Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Да добрага самаадчування – праз рух

25.01.2022

25 01 2022 04 1

Кожны валожынец, хто хоць аднойчы пераступаў парог фізкультурна-аздараўленчага комплексу, у нейкай ступені знаёмы з інструктарам па фітнесу Верай Каваленка.

Калі не давялося пад яе кіраўніцтвам павышаць рухальную актыўнасць у гімнастычнай зале, то, магчыма, даводзілася ажыццяўляць пад яе наглядам заплывы ў басейне. Амаль год мінуў з той пары, калі жанчына, сама заўзятая аматарка здаровага ладу жыцця, стала займацца з наведвальніцамі дзённага аддзялення для пажылых людзей ТЦСАН.  У сацыяльнай установе для яе падапечных (у асноўным гэта жанчыны-пенсіянеркі ва ўзросце ад 60 да 84 гадоў) наладжана работа некалькіх груп, падчас заняткаў у якіх можна палепшыць самаадчуванне і нават развітацца з некаторымі захворваннямі.

   Група скандынаўскай хадзьбы. Для заняткаў у ёй цэнтрам закуплены 10 пар спецыяльных палак, яшчэ некалькі пар арандуюцца ў ДЮСШ. Калі  зусім нядаўна на людзей, што шпарка крочаць, заліхвацкі размахваючы палкамі накшталт лыжнікаў, жыхары Валожына пазіралі з лёгкім здзіўленнем, то зараз скандынаўскай хадзьбой нікога не здзівіш. Наадварот, грамадзяне з павагай ставяцца да падцягнутых, маладжавых жанчын, што “наразаюць” кругі па наваколлі. Аднак са скандынаўскай хадзьбой не ўсё так проста. Каб яна прыносіла здароўю карысць, неабходна як мінімум некалькі кансультацый спецыяліста. Пажылым жа людзям пажадана ўвесь час займацца пад яго наглядам. Паколькі ў час такога віду хадзьбы задзейнічаны літаральна кожны сустаў, кожная мышца, вельмі важна правільна правесці размінку, а таксама кантраляваць дыханне, дазіраваць нагрузку. Сёння ў цэнтры пад кіраўніцтвам Веры Міхайлаўны менавіта скандынаўскай хадзьбой займаюцца 12 чалавек. Заняткі праходзяць ля фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. У сярэднім за гадзіну ўдзельнікі групы паспяваюць прайсці 13 кругоў, што складае прыкладна 4 км. Прыемна, што супрацьпаказанні для гэтага занятку амаль адсутнічаюць.

Збор групы ў панядзелак і сераду. Час заняткаў: 11.30 – 12.30.

Група “Фітнес для пажылых”. На яго, па сцвярджэнні Веры Міхайлаўны, рашаюцца асобы, якія заклапочаны не толькі станам здароўя, але і ўласнай знешнасцю, тыя, хто жадае знізіць вагу цела, падцягнуць жывот, расправіць постаць. Паколькі ў ТЦСАН рэалізуецца праект па прадухіленні падзенняў сярод пажылых людзей, інструктар выкарыстоўвае спецыяльныя методыкі (напрыклад, цыгун, бодзіфлекс і інш.) для таго, каб яе падапечныя развівалі здольнасць утрымліваць раўнавагу, умацоўвалі спіну. Заняткі па жаданні наведвальнікаў праводзяцца з выкарыстаннем музыкі. Большасць пажылых жанчын, па назіранні Веры Міхайлаўны, не вельмі станоўча ставяцца да музычнага суправаджэння, а аддаюць перавагу выкананню практыкаванняў пад лік.

Фітнес праходзіць у фізкультурна-аздараўленчым комплексе па аўторках і пятніцах з 10.20 да 11.20.

Група ЛФК (лячэбная фізічная культура). Менавіта гэту групу часцей за ўсё выбіраюць людзі ва ўзросце за 80. Спецыяліст падчас заняткаў улічвае, што ў іх маюцца праблемы з сардэчным рытмам, суставамі, і вельмі акуратна падбірае практыкаванні і тэмп, у якім яны выконваюцца. Шмат увагі надаецца папярэджанню паркінсанізму. З методыкі цыгун задзейнічаны практыкаванні-трасучкі. Вера Міхайлаўна тлумачыць падапечным іх карысць і раіць выконваць пастаянна. Яны абавязкова дапамогуць пазбегнуць таго, калі рукі і іншыя часткі цела стануць трэсціся па-сапраўднаму.

ЛФК праводзіцца як у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры (аўторак і пятніца з 11.30 да 12.30), так і ў спартыўнай зале будынка цэнтра, што на вуліцы Набярэжнай (аўторак і пятніца з 14.00 да  15.00).

Вера Міхайлаўна паведаміла, што да пандэміі жадаючых займацца скандынаўскай хадзьбой, фітнесам ці ЛФК было больш. Аднак зараз, калі пажылыя людзі ўсвядомілі неабходнасць вакцынацыі і ўжо прайшлі працэдуру, паступова зноў вяртаюцца ў залу. Тым больш, што інструктарам падчас заняткаў створаны належныя ўмовы з улікам супраць-

эпідэмічных патрабаванняў: вытрымліваецца дыстанцыя між удзельнікамі групы, ёсць магчымасць апрацоўваць рукі, праводзіцца тэрмаметрыя.

Паважаныя грамадзяне, якія выбралі здаровы лад жыцця і не шкадуюць часу на заняткі фізічнай культурай, адзначаюць паляпшэнне агульнага самаадчування і псіхалагічнага настрою, што немалаважна ў любым узросце. Многія з іх, акрамя рухальнай актыўнасці, атрымліваюць асалоду ад зносін між сабой і з сімпатычным бязмежна пазітыўным трэнерам. Таму з энтузіязмам заклікаюць далучацца да іх актыўнага згуртавання такіх жа пенсіянераў, бо тое, што можна атрымаць падчас заняткаў, ні ў адной аптэцы не набудзеш, ды і цану на лякарствы не параўнаеш з цэннікам за заняткі скандынаўскай хадзьбой, фітнесам ці ЛФК. Сёння маецца магчымасць прыняць у групы яшчэ па некалькі чалавек. Так што ў валожынцаў, як кажуць, ёсць шанц.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Задайте вопрос