
Ксенія ЖУКОЎСКАЯ, Анастасія ІОДА, Віялета САЕВІЧ, Паліна РУБАН, Паліна СУЧКЕВІЧ, Яна ЯРОТА.
У горадзе Слуцку ўшанавалі пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года-2021”. Сярод адзначаных – валанцёрскі атрад “Добрае сэрца” сярэдняй школы № 1 г. Валожына, які ўзнагароджаны дыпломам Мінскага абласнога камітэта ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” ў намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.
Як расказала лідар валанцёрскага руху, настаўніца Яна Ярота, у склад атрада ўваходзяць вучні 10-11 класаў. Рабяты прымаюць актыўны ўдзел у працоўных акцыях і экалагічных дэсантах, у мерапрыемствах, накіраваных на аказанне сацыяльнай падтрымкі найменш абароненым слаям насельніцтва – дапамагаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі. “Валанцёры прыносяць ім радасць, не патрабуючы нічога ўзамен, – адзначыла Яна Сяргееўна. – Змяняюць жыццё, у тым ліку і сваё, у лепшы бок. З кожным мерапрыемствам мы ўдасканальваемся і папаўеям сваю скарбонку добрымі справамі. Чым бы рабяты не захапляліся, не займаліся – у валанцёрскім руху ўсяму знойдзецца месца, і кожны зможа рэалізаваць свае магчымасці”.
Пасля прызнання лепшым валанцёрскім атрадам Яна Ярота падзялілася ўражаннямі: “Прыемна, што наша работа ацэнена і не засталася без увагі. Быць валанцёрам вельмі адказна, цікава, захапляюча і актуальна. Хочацца спадзявацца, што нашы актывісты працягнуць і надалей падтрымліваць ініцыятывы валанцёрскага руху”.
Алена ЗАЛЕСКАЯ



