Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

“Адзіная Міншчына – сэрца Беларусі!”

28.12.2021

Пад такім дэвізам 22 снежня ў Мінскай вобласці стартавала акцыя, удзел у якой прымаюць прадстаўнікі абласнога і раённых выканаўчых камітэтаў, розных арганізацый і прадпрыемстваў цэнтральнага рэгіёна, прафсаюзы. Сёння да яе далучылася Валожыншчына: 22 машыны-ўдзельніцы пераднавагодняга аўтапрабегу прыехалі ў Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат.

Да выхаванцаў завіталі прадстаўнікі Мінскага малочнага завода № 1, аблаўтатрансу, абласных саюза спажывецкіх таварыстваў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прафсаюзаў работнікаў лесу і прыродакарыстання, работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, арганізацый Валожынскага раёна. Усе яны – людзі з вялікім сэрцам і адкрытай душой, тыя, хто спяшаецца дапамагчы і падтрымаць.

Вялікую дэлегацыю гасцей выхаванцы сустракалі шчаслівымі ўсмешкамі і гучнымі воклічамі на тэрыторыі ўстановы – менавіта тут ля ўпрыгожанай ёлачкі разгарнулася і само святочнае мерапрыемства. Усіх прысутных прывітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Ірына Жданюк. “Мы рады, што Валожыншчына сёння таксама ўліваецца ў адзінае сэрца Беларусі!”, — адзначыла Ірына Леанідаўна.

З самай чароўнай і казачнай зімовай парой дзяцей віншавалі Дзядуля Мароз і Снягурачка, а пасля разам вадзілі карагоды, фатаграфаваліся на памяць. Дырэктар Івянецкага дома-інтэрната Алена Перашкевіч падзякавала паважаным гасцям за падарункі і тую ўвагу, якую яны аказалі менавіта іх сацыяльнай установе. “Рабяты чакалі вас, рыхтаваліся і сёння вельмі задаволены, – падкрэсліла Алена Сігізмундаўна. – Бо Новы год – самае любімае свята не толькі для дзетвары, але і для дарослых. Гэта асаблівы час, напоўнены чараўніцтвам, чаканнем чагосьці таямнічага і незвычайнага”.

8 3

Прыемныя ўражанні ад удзелу ў акцыі атрымалі і самі ўдзельнікі мерапрыемства.

Уладзімір ФІЛІМОНАЎ, старшыня Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў:

– З Івянецкім домам-інтэрнатам сябруем на працягу многіх гадоў і вельмі даражым гэтым сяброўствам. Дзякуючы кіраўніку краіны закладзена такая цудоўная традыцыя, як дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. А дзеці – гэта і ёсць той скарб, які ўсіх аб’ядноўвае. Наша задача – падарыць ім часцінку дабра, радасці, зрабіць больш шчаслівымі. Бо клопат пра дзяцей – клопат пра нашу будучыню, пра нашу любімую Беларусь. Невыпадкова сённяшняя акцыя арганізавана ў фармаце патрыятычнага аўтапрабегу, каб паказаць наша адзінства ва ўсіх добрых пачынаннях.

Аляксандр ОСІПАЎ, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і агульных пытаннях ААТ “Мінскі малочны завод № 1”:

– Мы ўпершыню прымаем удзел у акцыі. У падарунак прывезлі салодкія пачастункі, якія выпускаюцца на прадпрыемстве: малочныя кактэйлі, сыркі, тваражкі – іх любіць уся дзетвара. Таксама падарылі ноўтбук, каб рабяты мелі магчымасць спасцігаць сучасныя лічбавыя ўстройствы і займацца на іх. Асабіста для мяне візіт у Івянецкі дом-інтэрнат – гэта добрыя прыемныя імгненні, якія ўдаюцца не так часта.

Андрэй ШУЛЬГА, намеснік генеральнага дырэктара ДА “Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці”:

– Хочацца падзякаваць Мінскі аблвыканкам, што арганізаваў розныя ведамствы: сабраліся разам, калонай вылучыліся, прыехалі, павіншавалі дзяцей. Бачна, дом-інтэрнат вельмі дагледжаны, выхаванцы задаволеныя і клопатам, і ўвагай. Сама атмасфера здзівіла і зачапіла – перапаўняюць пазітыўныя эмоцыі: прыемна, калі ад цябе людзі радуюцца, захапляюцца, што нешта добрае пакідаееш пасля сябе.