Паважаныя выратавальнікі Валожыншчыны, ветэраны службы!
Шчыра віншуем з прафесійным святам!
Перш за ўсё хочацца падзякаваць за нялёгкую, напружаную, рызыкоўную службу, за тое, што вы годна і добрасумленна вырашаеце задачы, якія ўскладзены на МНС. Усе яны вельмі адказныя, важныя, значныя для грамадзян і дзяржавы, бо звязаны з абаронай здароўя і жыцця людзей. Ваша прафесія – спалучэнне высокага прафесіяналізму і мужнасці. У будні і ў святы вы заўсёды на пасту, там, дзе людзям патрабуецца дапамога. Вам вядома цана секунд, а праца на мяжы сіл – звычайная справа.
Словы асаблівай удзячнасці ветэранам працы за адданасць прафесіі, дапамогу ў выхаванні маладых спецыялістаў.
Жадаем поспехаў у вашай высакароднай, запатрабаванай службе, каб надзвычайных сітуацый было як мага менш, а насельніцтва нашага раёна было больш дысцыплінаваным і адказным у пытаннях пажарнай і асабістай бяспекі. Няхай жыццё будзе напоўнена павагай і падтрымкай калег, цеплынёй і любоўю родных і блізкіх! Шчасця, здароўя вам і вашым сем’ям.
Раённы выканаўчы камітэт
Раённы Савет дэпутатаў
Упершыню аб пажарнай службе раёна ўзгадваецца ў кнізе загадаў гарадской пажарнай каманды г. Валожына 22 ліпеня 1944 года. У той час на ўзбраенні часці былі 2 ходы на коннай цязе, толькі ў 1951 годзе з’явілася першая аўтацыстэрна. Кожныя суткі на дзяжурства заступала варта ў складзе 10 чалавек. Архіўныя матэрыялы аб больш ранніх перыядах пажарнай службы Валожыншчыны страчаны ў Вялікую Айчынную вайну. У гістарычным фармуляры ёсць толькі некалькі фотаздымкаў, звязаных з пажарнымі фарміраваннямі даваеннага перыяду. Служба развівалася, удасканальвалася, з’яўляюцца новыя магчымасці, больш сучасная тэхніка, экіпіроўка, абсталяванне. Усё гэта істотна ўплывае на зыход ліквідацыі пажараў.
Прафесія, што авеяна рамантыкай
Даўно вядома, што прафесія выратавальніка-пажарнага ва ўсім свеце лічыцца адной з самых складаных і рызыкоўных. І кожны, хто яе абраў, верна служыць грамадству. Сяргей Карсакоў – сапраўды адданы сваёй справе работнік.
Сёлета споўніцца 15 гадоў, як ён служыць у органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях. За гэты час старшаму прапаршчыку ўнутранай службы давялося працаваць на розных пасадах: і камандзірам аддзялення, і дыспетчарам цэнтра аператыўнага кіравання, а зусім нядаўна мужчына ўзначаліў пажарны аварыйна-выратавальны пост № 15 вёскі Сакаўшчына.
– Чаму Вы вырашылі стаць выратавальнікам?
– Ды ўсё проста! У дзяцінстве быў энергічным, любіў спорт і актыўны адпачынак. Акрамя таго, жыў насупраць пажарнай часці, таму аб працы выратавальнікаў ведаў шмат.
– Усе думаюць, што прафесія выратавальніка авеяна рамантыкай і высакароднасцю. А як лічыце Вы?
– Рамантычнай яна здаецца грамадзянскім людзям, бо ўяўленні аб ёй фарміруюцца ў асноўным па фільмах. Там не ўбачыш страшных наступстваў пажараў і не адчуешь гэтага на сабе. Я таксама некалі лічыў, што праца ў МНС агорнута рамантыкай, але ўсё змяніў першы ж выезд на пажар. Што рабіць? Куды бегчы? Я вельмі хваляваўся, справіцца з эмоцыямі дапамог камандзір аддзялення: ён паставіў задачу, сказаў, што побач тыя, хто заўсёды дапаможа, і трывогу як рукой зняло.
– Ужо амаль 15 гадоў працуеце ў службе выратавання. Якія змяненні адбыліся?
