
Толькі за апошні час вучаніца Дорскага філіяла Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў Валянціна КУЛІК-ПАНАРАД значна папоўніла скарбонку ўзнагарод юных талентаў Валожыншчыны.
У снежні 11-гадовая цымбалістка прыняла ўдзел у дыстанцыйным міжнародным конкурсе “Word Talent Ranking” (ЗША) і атрымала дыплом лаўрэата. Удзел у XXI міжнародным конкурсе “Digi-Talenty swieta-2021” (Польшча) таксама стаў выніковым. Міжнародны конкурс “Марозка”, што ладзіцца Міністэрствам культуры Расійскай Федэрацыі, прынёс поспех ужо ў пачатку 2022 года. Выступленне валожынкі адзначана Дыпломам 1-й ступені.
Педагог таленавітай дзяўчынкі Кацярына Собаль сцвярджае: такая вучаніца, як Валянціна, – падарунак лёсу, бо спалучэнне таленту, працавітасці, здаровай амбіцыёзнасці ў школьнікаў сустракаецца нячаста.
Сама Кацярына Вікенцьеўна выкладае музыку 10 гадоў. Ураджэнка Івянца, яна спачатку скончыла ДШМ, што ў гарадскім пасёлку, а пасля – Баранавіцкі музычны каледж. Яшчэ ў дзяцінстве, як толькі асэнсавала ўласную прыналежнасць да музычнай творчасці, зразумела: яе прызванне – дзяліцца ўласным уменнем з дзецьмі. Асаблівае задавальненне адчувае, калі вучань дасягае дастатковага майстэрства, каб з ім можна было сыграць дуэт.
Цымбалы – старадаўні, досыць складаны інструмент. Акрамя неабходных любому музыканту слыху і пачуцця рытму, цымбалісту неабходна мець шмат спецыфічных якасцей. У першую чаргу – пластычныя рукі з так званым мяккім запясцем. Сапраўды, назіраць за выканаўцамі надзвычай цікава, бо здаецца, быццам іх далоні пырхаюць над інструментам так, што за імі немагчыма ўсачыць. Да таго ж, каб прагучала адна нота, малаточкам патрэбна ўдарыць адразу па трох струнах, а гэта патрабуе вялікай засяроджанасці і дакладнасці рухаў.
Каб ужо ў такім узросце паказваць выключныя вынікі, дзяўчынцы з Дораў даводзіцца займацца шмат і абавязкова натхнёна. Нават у дні, калі заняткі з педагогам не запланаваны, Валюша мэтанакіравана прыходзіць у клас, дзе самастойна адпрацоўвае навыкі, даводзіць да кандыцыі новыя нумары. Пры гэтым яна – выдатніца ў агульнаадукацыйнай школе. Выключнай эрудзіраванасці па многіх пытаннях, начытанасці гэтай пяцікласніцы можа пазайздросціць і дарослы інтэлектуал.
Сёння яе асабістая праграма ўключае столькі твораў, што хапіла б на паўнаважную праграму. Пакуль да сапраўднага канцэрту не дайшло, з завальненнем выступае на школьных мерапрыемствах. Вялікім гонарам палічыла магчымасць іграць для жыхароў і гасцей Валожына падчас Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь летам мінулага года. Найбольш адказным момантам свайго жыцця лічыць удзел у рэгіянальным конкурсе імя Жыновіча, дзе выканала пяць кампазіцый, у выніку чаго заваявала дыплом 2-й ступені.
Сярод любімых твораў, з якімі ўжо выступала, – “Лізгінка” Арама Хачатурана, “Оblivin” Астара Пьяцолла, “Цырк Рэнца” Густава Петэра. Зараз з галавой у развучванні саўндтрэка з фільма “Піраты Карыбскага мора”. Увогуле ж дзяўчынка аддае перавагу класічнай музыцы, менавіта яе слухае ў вольную часіну. Марыць сыграць складаныя кампазіцыі, якія патрабуюць адмысловага майстэрства, як, напрыклад, “Палёт шмяля” Мікалая Рымскага-Корсакава ці “Турэцкі марш” Вольфганга Амадэя Моцарта. Пры яе таленце і старанні гэта рэальна. Ва ўсякім разе яе настаўніца ў сваёй гадаванцы ўпэўнена.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ
Фота Таццяны КУЛІК-ПАНАРАД



