Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Чароўны свет важнейшага з мастацтваў

16.12.2021

Я шмат гадоў знаёма з супрацоўніцай Валожынскага філіяла КУП “Мінаблкінавідэапракат” Софіяй Адамаўнай САКАЛОВАЙ. Аднак толькі зараз, напярэдадні Дня беларускага кіно, даведалася, што яна мае вельмі сур’ёзную профільную адукацыю.

Калісьці дзяўчына з вёскі Раднікі скончыла Мінскі політэхнічны тэхнікум, а затым – політэхнічны інстытут. Таму мае два дыпломы па спецыяльнасці “Кінаапаратура”. Адкуль такая апантанасць тэхнікай? Трэба сказаць дзякуй бацьку. Сам  меў залатыя рукі і дачку навучыў з электрыкай працаваць, матацыкл вадзіць і ўвогуле разбіраць-збіраць любыя механізмы.

За час вучобы вялікая гаспадарка пад назвай “Беларусьфільм”, што раскінулася на 12 гектарах  у Мінску, стала для яе родным домам. Нават 40 гадоў таму комплекс з безліччу цэхаў і службаў быў абсталяваны на самым высокім тэхнічным узроўні. Будучы профі ад кінаіндустрыі літаральна мроіла гукарэжысурай. Аднак на адпрацоўку давялося ехаць у Валожын. Яна не засмучалася. Райцэнтр прадаставіў маладому спецыялісту шыкоўную магчымасць практычнай дзейнасці пад наглядам вопытнага галоўнага інжынера філіяла  Івана Іванавіча Бацяна. На чале ўстановы – Вітольд Іванавіч Федарака – граматны кіраўнік, які высока ацаніў здольнасці маладога інжынера. Яна ж была ўпэўнена: раённая кінасетка ў яе жыцці часова.

На жаль, мара працаваць у вялікім кіно так і засталася марай. За час адпрацоўкі выйшла замуж і разам з мужам назаўсёды пасялілася ў Валожыне. Пайшлі дзеці, а зараз ужо і ўнукі. Дом, гаспадарка, любімыя кветнікі…  Ці не важкая замена вялікім планам маладосці?

Чатыры дзесяцігоддзі адданай работы ў кінавідэапракаце зрабілі яе эксклюзіўным спецыялістам. Разам з калектывам Софія Адамаўна перажыла  некалькі вялікіх мадэрнізацый кінатэатра “Юнацтва” і ўсёй кінасеткі раёна. Сур’ёзнае перааснашчэнне адбылося ў 2008 годзе пасля грандыёзнай рэканстуркцыі. Тады ўпершыню з’явілася магчымасць працаваць з чэшскай тэхнікай. А ў 2015 годзе яна як інжынер была ў авангардзе пераходу на “лічбу” і працу з японскай апаратурай.

У першыя дзесяцігоддзі яе работы ў філіяле налічвалася больш за 60 супрацоўнікаў. У кожным клубе мелася кінаўстаноўка, з якой працаваў штатны кінамеханік. За ўсю тэхніку, яе наладжванне, рамонт, навучанне спецыялістаў адказвала гэта ўсмешлівая, вельмі жаноцкая і разам з тым выключна прафесійная асоба. Яе калегі расказваюць, як дзівіліся прадстаўнікі фірмы, што рамантавалі будынак, калі даведаліся, што менавіта гэта жанчына будзе прымаць на сябе адказнасць за дзеянне ўсіх камунікацый і абсталявання адноўленага кінатэатра. Справілася, бо бязмежна любіць сваю прафесію і чароўны свет кінамастацтва, якому працягвае аддана служыць нават зараз, калі па ўзросце стала пенсіянеркай.

“У нашай установе цудоўныя традыцыі, – расказвае Софія Адамаўна. – У гэтым вялікая заслуга кіраўніка ад Бога Людмілы Аляксандраўны Махніцкай. Яна прыйшла да нас з вельмі дакладнай, амаль суровай службы – інспекцыі па падатках і зборах. Магчыма таму дэталёвасць, планавасць, адказнасць – верныя спадарожнікі жыццядзейнасці калектыву. Хоць кожны з нас выконвае досыць празаічную штодзённую работу, натхняе на яе самае важнае і вялікае з мастацтваў – кіно. Які б спецыліст да нас не прышоў, абавязкова трапляе пад яго абаяльнасць. Сёння нас толькі 12 чалавек, і ўсе мы – сапраўдная каманда, дзе арганізавана 100% узаемазамяняльнасць. Узяць хаця б нашага адміністратара Лілію Міхайлаўну Рагель. Яна бухгалтар па спецыяльнасці, аднак многаму навучылася ад мяне, і зараз у апаратнай – свой чалавек. Душой і сэрцам побач з сённяшнімі супрацоўнікамі – паважаныя ветэраны. Карыстаючыся магчымасцю, хачу ўзгадаць імёны Вольгі Паўлаўны Ратомскай – былога дырэктара кінатэатра і Марыі Лявонаўны Шорац – былога кінамеханіка. Вось хто неверагодна шмат зрабіў для папулярызацыі кіно на Валожыншчыне! Шчыра жадаю кожнаму, хто прысвяціў сябе нашай прафесіі, моцнага здароўя, творчага падыходу да працы і безліч цудоўных фільмаў, на якія, як у былыя часы, немагчыма было б дастаць білетаў”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Задайте вопрос