15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў
Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў мы з ветэранам Афганскай вайны, падпалкоўнікам у адстаўцы Алегам МАТУСАМ пабывалі ў музеі РАУС. Разам з былым пагранічнікам пагарталі яго армейскі альбом, абмеркавалі інфармацыю, што размешчана на стэндзе, аформленым у гонар праваахоўнікаў, якім давялося быць непасрэднымі ўдзельнікамі тых падзей…
ЗЯМЛЯК, ПАГРАНІЧНІК, АФІЦЭР
15 лютага – дата, калі апошні савецкі салдат перайшоў праз мост пагранічнай ракі Амудар’я пад Тэмезам. Лічыцца, што ў той дзень завяршыўся вывад войск СССР з Афганістана. Мала хто да гэтай пары ведае: пазней за іншых адтуль выходзілі не армейскія часці і не спецназ. Апошнюю старонку трагічнага і адначасова слаўнага перыяду ў гісторыі СССР закрывалі “зялёныя фуражкі”. Факт таго, што пагранвойскі ўвогуле ўдзельнічалі ў афганскіх падзеях, не афішыраваўся. Таму асабіста для мяне стала адкрыццём, што Алег Матус – воін-інтэрнацыяналіст з Брылькоў – былы пагранічнік.
З Алегам Віктаравічам знаёмы даўно. Мужчына – былы праваахоўнік, падпалкоўнік у адстаўцы. Кожны год перасякаемся падчас сустрэч воінаў-інтэрнацыяналістаў. І вось нарэшце ўгаварыла зрабіць матэрыял для публікацыі. Патрэбна адзначыць: у гэтым пытанні знайшла падтрымку ў кіраўніцтва РАУС (там Алег Віктаравіч зараз працуе вадзіцелем). У райаддзеле ўнутраных спраў маецца хоць і невялікі, але добра абсталяваны музей, дзе сярод іншых экспанатаў знаходзіцца стэнд, прысвечаны супрацоўнікам-афганцам. Калі папрасіла намесніка начальніка па ідэалагічнай рабоце Аляксандра Акушку прадаставіць магчымасць паглядзець фотаздымкі, той прапанаваў, каб менавіта непасрэдны ўдзельнік падзей суправаджаў мяне ў музей. Там і адбылася наша гаворка.
ДА ТАГО, ЯК…
Алег нарадзіўся ў Калінінградскай вобласці, аднак бацькі – з Валожыншчыны. Яны вярнуліся на Радзіму, калі сыну было 3 гады. Скончыўшы СШ № 1 г. Валожына, паступіў у Навапольскі тэхнікум. Паколькі ўстанова адносілася да Мінскага раёна, у Армію навучэнцаў забіралі са сталіцы. Рослы, спартыўны, ён службы не баяўся, тым больш, што патрыятычнае выхаванне ў савецкіх школах было на высокім узроўні, а, значыць, падлеткі ставіліся да прызыву як да ганаровага абавязку.
Справа была ў 1987 годзе, таму з самага пачатку меў усе шанцы трапіць у гарачую кропку, якую ўжо тады ўсе называлі “Афган”, але пра гэта не задумваўся. Так склалася, што з бліжэйшага акружэння ў далёкай усходняй краіне не пабываў ніхто. І такія словазлучэнні, як “выхад з акружэння”, “трапіць пад абстрэл”, “груз 200”, уяўляліся чымсьці нерэальным. Якая вайна? Якая смерць? На дварэ канец 80-х гадоў ХХ стагоддзя!
Ужо ў вучэбцы Пенджскага пагранатрада (Таджыкістан), дзе праходзіў курс маладога байца, даволі сур’ёзна паглыбіўся ў тэму. Інструктары і педагогі, якія працавалі з моладдзю, не хавалі інфармацыю аб тым, што двойчы іх вучэбку (а гэта на граніцы з Афганістанам) басмачы “выразалі” пад чыстую – забівалі кожнага, хто там знаходзіўся. Юны беларус мог на свае вочы бачыць тэрыторыю рэспублікі, дзе вяліся баявыя дзеянні, чуў стрэлы, выбухі, гук верталётаў, нават крыкі на незнаёмай мове раз-пораз дасягалі вучэбнага пункта.
ЗГОДЗЕН!
