Новая сучасная спецыяльная веласіпедная траса ў хуткім часе з’явіцца ў гарпасёлку.
Яе абсталяванне стала магчымым дзякуючы перамозе ў конкурсе грамадскіх ініцыятыў, які праводзіла Мінская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў. Заяўкі на ўдзел падаў кожны рэгіён Міншчыны і толькі 5 грамадскіх ініцыятыў сталі пераможцамі. У іх ліку – і івянчане.
Як расказала старшыня Івянецкага пасвыканкама Тэрэза Ліпніцкая, у Івянцы на сёння пражывае каля 1,5 тысячы маладых людзей. Сабраліся самыя крэатыўныя і ініцыятыўныя, якія вядуць здаровы лад жыцця, захапляюцца экстрэмальнымі відамі спорту і літаральна за некалькі дзён увасобілі сваю ідэю на паперы. І яна знайшла падтрымку на яве!
Памп-трэк размесціцца ў гарадскім парку імя Фелікса Дзяржынскага. Ён будзе ўяўляць замкнёную трасу, што складаецца з модуляў, якія імітуюць сабой спускі і пад’ёмы для катання на самакатах, веласіпедах, роліках і скейтбордах. Для будаўніцтва памп-трэка будуць выкарыстоўвацца прыродныя няроўнасці і заглыбленні з падсыпкай гравійна-пясчанай сумессю і ўшчыльненнем грунту, добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. Сучаснае спартыўнае збудаванне можа таксама выкарыстоўвацца як пляцоўка для правядзення спартыўных спаборніцтваў і майстар-класаў.
Агульны кошт праекта ініцыятывы складае 15 тысяч рублёў. Тэрмін рэалізацыі – з красавіка па ліпень 2022 года. Работамі зоймецца наша жыллёва-камунальная гаспадарка.
Па словах кіраўніка мясцовай улады Тэрэзы Ліпніцкай, у яе даўно была задума абсталяваць парк – зрабіць яго месцам актыўнага адпачынку для моладзі. “Хацелася прыняць старую сцэну, паставіць спартыўныя збудаванні, каб парк стаў цэнтрам культуры гарпасёлка, – адзначыла Тэрэза Яўгеньеўна. – І вельмі рада, што першы крок на вялікім шляху добраўпарадкавання будзе зроблены”.
Наш кар.



