
З Ражджаством Хрыстовым усіх вас і Новым, 2022 годам! Пад урачысты перазвон званоў храма Хрыста Збавіцеля, пад бой курантаў на Спаскай вежы, аддаўшы даніну часу і падзеям, пайшоў у нябыт і гісторыю год 2021.
Святкуючы Святое Ражджаство Хрыстова, мы ўзносім хвалу і падзяку Госпаду і Збавіцелю нашаму за міласці, што Ён дараваў нам у няпростым мінулым годзе і яшчэ раз паказаў: усе іспыты, якія пасылаюцца, мы павінны прымаць з верай і надзеяй на ўсемагутную дапамогу Божую ў іх пераадоленні, на Яго вялікую любоў і міласэрнасць. Гасподзь даў нам пражыць яшчэ адзін год нашага жыцця і ўвайсці ў новы.
І сёння з душэўным трапятаннем мы просім Божага благаславення на год будучы. Святая Царква стараецца пастаянна быць з народам, радавацца людскім поспехам, служыць Айчыне і народу яе, прасіць у Госпада міру, дабрабыту, пазбаўлення варожасці і ўсяго дрэннага. Разам мы – Царква Хрыстова, і хрысціянскі, і грамадзянскі доўг кожнага з нас – знаходзіцца ў згодзе і добрым супрацоўніцтве адзін з адным, быць узаемапамяркоўнымі, дапамагаць і падтрымліваць кожнага, хто мае ў гэтым патрэбу.
Жадаю вам, мае дарагія, цярпення і разважлівасці ў рашэнні жыццёвых праблем, будзем вучыцца рашаць іх мірна і спакойна. Пастараемся помніць, што, знаходзячыся ва ўлонні Маці-Царквы, мэта жыцця ў кожнага з нас – чысціня веры і душы, дык станем падобнымі на нашу вялікую ўгодніцу Божую Софію Слуцкую (410 гадавіну яе смерці будзем адзначаць сёлета 1 красавіка). Яна, як вернае дзіця Царквы, праз усё жыццё старалася зберагчы ў чысціні і недатыкальнасці святое Праваслаўе, абараняла свой народ на нашай зямлі.
Мы ведаем, што навагоднія і калядныя святы ў кожнага аднолькава асацыіруюцца з важнай мяжой, калі старое змяняецца новым, а крыўды і праблемы саступаюць месца светлым і добрым падзеям. Няхай 2022 год адчыніць дзверы для новых здзяйсненняў, добрых знаёмстваў, моцнага сяброўства, любові і падтрымкі! Няхай стануць рэальнасцю самыя смелыя мары, усім нам, нашым сем’ям заўсёды спадарожнічаюць поспех і дабрабыт!
Як цудоўная добрая вестка аб Нараджэнні Ісуса Хрыста асвяціла свет, няхай свет гэтага вялікага свята асвеціць нашы душы і напоўніць іх цяплом, шчырай верай, дабрынёй, спакоем і гармоніяй. Няхай у нашых сэрцах пануе любоў, міласэрнасць, цярпенне, жыццё дорыць усім шчырыя пачуцці, самаадданае сяброўства, заслужаны поспех, шчасце ў сям’і, мір і надзейнасць у нашым грамадстве, росквіт беларускаму народу!
Дарагія браты і сёстры! Ад усяго сэрца зноў і зноў віншую кожнага з вас са святам, што напоўнена царскай велічы, – Ражджаством Хрыстовым. Прыношу шчырыя віншаванні з Новым годам. Няхай аддасць вам Гасподзь па малітвах і працы вашых, непагаслы свет Віфлеемскай зоркі асвеціць усе добрыя справы, кожнаму спадарожнічае міласць Божая. Мае дарагія, няхай на ўсіх шляхах жыцця заўсёды будзе з вамі святое благаславенне сына Божага, які нарадзіўся.
З Ражджаством Хрыстовым!
З Божым благаславеннем – Благачынны Валожынскай акругі,
настаяцель прыхода Святых Роўнаапостальных цара Канстанціна і царыцы Алены
ў Валожыне протаіерэй
Дзмітрый АГІЕВІЧ

Нараджэнне Тваё, Хрысце Божа наш, азарыла свет святлом ісціны. У светлую ноч Ражджаства радуецца ўсё стварэнне, бо набліжаецца і прыходзіць цяпер Гасподзь, чаканне народаў і выратаванне свету. Прышэсця Збавіцеля доўгія гады чакалі людзі, якія страцілі пасля выгнання з раю сувязь са сваім Стваральнікам, якія забыліся, як гэта радасна – штодня адчуваць прысутнасць Божую і чуць зусім побач Яго голас, мець магчымасць звяртацца да Яго – і адразу атрымліваць адказ, ведаць, што ты ў поўнай бяспецы – таму што Гасподзь побач з табой.
У думках, стоячы сёння перад яслямі Збавіцеля, адчуем сябе акружанымі любоўю Божай і аб’яднанымі вакол Хрыста. Скінем з душы кайданы боязі і недаверу, трывогі і адчаю, пачуем голас Сына Божага, Які прыходзіць на грэшную зямлю і заклікае да Сябе ўсіх спрацаваных і абцяжараных, абяцаючы ім спакой. Прыходзіць і вучыць нас жыць так, каб страчаная райская асалода зноў стала рэальнасцю і нават больш, каб чалавек мог неспасціжным і таямнічым чынам злучыцца з Госпадам.
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі КІРЫЛ

- Сёння нашы сэрцы напоўнены светлай і ўрачыстай радасцю за нараджэнне ў свет Збавіцеля, сёння кожны з нас чуе ангельскі спеў: “Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля” (Лк. 2, 14). Зноў і зноў свята Нараджэння Госпада нашага Ісуса Хрыста ўсяляе ў нашы сэрцы радасць, надзею і спадзяванне, бо “…дзіця нарадзілася нам – Сын, дадзены нам” (І9, 6). Ражджаство Хрыстова гаворыць пра вялікую любоў Бога да чалавека, любоў, якую не можа цалкам умясціць і зразумець ні чалавечы, ні нават ангельскі розум. Але гэта любоў, дзякуючы якой мы “жывём, і рухаемся, і існуем” (Дзеян. 17, 28).
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ВЕНІЯМІН

На сучасным этапе чалавецтва ў чарговы раз перажывае крызіс зносін з Богам правільным яго шанаваннем. Штодня сутыкаючыся з хлуснёй, скажэннем Божых запаветаў, мы ўсё далей аддаляемся ад Бога, спрабуючы парушыць Яго таямнічы план па выратаванні чалавецтва. Д’ябал пад рознымі падставамі, шляхам падману апускае нас у свецкую мітусню і зямныя клопаты, усяляк імкнецца зацямніць святло Хрыста сваёй вечнай цемрай. Паддаючыся гэтаму падману, мы пачынаем забываць аб тым, што па словах прападобнага Антонія Вялікага: “Самая вялікая і невылечная хвароба душы і яе пагібель – богазабыццё і ганарыстасць”, бо “Сапраўдная смерць: (настае) калі душа раз’ядноўваецца з Божай ласкай і спалучаецца з грахом” (свяціцель Рыгор Палама).
Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі ПАВЕЛ