Яго размеркавалі на заставу ў Курган-Цюбінскую вобласць, адтуль трапіў у Тэрмез (Узбекістан) у школу сяржантаў. Там базіраваўся дэсантна-штурмавы атрад. Маладыя салдаты, з чыіх галоў яшчэ не выветрылася прага рамантыкі, часам з зайздрасцю назіралі за байцамі ў “варшаўках” (форма пясочнага колеру) і ў красоўках ці берцах замест армейскіх ботаў. Праўда, часам можна было бачыць і параўноўваць карцінкі: вось бравыя вайскоўцы загружаюцца ў верталёт, а вось са стомленым выглядам вяртаюцца з баявых заданняў, прычым многія з раненнямі (то галава перавязана, то нага ці рука). Гэтыя моманты не палохалі, наадварот, натхнялі юнакоў на жаданне стаць такімі ж “крутымі” і бывалымі героямі. А моманты, калі даводзілася назіраць за працэдурай уручэння ўзнагарод, наводзілі на думку папрасіцца туды. Таму, калі нарэшце прагучала пытанне: “Ці згодзен на накіраванне ў Афганістан?”, ніводзін з саслужыўцаў Алега не сказаў: “Не”.
Выбралі пецярых. Ён – у тым ліку. Пачалася спецыяльная падрыхтоўка. Усе віды ўзбраення, рукапашны бой… “Адпраўляючыся туды, няўжо не думаў пра бацькоў?” – пытаюся ў суразмоўцы. Адказ: “Стараўся не думаць. Атрымлівалася, пакуль не трапіў пад першы абстрэл. Панікі не было, але ўсё жыццё перад вачамі прамільгнула, родных убачыў… Але так рэагаваць пастаянна немагчыма. Тое, што можаш загінуць, востра адчуваецца спачатку, а пасля прывыкаеш да гэтай думкі і, засяродзіўшыся на канкрэтных задачах, быццам унутрана расслабляешся”.
ЯК НА ВАЙНЕ? ЯК НА ВАЙНЕ…
2-я мотаманеўраная група. Горад Тулукан. Алег – камандзір стралковага аддзялення. На месца дыслакацыі прыбылі на верталёце. Падчас палёту не маглі зразумець, чаму ён праходзіць па такой незвычайнай траекторыі: быццам паўтараюцца абрысы гор – то ныралі ўніз, то набіралі вышыню. Бывалыя патлумачылі: каб не збілі. Пакуль з адной паветранай машыны высаджваюцца байцы, іншая кружыць побач – прыкрывае. Навічкі, аказаўшыся на адкрытым месцы, з цікавасцю аглядаюцца наўкола. Тут жа іх літаральна за каўнер хапаюць “старыя” і піхаюць у цень дрэў, маўляў, “жыць надаела?”. Пазней даведаліся, каля ляцелі, трапілі пад абстрэл, аднак тое, чаго не разумелі, не напалохала…
Што ўсё сур’ёзна, усвядомілі ў першы ж дзень пасля кароткага лікбезу: па адным не адлучацца, заўсёды мець пры сабе гранату. Навошта? У палон каб не трапіць, бо тыя, з кім гэта здарылася, пазайздросцілі мёртвым. Таму граната – для сябе. На ўсялякі выпадак. Расказ Алега спакойны, без асаблівай эмацыянальнай афарбоўкі. І ўсё ж мне, чалавеку ўражліваму, адразу малююцца яскравыя карціны. Дзеці ад 18 да 20 гадоў з запыленымі тварамі і зброяй у руках рыхтуюцца даць адпор вопытным баевікам… Яны давалі. Задача пагранічнікаў простая: адцягваць увагу бандфарміраванняў ад граніцы, браць яе на сябе. Бралі. Баі былі няроўныя. Уся надзея на тое, што своечасова падаспее дапамога. Інакш – у кішэні ёсць граната…
СТАЛЕЛІ НАШЫ ХЛОПЧЫКІ
Тулукан, Кундуз, іншыя населеныя пункты… Месцы дыслакацыі мяняюцца часта. Эмацыянальнасць даўно пакінула. Від калон, якія ў адзін бок рухаюцца ў поўным складзе, а вяртаюцца – у значна меншым, такога жаху, як у першыя дні, не выклікаюць. Гэта ж вайна, а на ёй бываюць страты. Я слухаю расказ Алега пра тое, як упершыню пачуў свіст куль над галавой, і думаю: “Як жа хутка давялося сталець тым хлопчыкам, як балюча развітваліся яны з рамантычным настроем, як жорстка самі інструктавалі навічкоў, што прыбывалі на месцы загінуўшых таварышаў”.
