
Дзеці – самае дарагое, што ёсць у нашым жыцці. Кожная маці, адпраўляючы сваё дзіця ў сад, хоча, каб яму было камфортна, утульна, для яго былі створаны ўсе ўмовы для развіцця і выхавання. Сістэма дашкольнай адукацыі ў нашай краіне працягвае развівацца, улічваючы запыты бацькоў і патрабаванні часу. У Валожыне працуюць чатыры дашкольныя ўстановы. Але горад разрастаецца, будуюцца новыя жылыя комплексы для маладых сем’яў і павялічваецца колькасць дзяцей у дзіцячых садах.

Да ведама. На пачатак навучальнага 2021 года ў ДУА “Дзіцячы сад № 3” налічвалася 136 дзяцей. Яны размяшчаліся ў 6 групах па 27-30 чалавек. Пасля адкрыцця новых памяшканняў будзе 8 груп з колькасцю да 20 чалавек у кожнай. Дадатковыя групы арганізаваны на месцы сацыяльнага прытулку. Ён быў закрыты ў 2020 годзе па прычыне незапатрабаванасці. На працягу 2021 года ў памяшканнях праводзіўся рамонт, на які было выдаткавана 40000 рублёў з абласнога бюджэту і 206117,49 рубля з раённага бюджэту.
У панядзелак адбылося ўрачыстае адкрыццё філіяла дзіцячага яслі-сад № 3 у Валожыне. Ён размясціўся па адрасе: вуліца Партызанская, 15 – у будынку ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, дзе калісьці знаходзіўся сацыяльны прытулак.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Яўген КРУКОВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр БІБІК, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Таццяна КРЫКАЛА. З радаснай для ўсіх падзеяй прысутных павіншаваў кіраўнік раёна.
“Сёння мы зробім вельмі важную справу, бо маем патрэбу ў забеспячэнні дашкольнымі месцамі маленькіх валожынцаў, – адзначыў Яўген Міхайлавіч. – Упэўнены, што памяшканні ў хуткім часе напоўняцца дзіцячым смехам, і выхаванцы з задавальннем будуць прыходзіць сюды. Тут створаны ўсе неабходныя магчымасці для ўсеагульнага развіцця дзяцей. Таксама ў будучым пастараемся знайсці магчымасць і пераабсталяваць трэці паверх для размяшчэння там яшчэ двух груп дашкольнікаў”.




Новая мэбля, цацкі, з густам аформленыя памяшканні. Адчуваецца, усё зроблена для таго, каб дзеткам хацелася раніцай з вялікім жаданнем прыходзіць у дзіцячы садок. Для зручнасці арганізаваны асобныя спальныя памяшканні і гардэробны пакой для верхняга адзення. Месцы для навучання дзяцей абсталяваны сучаснай мэбляй. Ёсць куток для заняткаў па пажарнай бяспецы і правілах дарожнага руху. У музычнай зале выхаванцы змогуць не толькі спяваць, танцаваць, але і іграць на інструментах, займацца фізкультурай. У кабінеце псіхолага-дэфектолага будзе камфортна займацца развіццём мовы. Для метадычнай дапамогі і падтрымкі выхавацеляў абсталяваны інфармацыйны цэнтр. Для гульняў на свежым паветры з’явяцца новыя пляцоўкі. Папоўніўся і штат выхавацеляў у садзе. Адкрыццё новых груп дазволіла стварыць працоўныя месцы.



