Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Асветленыя зоркай Максіма. Да святкавання 130-гадовага юбілею Максіма Багдановіча

27.12.2021

“Гарыць сёння ў нашых удзячных сэрцах нязгасная зорка Максіма. Яна асвятляе нам шляхі да ўзвелічэння (за што ён усё жыццё змагаўся) роднай краіны, мовы і літаратуры, да духоўнага ўзвышэння саміх сябе”.

Уладзімір Барысенка.

Сёння кожны неабыякавы чалавек да беларускай культуры па-свойму ўшаноўвае імя нашага класіка, яго паэзію, кожны можа знайсці ў ёй тое, што так неабходна, каб узбагаціцца душой, узвысіцца...

Максім Багдановіч займае асаблівае месца ў творчым жыцці Хрысціны Лямбовіч, народнага майстра па ткацтве валожынскіх паясоў, кіраўніка дзіцячага калектыву “Жаронцы” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці. А пачалося ўсё яшчэ ў дзяцінстве, калі старэйшая сястра падарыла кніжачку – вершаваную паэму Максіма Багдановіча “Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык”. Выданне было аздоблена прыгожымі, яркімі ілюстрацыямі, якія ў памяці і па сёння.

Гісторыя, апісаная ў паэме, глыбока запала ў дзіцячую ўражлівую душу. Усё там нагадвала сапраўдны луг з рачулкай Сівічанкай, які рассцілаўся адразу за бацькоўскай хатай, са стракатым дываном пахучых кветак, з зумканнем пчолак, чмялёў, мушак... І настолькі гэта выразна ўяўлялася, што захацелася некаторыя дзеі адлюстраваць у рэальнасці, пагуляць. І гуляла – спраўляла пахаванне камара, чым і заканчваецца паэма. Дарэчы, гэта традыцыйная абрадавая дзіцячая гульня, якая апісана М. Багдановічам у паэме, называецца “пахаванне камара”, была распаўсюджана ў некаторых рэгіёнах Беларусі. І сапраўды, лішні раз пераконваешся ў справядлівасці слоў: чытайце класіку!

Потым ішло дарослае жыццё... І калі Хрысціна Станіславаўна арганізавала тэатральны гурток, і надыходзіла святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння класіка, думалася-гадалася, як жа найлепшым чынам ушанаваць памяць вялікага паэта. Тады і ўсплылі дарагія сэрцу ўспаміны аб дзіцячых уражаннях ад сустрэчы з багдановічаўскай “мушкай-зелянушкай...” Вось і было вырашана паставіць з гурткоўцамі лялечны спектакль па гэтай паэме.

Справа закруцілася-завярцелася, пачалася актыўная падрыхтоўка: праца над вобразамі паэмы, яе тэкстам, стварэннем лялек. Строі для іх шыла сама Хрысціна Станіславаўна. Вось тут і спатрэбіліся навыкі шыцця, атрыманыя ад маці і ў швейнай майстэрні. Рабіліся дэкарацыі, затым падбіраліся акцёры, размяркоўваліся ролі, пачаліся рэпетыцыі. Так узнік шырмавы тэатр лялек на трасцінах. А потым пачаліся доўгачаканыя паказы спектакля: спачатку ў сябе, у цэнтры народнай творчасці, на фэсце керамікі “Таракот”, на свяце сям’і, у раённым краязнаўчым музеі. “Мушка...” заляцела і ва ўніверсітэт імя М. Танка, і ў Палац мастацтваў на фестываль “Радасць”, які ладзіў Свята-Елісавецінскі манастыр, і інш.

Сёлета, рыхтуючыся ўжо да 130-й гадавіны з дня нараджэння М. Багдановіча, тэатр пашырыў і ўзбагаціў сваю дзейнасць: адбылася рэканструкцыя лялек, абнавіліся дэкарацыі, паказы спектакля сталі адбывацца ў суправаджэнні жывой музыкі, спеваў, сталі актыўнымі

ўдзельнікамі розных выстаў, экскурсій, майстар-класаў, конкурсаў. Для прыкладу назаву самыя значныя: удзел у выставе батлеечных тэатраў “Традыцыі і сучаснасць”, якую ладзіў музей-гасцёўня У. Галубка г. Мінска; артысты выступалі і перад турыстамі з Асіповічаў; 18 лістапада паказ спектакля адбыўся перад дэлегатамі акцыі “Беларусы свету”; 4 снежня гурткоўцы былі запрошаны ў госці ў музей “Беларуская хатка”, дзе аўтар дзіцячай паэмы нейкі час пражываў падчас наведвання ім Беларусі.

11 снежня гурток “Жаронцы” прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемстве “Зорка Венера ўзышла над зямлёю”, што ладзіў Ракаўскі цэнтр народнай творчасці. Дарэчы, на свята, прысвечанае М. Багдановічу, прыехалі вельмі паважаныя госці: стваральнік, кіраўнік народнага батлеечнага тэтра “Капялюш” з Наваполацка Андрэй Рэцікаў, які прэзентаваў традыцыйныя батлеечныя інтэрмедыі. З цёплым прывітальным словам выступіла Таццяна Лабада, загадчыца музея “Беларуская хатка”. Залу ажывіла, асабліва самых маленькіх ракаўчан, з’яўленне Маляваныча – акцёра тэатра і кіно Аляксандра Ждановіча, які падрыхтаваў цікавую прэзентацыю на тэму М. Багдановіча, зачароўваўючы ўсіх вытанчанай прафесійнай ігрой, узнёслым мастацкім словам, таямнічымі казкамі-аповедамі.

Важнай падзеяй для гуртка “Жаронцы” стаў удзел у рэспубліканскіх конкурсах (Магілёў, Гомель), у міжнародным конкурсе “Белавежская зорка” (Брэст). Па вядомых прычынах конкурсы адбываліся ў фармаце анлайн. Ва ўсіх трох конкурсах выйшлі пераможцамі: тры першыя месцы (!). Асаблівыя эмоцыі і ўцеху атрымалі, калі кожнаму ўдзельніку былі ўручаны па тры дыпломы першай ступені самім Маляванычам падчас свята ў Ракаўскім ЦНТ.

Хочацца заўважыць, што такія поспехі былі дасягнуты толькі дзякуючы працаздольнасці і старанню саміх акцёраў, мэтанакіраванай працы кіраўніка Хрысціны Лямбовіч, яе любові да дзяцей і той справы, якой займаецца, а таксама падтрымцы бацькоў і дапамозе настаўніцы Ракаўскай СШ Настассі Іванаўны Васілеўскай.

Людвіка ТАЎГЕНЬ,

жыхарка Валожына

Галерея изображений

Задайте вопрос