Чакаем, як самага блізкага чалавека
Наталля ПАПЛАЎСКАЯ працуе сацыяльным работнікам – абслугоўвае пажылых людзей і інвалідаў у Івянцы і Падневічах. Яе падапечныя – 13 чалавек, сярод якіх толькі адзін мужчына, а ўсе астатнія жанчыны. Сёлета да прафесійнага свята Наталля Мікалаеўна ўзнагароджана Падзякай старшыні раённага выканаўчага камітэта.
Наша гутарка адбывалася падчас чарговага наведвання адной з бабулек. Галіне Афанасьеўне (прадставілася яна) – за 90-а. “Я вам хачу расказаць пра сваю Наташу, – пачала размову на чыстай рускай мове пажылая жанчына. – Так да яе прывыкла, што чакаю, як самага блізкага чалавека. Яна ўважлівая, і, калі казаць па-простаму, – надта свойская, чым вельмі задаволена. У Івянец я патрапіла выпадкова – па волі лёсу. З 1946 года жыла ў Мінску, пачынала яго будаваць пасля вайны. Так склаліся абставіны, што пахавала дарослых сына і дачку і, каб паставіць ім помнікі, прадала кватэру ў сталіцы, а на грошы, якія засталіся, купіла сабе дом у гарпасёлку. І ўжо восьмы год пражываю тут. Нікога не ведаю, акрамя Наташы. Жывём мы дружна. Яна прыходзіць да мяне нават у нявызначаны час, за што ёй удзячна. Так, бульбу ўвосень прывезлі, тэлефаную Наташы, прашу, каб дапамагла спарадкаваць…”
Вось такая нялёгкая і няпростая гісторыя лёсу аднаго чалавека, які на старасці гадоў вымушаны быў шукаць прытулак, каб дажываць век. Але, як бачна, Галіна Афанасьеўна, дзякуючы сацыяльнаму работніку, атулена клопатам і ўвагай. Таму, па яе словах, яшчэ хоча пажыць…
Што адчувае калісьці сталічная жыхарка на новым месцы жыхарства, Наталлі Паплаўскай добра вядома. Сама яна родам з Украіны. Адпрацаваўшы два гады пасля заканчэння тэхнікума, вырашыла пераехаць менавіта ў Івянец. Было гэта ў 1988 годзе. Рашэнне прыняла не спантанна – сюды не раз прыязджала ў юнацтве да сваёй роднай сястры. Мясцовасць спадабалася, асабліва лясы, якіх у іх зусім не было – толькі адны палі. Праз год выйшла замуж, працавала спачатку на кандытарскай фабрыцы, а калі нарадзілася дзіця, пайшла на фабрыку мастацкіх вырабаў надомніцай. З цягам часу вытворчасць закрылі. Людзі падказалі, што ёсць месца сацработніка.
“Дай, думаю, паспрабую, я ж люблю дапамагаць людзям – прыемна адчуваць, што камусьці ты патрэбен, – расказвае Наталля Мікалаеўна. – У мяне матуля дома старэнькая засталася: можа, і ёй хто дапаможа”.
Прайшло ўжо больш за 15 гадоў, як Н. Паплаўская стала сваім чалавекам для многіх нямоглых жыхароў Івянецкага сельсавета. “Памятаю, як напачатку далі сям’ю інвалідаў – да іх хаджу і па сённяшні дзень. З самых “першых” засталася яшчэ адна жанчына, астатнія ўжо адышлі ў вечнасць, – гаворыць сацыяльны работнік. – У кожнага свой лёс, свае характар і погляды. Жывуць яны цяпер размераным жыццём, спакойна і павольна, больш у думках і разважаннях. Усе розныя. Напрыклад, ёсць у мяне адна жанчына, заслужаны чалавек, ёй 63 гады. Інвалід, але такая аптымістка – павучыцца многаму можна: заўсёды з прычоскай, падмаляваная. Яшчэ ў адной дачка жыве ў Славакіі. Прыходжу, а яна з ноўтбукам у руках – размаўляе па вет-сапу ці вайберу. Чатыры чалавекі ўвогуле адзінокія: простыя, рабацягі, па 40 і больш гадоў стажу маюць. Да кожнага падыход знайсці трэба – нават надвор’е ўплывае на іх самаадчуванне. Стараюся быць уважлівай і адносіцца з дабром – а яно абавязкова пральецца цеплынёй на чалавека. Глядзіш – і настрой палепшыўся, і ўсмешка, ледзьве бачная, з’явілася”.
Прыбраць у доме, прынесці ваду, дровы, купіць прадукты і лекі – штодзённыя, так бы мовіць, “афіцыйныя” прафесійныя абавязкі работніка, які абслугоўвае пажылых людзей. Але, пагадзіцеся, самае галоўнае ўсё-ткі – пагаварыць, паслухаць, паспачуваць, суцешыць. Гэта вельмі важна і проста неабходна ў такім узросце. І Наталлі Паплаўскай удалося стаць роднай душой для сваіх, убеленых сівізной, умудроных гадамі і вопытам, людзей. “Яны мне пастаянна гавораць: “Я без цябе прападу. Больш жа няма каму ў хату зайсці”, – кажа Наталля Мікалаеўна. – І я іх разумею, бо сама такая буду”.
На 1 студзеня 2022 года ў Валожынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання працуюць 102 сацыяльныя работнікі, якія абслугоўваюць 1122 чалавекі ра раёне. У агульнай лічбе маючых права на сацабслугоўванне 222 – адзінокія пажылыя грамадзяне, 287 інвалідаў.
Алена ЗАЛЕСКАЯ



