Дзіяна РУДОВІЧ з вядучым балю, вядомым беларускім акцёрам Русланам Чарнецкім
Калі на канале АНТ мільгнулі першыя кадры трансляцыі з навагодняга балю для моладзі, які з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі прайшоў нядаўна ў Палацы Незалежнасці, я амаль адразу пазнала ў адной з прыгажунь-удзельніц нашу зямлячку і тут жа патэлефанавала яе бацькам. Працаўнікі жылкамунгаса Ганна і Дзмітрый Рудовічы пацвердзілі: на экране сапраўды была іх дачка. Літаральна назаўтра мы ўжо гутарылі з Дзіянай, студэнткай-трэцякурсніцай Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва.
Ад удзелу ў грандыёзным мерапрыемстве дзяўчына ў захапленні. Па яе сцвярджэнні, цяжка прыдумаць больш значную падзею, якая б так упрыгожыла біяграфію юнай асобы ў 20-гадовым узросце. “Ведаеце, яшчэ ў дзяцінстве, чытаючы казкі і прыходзячы ў захапленне ад шыкоўных касцюмных кінастужак, не магла і падумаць, быццам насамрэч мяне, дзяўчыну з простай валожынскай сям’і, калісьці запросяць на сапраўдны баль, дзе навагодняе віншаванне і памятны падарунак атрымаю ад самога кіраўніка краіны,”– усхвалявана падзялілася ўражаннямі суразмоўца.
Дзіяна Рудовіч – выключная актывістка, спартсменка і разумніца. Нягледзячы на маладосць, яна па-сапраўднаму глыбокі, адукаваны чалавек, інтэлектуалка і цудоўны субяседнік. Наша інтэрвью паважаныя чытачы змогуць прачытаць у адным з бліжэйшых нумароў “Працоўнай славы”. А сёння непасрэдная ўдзельніца значнай для грамадска-палітычнага жыцця рэспублікі падзеі перадае жыхарам Валожыншчыны прывітанне і самыя лепшыя пажаданні з Новым годам і Калядамі.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ



