21 лютага – дзень землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы
Землеўпарадкавальная служба бярэ пачатак яшчэ з 1398 года, калі беларусы ўжо мералі зямлю і займаліся складаннем карт. Менавіта тады і з’явіліся першыя пасведчанні аб дзяржаўных зямельных актах, якія называлі ездакамі. З таго часу яна істотна змянілася: былі і рэформы, і рэарганізацыі. Апошняя адбылася ў 1997 годзе, калі аб’ядналіся землеўпарадкавальная і картографа-геадэзічная службы, і быў створаны Дзяржаўны камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь.
У апошнія гады цікавасць да зямлі ў грамадзян значна павялічылася: у прыватнасці, цяпер, згодна з заканадаўствам, перш чым атрымаць дакумент на дом, неабходна ў абавязковым парадку аформіць уласнасць на зямлю. Таму будаўніцтва жылля ці пераафармленне яго ў спадчыну пачынаецца менавіта з дакумента, які зацвярджае правы на зямлю. А для гэтага ўласніку неабходна звярнуцца ў землеўпарадкавальную службу.
Адным з самых вопытных работнікаў землеўпарадкавальнай службы райвыканкама з’яўляецца галоўны спецыяліст, замацаваны за Ракаўскім сельвыканкамам, Марына ШНІП. Па адукацыі яна тэхнік-архітэктар. Працоўную дзейнасць пачынала ў праектным інстытуце “Мінграмадзянпраект”, а з 1994 года курыруе зямельныя пытанні ў ракаўскай зоне. Участак работы цікавы і разам з тым досыць складаны, пытанняў узнікае шмат, таму што ў большасці забудоўшчыкамі з’яўляюцца мінчане.
Зямля тут самая запатрабаваная і самая дарагая.
На сёння ў склад сельсавета ўваходзяць 64 населеныя пункты, дзе пражываюць каля 5,5 тысячы жыхароў. Акрамя гэтага, на тэрыторыі сельсавета размешчаны 75 садаводчых таварыстваў, у кожным з іх налічваюцца ад 200 да 500 участкаў.
Менавіта ў Ракаўскім сельсавеце хуткімі тэмпамі вядзецца будаўніцтва жылля. Напрыклад, толькі за мінулы год да спецыяліста землеўпарадкавальнай службы для абслугоўвання жылых дамоў і афармлення матэрыялаў на зямельныя ўчасткі паступілі 240 заяў ад грамадзян, таксама былі зроблены больш за 150 неабходных дакументаў. Летась выдзелены 40 новых участкаў для будаўніцтва ўласных дамоў, з пачатку гэтага года – ужо 4.
З нагоды прафесійнага свята Марына Шніп – наша суразмоўца.
– У Ракаве зямля заўсёды карысталася попытам. Да 2007 года ўчасткі ў асноўным адводзіліся толькі мясцовым жыхарам – гарадскім увогуле не дазвалялася. Пасля выдання 667 указа з’явіліся тры чаргі для прадастаўлення зямельных участкаў. На сёння яна адна. Згодна з заканадаўствам, любы грамадзянін мае на гэта права пры іх наяўнасці. Актуальны пералік свабодных участкаў знаходзіцца ў адкрытым доступе на сайце райвыканкама, пастаянна абнаўляецца, уносяцца новыя ўчасткі, старыя забіраюцца.
– Наколькі вырасла колькасць жадаючых пабудавацца ў параўнанні з некалішнімі гадамі?
– Напрыклад, зараз у чарзе стаяць 170 жадаючых на атрыманне зямельных участкаў у Ракаўскім сельсавеце. За апошнія дзесяць гадоў значна разбудаваліся населеныя пункты Кучкуны, Бузуны, Міхалова, Выганічы, новыя ўчасткі пад 110 дамоў выдзелены па вуліцы Баравой у Ракаве. У Выганічах ужо зроблены праект дэталёвай планіроўкі на 86 участкаў, зараз рыхтуецца праект на сеткі камунікацый. У планах – выраб праекта дэталёвай планіроўкі на раёны індывідуальных забудоў у вёсках Навіны і Кучкуны.
– Марына Іванаўна, што самае важнае ў Вашай рабоце?
– Зносіны з грамадзянамі, якія прыходзяць, і ім неабходна даць усю патрэбную інфармацыю: пра зямельныя ўчасткі, іх колькасць, як яны будуць прадастаўляцца, якія патрабаванні, колькі будзе каштаваць, якія неабходна прадаставіць даведкі, як набыць з аўкцыёну, дзе знайсці гэты ўчастак, дзе ён размешчаны, якія камунікацыі там ёсць.
– Вы можаце сказаць, што нашы грамадзяне валодаюць прававым заканадаўствам?
– Не проста валодаюць, а добра ведаюць. Так, на зямельныя ўчасткі, якія прадаюцца з аўкцыёну, указаны толькі кадастравы нумар, згодна з якім яны хутка яго знаходзяць.
– Якой плошчай выдаткоўваецца зямля для будаўніцтва дома?
– Максімальная плошча – 0,15 гектара. На працягу года з моманту выдзялення гаспадар павінен правесці будаўніча-мантажныя работы – закласці фундамент, а на працягу трох гадоў – закончыць будаўніцтва. Калі не паспеў, то тэрмін можа быць падоўжаны яшчэ на два гады. Таксама можна закансерваваць фундамент і прадоўжыць тэрмін будаўніцтва.
– Ведаю, што спецыялісты землеўпарадкавальнай службы займаюцца не толькі выдзяленнем зямельных участкаў?
– Так. Канфіскацыя іх праз суды – таксама наша работа. Ёсць зямельныя спрэчкі, што цягнуцца па 5-6 гадоў, і па іх праходзіць па некалькі пасяджэнняў. На жаль, такія канфліктныя сітуацыі не зжылі сябе.
– Калісьці часта можна было пачуць, што некаторыя гаспадары-ўласнікі не заўсёды “дзялілі” межы паміж суседзямі. Як на сёння новае пакаленне домаўладальнікаў ставіцца да гэтага пытання?
– Цяпер у кожнага грамадзяніна ёсць пасведчанне аб рэгістрацыі. Бывае, што ў некаторых дакументах дапушчаны памылкі – інстытут няякасна правёў работы. І зараз, каб змяніць межы, патрэбна ці добраахвотная згода грамадзян паміж сабой, ці адмена рэгістрацыі праз суд. А гэта – вялікія выдаткі.
– Як спецыяліст-практык з вялікім вопытам работы, што б Вы параілі ў такім выпадку?
– Зразумела, што спрэчкі ўзнікаюць у асноўным пры ўступленні ў права спадчыны ці куплі-продажы. У нас ёсць старыя польскія забудовы – там вельмі вузкія зямельныя ўчасткі. Людзі ж, набыўшы дом, хочуць расшырацца: падвесці камунікацыі, пабудаваць кацельню, каб ацяпляцца газам. А цяперашнія нормы не дазваляюць узвядзенне ўсяго гэтага. Вось тады і пачынаецца вылічванне “сантыметраў”. Таму хочацца пажадаць новым гаспадарам, каб яны ўсё-такі знаходзілі паразуменне са сваімі суседзямі і вырашалі праблемы, так бы мовіць, палюбоўна: ім жа далей жыць побач.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА



