Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Пануе "амікрон"

14.02.2022

Слова “амікрон” апошнім часам, бадай, самае часта ўжываемае сярод беларусаў. Пра тое, што гэты штам каранавіруса да нас абавязкова завітае, мы ведалі, бо краіны Еўропы падобная хваля накрыла яшчэ раней. Даступнай была і інфармацыя пра неверагодную кантагіёзнасць штама. І ўсё ж, літаральна за адны-двое сутак у канцы студзеня колькасць захварэўшых пабіла рэкорды. Па афіцыйных звестках, статыстычная лічба, якая дагэтуль не вельмі палохала, раптоўна падскочыла і з кожным днём паказвае рост.

Па словах загадчыка паліклінікі Аляксандра Бурака, “амікрон” сёння практычна выцесніў усе іншыя штамы каранавіруса. 95% узятых мазкоў даюць станоўчы вынік. У Валожыне грамадзяне па-сапраўднаму адчулі раптоўнае “нападзенне” “амікрона” 30-31 студзеня. Людзі з сімптомамі прастуды літаральна запаланілі памяшканні, адведзеныя пад так званы КІЗ (кабінет інфекцыйных захворванняў). Тэмпература, боль у горле, кашаль, катар, ламата ў целе, дыярэя, высыпанні на скуры… Здольнасць штама хутка распаўсюджвацца спрыяе таму, што адзін захварэўшы “дзеліцца” вірусам з вялікай колькасцю людзей, а ў іх сімптаматыка праяўляецца ўжо праз 6-9 гадзін пасля пападання інфекцыі ў арганізм. Моц сімптомаў залежыць ад таго, у якім стане ўвогуле знаходзіцца здароўе чалавека – у аслабленых, з хранічнымі захворваннямі людзей ён размнажаецца больш актыўна. Па сутнасці, праяўленне “амікрона” рэдка дае складаную карціну, а людзі, падрыхтаваныя да сустрэчы з ім з дапамогай прышчэпкі, увогуле пераносяць захворванне лёгка.

На жаль, Аляксандр Аляксандравіч не парадаваў паведамленнем, якое б давала надзею на тое, што чарговая хваля каранавіруснай інфекцыі ідзе на спад. Наадварот, па яго сцвярджэнні, гэта яшчэ пачатак. Палохацца не трэба. Усё ж “амікрон” рэдка дае пнеўманію і іншыя ўскладненні. Дастаткова сімптаматычнага лячэння даступнымі лекавымі сродкамі. Няма неабходнасці людзям, якія пераносяць захворванне як звычайнае ВРЗ, імкнуцца на прыём у КІЗ, асабліва зараз, калі на аснове лакальных нарматыўных актаў устаноў маецца магчымасць знаходзіцца дома без ліста непрацаздольнасці. Падобная мера дазваляе здымаць нагрузку з медыкаў, бо яны, на жаль, таксама хварэюць (менавіта таму колькасць людзей у чарзе пакуль не змяншаецца). Дзякуючы таму, што ў мінулыя выхадныя КІЗ працаваўі, знялася напружанасць з першых працоўных дзён. Аднак валожынцы працягваюць хварэць і заражаць адзін аднаго. Хоць штодня закрываюцца каля ста бальнічных, адкрываецца прыкладна такая ж колькасць новых. Тут, як кажуць, неабходна пацярпець. Ну і, безумоўна, менавіта ў гэты перыяд асабліва важна пазбягаць лішніх кантактаў, не наведваць месцы, дзе бывае масавы наплыў людзей, захоўваць дыстанцыю ў магазінах і іншых установах, абавязкова насіць ахоўныя маскі (асабліва тым, хто кашляе і чхае) і не забываць пра гігіену рук.

Па-ранейшаму самым дзейсным сродкам у барацьбе з каранавірусам застаецца вакцынацыя. А. А. Бурак упэўнены: прышчэпкі патрэбна рабіць усім, каму яны паказаны і ў каго няма сімптомаў захворвання. Чакаць спаду хвалі няма сэнсу. Ужо сёння неабходна турбавацца пра стварэнне імунітэту да каранавіруса, які пастаянна муціруе, бо наяўнасць антыцелаў дазваляе, калі не пазбегнуць захворвання ўвогуле, то хаця б перанесці яго ў лёгкай форме. Апошнім часам у працэдурны кабінет райпаліклінікі прыходзяць тыя, хто паўгода таму ўжо прымаў вакцыну і зараз жадае зрабіць рэвакцынацыю.

У Валожынскім раёне, як і па ўсёй Беларусі, набірае абароты вакцынацыя дзяцей і падлеткаў. Каб даведацца, як наладжана работа па прышчэпках сярод гэтай катэгорыі насельніцтва, мы звярнуліся да галоўнага ўрача-педыятра Ірыны Юхноўскай.

Ірына Аляксандраўна адзначыла наступнае. Доўгі час існавала ўстойлівае меркаванне, быццам каранавірус для дзяцей небясечны, таму няма сэнсу іх ад яго абараняць. Аднак за апошні час вірус муціраваў так, што доля дзяцей з больш цяжкім працяканнем захворвання значна вырасла. І хоць гэта непараўнальна з больш высокімі лічбамі цяжкіх выпадкаў, ускладненняў і смяротнасці ў пажылых пацыентаў, усё ж патрэбна прызнаць: дзеці таксама могуць хварэць у цяжкай форме.

Каб знізіць падобную рызыку, медыкі настойліва раяць рабіць дзецям прышчэпкі. Вакцынацыя дзяцей ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў праводзіцца з дапамогай двухкампанентнай вакцыны “Вірацэл” (Кітай). Сярод дзяцей Валожыншчыны, што ўжо зрабілі прышчэпку (а гэта каля 100 чалавек), ніякіх адмоўных наступстваў не зафіксавана. У Валожыне вакцынацыя праводзіцца ў чыстай зоне дзіцячай кансультацыі (2-і паверх паліклінікі). Жыхары сельскай мясцовасці могуць трапіць на працэдуру ў мясцовыя ўстановы аховы здароўя. Юнага пацыента на прыём да ўрача павінны прывесці бацькі. Можа гэта зрабіць і школьная медсястра. Магчымы і прыезд у навучальную ўстанову спецыяльнай брыгады. Толькі абавязкова маці ці бацька павінны падпісаць згоду на вакцынацыю, якая праводзіцца не раней як праз 6 месяцаў пасля перанесенага захворвання ў два этапы з інтэрвалам у 21-28 дзён унутрымышачна ў верхнюю трэць пляча. Пацыент знаходзіцца пад наглядам медыкаў не менш за 30 хвілін. Вакцынацыя паказана ўсім асобам, старэйшым за 12 гадоў, галоўнае, каб адсутнічалі супрацьпаказанні. У хлопчыкаў і дзяўчынак, якім ужо зроблена прышчэпка, ці ўвогуле не наглядалася ніякіх рэакцый, ці адчуваўся нязначны боль у руцэ.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Задайте вопрос