Быт афганцаў… Асобная старонка тых падзей. Стаянка. Тэхніка (БТРы, аўтамабілі) – па крузе. Сон – па чарзе. На адну “браню” (пяць чалавек і сабака) – мяшок прывазной вады. Калі прыбудзе наступная – невядома. Харчаванне – у асноўным “сухпаёк”. Бывалі і макарона, тушонка, вітаміны “Рэвіт” (са складоў арміі Громава). Спрабавалі нават мяса дзікабраза. Нічога, пайшло.
Пасля афіцыйнага вывядзення войск пагранічнікі яшчэ нейкі час знаходзіліся па-за межамі СССР. Кантралявалі перапраўку тэхнікі праз пантонны мост. А затым – верталёт і… Бывай, Афганістан! Бывайце, баявыя таварышы!
МІРНАЕ ЖЫЦЦЁ
Алегу Матусу пашанцавала. Пазбегнуў ранення, блізкіх сяброў не страціў. Нават так званы афганскі сіндром яго, асобу з моцнай псіхікай, не закрануў. Вярнуўся жывым і здаровым у абдымкі шчаслівай радні. Ажаніўся. Выгадаваў дзвюх дачок. Годна нёс службу ў міліцыі, зарабіў пенсію. І сёння запатрабаны. Хоць выглядае даволі молада, даўно – дзядуля двух унукаў. Ён адзін з тых, хто ўсёй душой падтрымлівае афганскае братэрства. Стараецца ніколі не прапускаць традыцыйную сустрэчу інтэрнацыяналістаў. Шчыра перажывае за таварышаў, да якіх лёс быў значна менш літасцівы, чым да яго. Вядома, афганцы сваіх не кідаюць, аднак, як прызнаецца Алег Віктаравіч, хацелася б, каб адпаведныя службы больш пільную ўвагу звярнулі на асобных людзей, бо, перажыўшы вайну, яны не змаглі справіцца з болем, што атруціў душу, і прыстасавацца да звычайнага жыцця. Асабіста для сябе ён не просіць нічога. РАУС – структура, дзе моманты па падтрымцы воінаў-інтэрнацыяналістаў адладжаны добра. Яму, уладальніку баявых узнагарод – медалёў “За адзнаку ў ахове Дзяржаўнай граніцы СССР” і “За баявыя заслугі”, не даводзіцца прасіць аб матэрыяльнай дапамозе і свабодным ад працы дні ў Дзень памяці. А вось пра многіх сяброў падобнага не скажаш. Далёка не ўсе работадаўцы знаходзяць час, каб задумацца над тым, якой важнай падзеяй становіцца гэты дзень для афганцаў, якімі зняважанымі яны адчуваюць сябе, калі чуюць: “Мы цябе туды не пасылалі…” Сапраўды, не пасылалі. І краіна была іншай, і яе палітыка. Але ж і яны туды не сваім адумам накіроўваліся, каб развітвацца са здароўем і жыццём. Сёння, калі вялікая ўвага надаецца ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі, думаю, такіх выпадкаў быць не павінна.
УРАЖАННЕ
Жанчыне даволі цяжка разабрацца ў некаторых момантах гутаркі, асабліва тых, што тычацца непасрэдна баявых дзеянняў, зброі, адметнасцей баявых задач пагранічнікаў. Аналіз разведданых, рэкагнасцыроўка, макет мясцовасці, аперацыя, мінамёт, гранатамёт, АГС-17, МІ-8… Гэтыя тэрміны асабіста мне мала аб чым гавораць… Але справа не ў падрабязнасцях. Іх любы ветэран-афганец можа прывесці мноства. Справа ў тым, што, нягледзячы на даволі будзённы тон майго суразмоўцы, у яго словах я ўлоўліваю сапраўдны гонар. Гонар салдата, які расказвае галоўнае: ваяваў, як дыктавала прысяга, а значыць, выконваў воінскі доўг. І не важна, як і хто з пункту гледжання палітыкі ставіцца да афганскіх падзей. Яны, простыя савецкія хлопцы, у палітыцы не разбіраліся. Яны далі клятву і, нягледзячы ні на што, выконвалі загады камандзіраў. Такое было выхаванне. Такім вырасла тое пакаленне. Такім яно ўвайшло ў гісторыю.
Неаб’яўленая вайна ў Афганістане доўжылася 9 гадоў 1 месяц і 18 дзён.
Звыш 14 тысяч савецкіх воінаў загінулі на чужой зямлі,
6 тысяч пайшлі з жыцця ад наступстваў раненняў і набытых захворванняў,
311 чалавек прапалі без вестак.
Гэта самыя значныя страты Савецкай Арміі з часоў Вялікай Айчыннай вайны…
Валянціна КРАЎНЕВІЧ



