Калі гутарка заходзіць пра такую прафесію, як энергетык, у маім асабіста ўяўленні паўстае вобраз сур’ёзнага мужчыны, брутальнага прафесіянала-інжынера, які як рыба ў вадзе адчувае сябе ў выключна адказнай гаспадарча-эканамічнай дзейнасці. Аднак бывае так, што спецыялістамі ў галіне распрацоўкі, вытворчасці ці эксплуатацыі сістэм, прызначаных для цеплавога ці электрычнага забеспячэння, становяцца і жанчыны. Яны смела атрымліваюць адпаведную адукацыю, спасцігаюць нюансы прафмайстэрства на вытворчасці, займаюць кіруючыя пасады…
Перад намі менавіта такая прадстаўніца прыгожай палавіны чалавецтва. Алена Рыгораўна САЕВІЧ – галоўны энергетык РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Амаль трыццаць гадоў таму яна разам з мужам скончыла факультэт энергетыкі Беларускага агратэхнічнага ўніверсітэта і прыбыла ў якасці маладога спецыяліста на Валожыншчыну. Падчас гутаркі з ёй мяне ў першую чаргу цікавіла пытанне, што становіцца падставай для таго, каб юная, вельмі жаноцкая дзяўчына зрабіла выбар на карысць падобнаму занятку. Алена Рыгораўна з усмешкай патлумачыла: для яе, чалавека, які з дзяцінства любіць дакладнаць і парадак ва ўсім, мае схільнасць да фізікі і матэматыкі, у гэтым няма нічога надзвычайнага.
У 2001 годзе ў яе працоўнай кніжцы з’явіўся першы запіс: “Энергетык жылкамунгаса”. Затым ён дапаўняўся словамі “вядучы” і “галоўны”. Безумоўна, за гэты час яна ўдасканаліла прафесійны ўзровень, стала карыфеем у аднойчы выбранай справе, навучылася працаваць у камандзе. Дарэчы, што тычыцца каманды. Як вядома, большасць спецыялістаў, задзейнічаных у арганізацыі работы па цепла і энергазабеспячэнні, – мужчыны, а слова “галоўны” пры абазначэнні яе пасады, канешне ж, сведчыць пра тое, што даводзіцца гэтымі мужчынамі кіраваць. Як жа спраўляецца Алена Рыгораўна з падначаленымі? Адказ, як кажуць, на паверхні: каб не спраўлялася, не працавала б.
Сама ж упэўнена: ёй вельмі шанцуе на людзей. Усе калегі – граматныя, удумлівыя спецыялісты. Да таго ж кожны падзяляе галоўны прафесійны прынцып свайго непасрэднага кіраўніка: “На работу чалавек павінен прыходзіць дзеля таго, каб займацца даручанай справай. Астатняе – ці да 8.00 ці пасля 17.00”. Дарэчы, ужо другі раз у падначаленне да яе паступіла дзяўчына, што сведчыць пра ўсё больш актыўнае пранікненне жанчын у прафесіі, якія яшчэ нядаўна лічыліся выключна мужчынскімі. Мяне цікавіла, ці будзе са спецыяліста карысць? На што пачула: “З любой жанчыны заўсёды будзе карысць”. І тут жа ўзгадала першага настаўніка ў прафесійнай дзейнасці. Гэта былы інспектар энерганагляду Алена Уладзіміраўна Макар. Менавіта яна, падзялілася ў свой час з пачынаючым прафесіяналам ведамі і практычнымі навыкамі, дала асноўныя парады, у прыватнасці, і ў кірунку выстройвання чалавечых адносін у калектыве.
Цікава, што чалавек, які дакладна разумее прыроду энергетычных патокаў і безлічы іншых фізічных з’яў, не толькі з павагай ставіцца да пытанняў веры, але і з’яўляецца прыхаджанкай храма. Яна ўвогуле не любіць змешваць асабістыя і прафесійныя бакі свайго жыцця. Дома, з мужам, дзецьмі і ўнукамі, яна такая, якой, па маім меркаванні, павінна быць жонка, маці, бабуля, – вельмі дамашняя і ўтульная, выключная гаспадыня. Ёй падуладны розныя віды рукадзелля, догляд за свойскай жывёлай і безліч іншых заняткаў. Калі побач няма мужа, тут жа ўспомніць пра тое, што яна інжынер, і без лішняга роздуму возьме ў рукі адвёртку ці іншы інструмент. Да таго ж мае добра акрэсленае меркаванне па ўсіх прадметах, якія лічыць для сябе цікавымі. Камусьці паўплываць на яе думку адносна такіх паняццяў, як “дабро” і “зло”, “любоў”, “сяброўства”, “доўг”, “сумленне”, немагчыма. Ёй, начытанай, дасведчанай, аматарцы тэатральнага мастацтва і літаратуры, даволі складана мірыцца з грубасцю, хамствам, нецэнзурнай лексікай. Аднак перад намі – аптымістка, якая ўпэўнена: жыццё цудоўнае! Яна з надзеяй глядзіць у будучыню, таму, хоць вельмі паважае вопыт, апантана верыць у маладосць. Раіць сваім равеснікам і больш дарослым людзям у многім слухаць юных, рухацца за імі.
Гледзячы на гэту жанчыну, верыш: яна жыве менавіта так, як сцвярджае. Таму і выглядае неверагодна молада і па-сапраўднаму энергічна. Алена Рыгораўна шчыра, ад усёй душы дасылае віншаванні са святам дарагім яе сэрцу калегам. Яе пажаданне прагучала наступным чынам: “Любіце жыццё, клапаціцеся пра сябе і сваіх блізкіх, аддана служыце справе жыцця, стварайце дабрабыт для сем’яў, атрымлівайце асалоду ад дня бягучага, верце ў цудоўны дзень заўтрашні і ніколі не забывайце, што светам правіць любоў”.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