– Самае значнае змяненне – вядома ж, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы. З’явілася новае аварыйна-выратавальнае абсталяванне, пра якое раней мы маглі толькі марыць. Але якой бы надзейнай тэхніка не была, згуртаванасць калектыву іграе галоўную ролю, а яшчэ – сям’я. Невыпадкова кажуць: шчасце – калі з радасцю ідзеш на працу і з такім жа пачуццём вяртаешся дадому. Мне пашанцавала з гэтым. Дома заўсёды чакаюць любімая жонка і дзве цудоўныя дачкі. Вы не ўяўляеце, што я адчуваю, калі пасля змены прыязджаю дадому і бачу радасныя вочы сваіх дзяўчынак.
За гады службы Сяргей Рыгоравіч праявіў сябе толькі са станоўчага боку. У яго скарбніцы граматы раённага выканаўчага камітэта, падзяка і грамата ўстановы “Мінскае абласное ўпраўленне МНС”, нагрудны знак “Выдатнік” і юбілейны медаль “160 гадоў пажарнай службе Беларусі”.
Праявілі мужнасць і гераізм
Напярэдадні свята за праяўленую мужнасць і гераізм Яўген Бібік узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік”, а вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 16 г. п. Івянец Аляксей Адамовіч – нагрудным знакам “За адзнаку” ІІ ступені.
Кожны выпадак выратавання – не момантавы поспех, а велізарная работа каманды. Гэта мужнасць і шпаркасць рэакцыі, прафесіяналізм і ўменне сканцэнтравацца, асабістая смеласць і зладжанасць дзеянняў. Важную ролю тут іграюць навыкі людзей і безадмоўнасць тэхнікі, сучаснае абсталяванне і вопыт старэйшага пакалення, вернасць абавязку і асаблівае братэрства тых, хто кожны дзень гатовы “ў агонь і ў ваду” дзеля таго, каб адваяваць жыцці іншых.
Вось адна з гісторый выратавання дзяжурнай змены пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 16 г. п. Івянец.
Увечары 2 лістапада ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення РАНС паступіла паведамленне аб дарожна-транспартным здарэнні паблізу вёскі
Яўневічы. Да месца выкліку выехалі неадкладна. Патрабавалася дапамога ў дэблакіроўцы вадзіцеля, які не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і быў заціснуты ў салоне.
Старшы пажарны пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 16 г. п. Івянец Яўген Бібік расказвае, што прыбыўшы да месца выкліку, яны ўбачылі машыну, якую развярнула перпендыкулярна дарожнаму пакрыццю: пярэдняя яе частка знаходзілася ў кювеце, заднія колы – на абочыне. З гідраўлічным інструментам мужчына падбег да аўтамабіля. Першай справай ён абясточыў акумулятар, затым накіраваўся да вадзіцеля, які не мог выбрацца самастойна і дапамог таму выйсці з машыны.
Пасля дэблакіроўкі пацярпелы быў агледжаны брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі і шпіталізаваны ў бальніцу.
Мы разам, мы – каманда…
Аляксей ЦІШКЕВІЧ, начальнік варты пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Валожына
– Прафесію выратавальніка я выбраў невыпадкова. З самага ранняга дзяцінства чуў шмат цікавых гісторый пра выратаванне людзей, паколькі большую частку свайго жыцця правёў побач з сапраўднымі агняборцамі. Дом бацькоў знаходзіцца каля пажарнага аварыйна-выратавальнага паста. Разам з сябрамі мы былі там частымі гасцямі.
У старэйшых класах цвёрда ведаў, што буду ратаваць людзей. І вось я ў шэрагах гэтых мужных людзей. І хоць служу не так даўно, упэўнены: нашы рабяты – гэта сапраўдная і згуртаваная каманда. У любую хвіліну кожны з нас можа разлічваць на падтрымку і дапамогу іншых. Прычым не толькі падчас дзяжурства.
Было шмат выпадкаў, калі нашы хлопцы, якія знаходзіліся дома, але, пачуўшы выццё сірэн, неадкладна спяшаліся на дапамогу. Я і сам не аднойчы аказваўся на пажары першым у свой выхадны дзень. Памятаю выпадак, калі ехаў па горадзе і здалёк убачыў дым. Адразу ж туды. Як аказалася, гарэў дом. Людзі былі ў такой паніцы, што нават не выклікалі пажарных.
Як толькі каму-небудзь з работнікаў або іншым людзям патрэбна дапамога, мы адразу становімся адзіным цэлым, паколькі ў нас адна задача на ўсіх – аказанне дапамогі, выратаванне маёмасці і жыцця людзей. Я ўпэўнены, што нашым хлопцам пад сілу любая задача, бо мы разам, мы – каманда, мы – сям’я, мы – беларусы.



