткаў гадоў арганізацыя аб’ядноўвае ініцыятыўных, мэтанакіраваных і нераўнадушных прадстаўніц цудоўнага полу краіны. Гэта жанчыны зусім розных узростаў і прафесій, але іх аб’ядноўвае нераўнадушша да таго, што адбываецца навокал. Сваёй дабрынёй і міласэрнасцю яны робяць жыццё лепшым. Сёння Беларускі саюз жанчын налічвае каля 144 тысяч чалавек, у радах Валожынскай раённай арганізацыі знаходзіцца 259 жанчын – 11 пярвічных арганізацый.
Галіна Фадзееўна зачытала віншаванне, якое адрасаваў грамадскаму аб’яднанню Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. У ім гаворыцца, што ўсе гэтыя гады арганізацыя знаходзіцца ў авангардзе высакароднай місіі захавання духоўных, маральных і сямейных каштоўнасцей, нацыянальнага адзінства і годнасці беларусаў. Жаноцкасць, мудрасць, адказныя адносіны да прафесійных абавязкаў і грамадскіх ініцыятыў, дасягненні на высокіх пастах і вернасць свайму галоўнаму прызначэнню захапляюць і з’яўляюцца лепшым прыкладам для выхавання падрастаючага пакалення. Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім моцнага здароўя, жаночага шчасця і натхнення на новыя праекты – жыццёва важныя для будучага нашай роднай Беларусі.
Старшыня райвыканкама Яўген Круковіч таксама адзначыў вялікую ролю жанчыны ў грамадстве, падкрэсліўшы, што на іх кволыя плечы ўскладзена важная місія – захавальніцы дамашняга ачага і міра на сваёй зямлі. “Вы ўмееце натхняць і захапляць, накіроўваць і падбадзёрваць, суцяшаць і падтрымліваць, і часам вучыце нас, мужчын, быць моцнымі і стойкімі, – сказаў Яўген Міхайлавіч. – Хочацца пажадаць, каб на жыццёвым шляху ў вас усё атрымлівалася. Дабра, нязгаснай энергіі, бадзёрасці духу і моцнага-моцнага здароўя”.
Падзякай старшыні райвыканкама за добрасумленную працу, плённую грамадскую дзейнасць і актыўную грамадзянскую пазіцыю былі ўзнагароджаны члены раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”: вядучы спецыяліст Валожынскага сельвыканкама Ірына Пасека і сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Гасціловіч.
На ўрачыстасці прысутнічалі і прадстаўніцы старэйшага пакалення – жанчыны, якія калісьці былі ўдзельніцамі жансаветаў, што існавалі ў перабудовачны час. У іх ліку – Таццяна Ціганіна, былы кіраўнік Белаграпрамбанка з вялікім стажам работы і багатым жыццёвым вопытам. Яна адзначыла, што саюз жанчын – вялікая сіла. “Я вельмі рада, што з’яўляюся членам гэтага саюза, – падкрэсліла Таццяна Фёдараўна. – Нас аб’ядноўвае адно – дабрыня душы, і мы павінны несці яе людзям”.
Цёплыя словы ўсім прысутным адрасавала Марына Іода, якая ўзначальвала раённую жаночую арганізацыю сем гадоў. Яна пажадала аптымізму ў вырашэнні пастаўленых перад аб’яднаннем задач і простых жыццёвых праблем, з якімі можна справіцца, дзякуючы членству.
Вераніка Загорская, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, расказала, што сумяшчаць прафесійную дзейнасць з грамадскай ёй заўсёды дапамагала падтрымка сям’і і звярнула ўвагу на тое, што жанчынам ўсё пад сілу – толькі трэба верыць у сябе.
Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун падзякаваў раённай арганізацыі за падтрымку, якую яна аказвае ўладзе ў вырашэнні сацыяльных пытанняў, падтрымцы людзей, што маюць у гэтым асаблівую неабходнасць.
Прыемным момантам стала ўручэнне старшыням пакуль сімвалічных (зусім хутка – і сапраўдных) пасведчанняў аб рэгістрацыі трох новых пярвічных арганізацый, якія толькі з’явіліся ў сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
На мерапрыемстве ў кожнага з прысутных была магчымасць у нефармальнай абстаноўцы задаць хвалюючае пытанне кіраўніку ўлады. І нераўнадушныя жанчыны запыталіся пра адвядзенне спецыяльнага месца ў Валожыне для выгулу сабак; асфальтаванне вуліцы Беларускай; абсталяванне парку для адпачынку і дзіцячай пляцоўкі.



