
На мінулым тыдні ў Маладзечне прайшла дыялогавая пляцоўка ў рамках рэалізацыі рэспубліканскага праекта “У рэжыме праўды”. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, ідэалагічны і прафсаюзны актыў Валожыншчыны.

Праект прапанавала Беларускае таварыства “Веды” ў гадавіну гістарычнага рэферэндуму 1996 года з мэтай абмяркоўваць важныя пытанні з грамадскасцю. На гэты раз спікерам выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, член Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы Ігар Марзалюк. Ён падрабязна спыніўся на зменах і дапаўненнях, якія ўнесены ў Асноўны закон краіны.
“Канстытуцыя – гэта магчымасць цывілізавана і спакойна развіваць нашу краіну без насілля на вуліцах і забойстваў, – адзначыў парламентарый. – Наш шлях – праз закон, і ўсе змены павінны быць законнымі. Мы даём зменам зялёную карту і цывілізаваную дарогу, мы да іх гатовыя. Тыя, хто хацеў перамен, адкрывайце і чытайце праект Канстытуцыі. Хтосьці гаварыў, што неабходна абмяжоўваць прэзідэнцкую ўладу двума тэрмінамі – у Асноўным законе гэта ёсць. Хацелі пераразмеркавання функцый, большага ўзмацнення незалежнасці судовай улады і ролі палітычных партый – гэта таксама ёсць. Мноства пераразмеркаваных паўнамоцтваў перадаецца прэм’ер-міністру, Савету Міністраў, Палаце прадстаўнікоў. Мы імкнёмся захаваць устойлівасць развіцця нашай краіны. Мы не хочам, каб, як у іншых савецкіх рэспубліках, якія калісьці былі брацкімі народамі, ненавідзелі адзін аднаго, забівалі, раздзіралі сваю краіну. Іншага шанцу пабудаваць наш нацыянальны дом – утульны, спакойны, дзе кожны мае магчымасць самарэалізацыі, але ўжо без чужых грошай, без подласці, цывілізаваным шляхам, у нас няма”.
Ігар Марзалюк падкрэсліў, што праект новай Канстытуцыі ў некалькі разоў больш дэмакратычны і адлюстроўвае тыя змены, якія адбыліся ў краіне.
Прысутныя абмеркавалі тэму станаўлення інстытута рэферэндуму ў гістарычным і сучасным кантэкстах, а таксама вызначылі яго ролю ў сістэме народаўладдзя краіны. Акрамя таго, падчас сустрэчы былі агучаны пытанні нарматыўна-прававога рэгулявання падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму ў Беларусі.

Пётр БІБІК,старшыня раённага Савета дэпутатаў:
– Размова атрымалася сапраўды ў рэжыме праўды. Ігар Марзалюк сам непасрэдна распрацоўваў дапаўненні і валодае вялікім аб’ёмам інфармацыі, вельмі даступна растулмачыў асноўныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю. Шмат было гутарак аб пераразмеркаванні паўнамоцтваў, і сёння мы пачулі пра функцыі прэм’ер-міністра і кабінета міністраў – ад моманту фарміравання да іх паўнамоцтваў, пра справаздачы за сваю работу перад парламентам. Размова ішла пра ролю Усебеларускага народнага сходу, а менавіта пра тэрміны яго паўнамоцтваў, перыядычнасць работы і тыя функцыі, якія яны будуць ажыццяўляць: гэта назначэнні цэнтральнай выбарчай камісіі, суддзяў Канстытуцыйнага суда і права вызваляць ад пасады Прэзідэнта ў выпадку парушэння Канстытуцыі. Развіццё краіны знаходзіцца на тым этапе, калі павінны быць змены, якія дазваляюць захоўваць устойлівасць развіцця дзяржавы.

Анжэла ТЫШКЕВІЧ, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама:
– Па выніках праведзенай дыялогавай пляцоўкі для сябе зрабіла вывад: на рэферэндум трэба абавязкова ісці – мы выбіраем не проста новаю рэдакцыю Канстытуцыі, мы выбіраем будучыню нашай краіны. А ўлічваючы рэаліі сённяшняга часу, выбіраць яе трэба разам.

Вікторыя ТРАХІМОВІЧ, член Маладзёжнага парламента пры Мінскім абласным Савеце дэпутатаў:
– Як прадстаўніку маладога пакалення мне неабыякава тэма захавання гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну. Яркі прыклад пра выхаванне патрыятызму ў яўрэйскіх дзяцей прывёў Ігар Марзалюк. У адукацыйнай праграме школ ёсць такі момант ваенна-патрыятычнага выхавання, як арганізацыя паездак у знакавыя месцы для яўрэя. Кожнае яўрэйскае дзіця пасля дасягнення ім 14 гадоў разам з класным кіраўніком і сваім класам садзіцца ў самалёт і ляціць у Бухенвальд, Асвенцым – на суткі… І вось гэтыя падлеткі з дарагімі айфонамі праходзяць баракі, ім даецца тая ж самая ежа, якую вымушаны былі есці вязні: ад аднаго выгляду на яе робіцца дрэнна, а іх прымушаюць гэта есці, прымушаюць там спаць, дакрануцца да кальцыніраваных касцей. І калі яны раніцай выходзяць з баракаў усе ў слязах, іх строяць і гавораць толькі адну фразу: “Вось што бывае з яўрэямі, якія не могуць трымаць зброю ў руках і абараняць сваю Радзіму!”

Павел САРОКА, галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:
– Адкрыты дыялог пакінуў толькі станоўчыя эмоцыі, бо Ігара Марзалюка ведаю асабіста. Ён цудоўны аратар – усё расказаў даступна і зразумела. Каб лепш ведаць гісторыю нашай Беларусі, усім раю прачытаць яго кнігі. Лічу, што на рэферэндум абавязкова трэба ісці, бо гэта грамадзянскі абавязак кожнага чалавека.



