

На днях фонды Валожынскага краязнаўчага музея папоўніліся каштоўным экспанатам – унікальным гармонікам, які перадаў установе жыхар горада Валожына – Пракаповіч У.У.
Уладзімір Уладзіміравіч паведаміў, што музычны інструмент належыў яго бацьку – Уладзіміру Іванавічу, які быў заядлым гарманістам. Двухрадка “Беларусь” была зроблена на Маладзечанскай музычнай фабрыцы прыкладна ў 1977 годзе.
У той час на прадпрыемстве працавалі вядомыя майстры — Шамшур (імя і імя па бацьку невядомы), Міхаіл Пятровіч Гайдукевіч, Мікалай Рыгоравіч Шастаковіч. Свае навыкі яны шліфавалі пад кіраўніцтвам Мікалая Пятровіча Судніка, унікальнага майстра –самавучкі, які да вайны меў сваю майстэрню і вырабляў інструменты пад заказ. Мікалай Пятровіч займаўся любімай справай і пасля вайны.
Гармоні на Беларусі выраблялі многія энтузіасты. Каб вызначыць лепшага з іх, быў праведзены конкурс. Першае месца заняў гармонік, які быў зроблены рукамі Мікалая Судніка з Маладзечна. Інструмент атрымаў назву “Беларусь”. Так з лёгкай рукі Мікалая Пятровіча Маладзечанскія гармоні набылі імя і славу.
Прайшлі гады. Пераемнікаў у славутых майстроў – гарманістаў не засталося. Адышло ў нябыт і славутае прадпрыемства, пра якое ведалі далёка за межамі Беларусі. І сёння рэдка можна пачуць вясёлыя пералівы гармоні.
А раней казалі: “Вёска без гармоні, як удава…” Музыкантаў-гарманістаў у сельскай мясцовасці было некалькі. І кожны з іх стараўся быць першым…
Уладзімір Іванавіч, гаспадар нашай гармоні, быў сапраўдным віртуозам. Навучыўся граць у юначым узросце. Музыкант – самародак… Слава пра яго разнеслася на ўсю ваколіцу. Мясцовыя жыхары запрашалі яго граць на вяселлях, хрэсбінах, провадах ў армію, сямейных святах…
Я асабіста была з ім знаёма. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, Уладзімір Іванавіч заўсёды заставаўся абаяльным, жыццярадасным, ветлівым чалавекам і суразмоўцам.
Ён часта з усмешкай расказваў, як мясцовыя дзяўчаты з вялікай сімпатыяй паглядалі на гарманіста, які па–заліхвацку расцягваў мяхі двухрадкі. Як было не закахацца ў заўзятага хлопца-гарманіста, які з такім запалам выконваў польку, вальсок, кадрыль, частушкі… Ды так, што ўсе дзяўчаты заміралі ад захаплення! Самыя бойкія і смелыя былі дубінскія. Яны падпявалі ў такт гарманісту: “Ой, Валодзя, дарагі- гарманіст ты не прасты: у Казельшчыне — жанаты, у Дубіне ты – халасты!”
Спадабацца вясёламу гарманісту імкнулася кожная з іх, але ён заўсёды быў верны сваёй Лёдзі, з-за якой пакінуў родныя Маршалкі і пераехаў у Казельшчыну. Леакадзія Сямёнаўна працавала бібліятэкарам, была вясёлай, прыгожай жанчынай, цудоўнай гаспадыняй, клапатлівай маці.
Адмысловым гаспадаром быў і Уладзімір Іванавіч.Яго падворак выдзяляўся чысцінёй і акуратнасцю . Пра такіх людзей кажуць: “Майстра на ўсе рукі: і столяр, і плотнік, і жнец, і шавец, і на дудзе ігрэц…”Толькі замест дудкі ў руках Уладзіміра заўсёды спяваў гармонік.
Вось такія ўспаміны навеяў мне экспанат, які з любоўю перадаў у музей Уладзімір Пракаповіч. Калі я запытала ў яго: “Не шкадуеш? Гэта ж памяць пра дарагога для цябе чалавека?” Ён крыху падумаў, а пасля адказаў: “Мая памяць заўсёды будзе са мною. А гэта гармонь няхай дапаможа вам, супрацоўнікам музея, расказваць пра культурныя традыцыі нашай Валожыншчыны, пра такіх таленавітых землякоў-гарманістаў, якім быў мой бацька”.
Навуковы супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея Н.У. Бобрык



