Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Забыць нельга пра вайну

21.02.2022

19 лютага ў раённым цэнтры культуры адбыўся раённы фестываль-конкурс выканаўцаў ваенна-патрыятычнай песні “Вікторыя”, які па традыцыі праходзіць напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны.

Адкрыла мерапрыемства старшыня журы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Жданюк. Яна адзначыла, што ваенна-патрыятычныя песні ўвасабляюць сабой дух салдат, нашых дзядоў і прадзедаў, што змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, дзякуючы якім мы сёння жывём пад мірным небам у свабоднай і незалежнай краіне. У той час гэтыя творы натхнялі байцоў, а сёння яны дапамагаюць нам захоўваць гістарычную памяць.

У праграме прагучалі 18 твораў ваенных гадоў і сучасных аўтараў. Іх выконвалі салісты, дуэты, вакальныя калектывы, якія прадстаўлялі ўстановы культуры і адукацыі, Валожынскую дзіцячую школу мастацтваў, воінскую часць 30695, сельскагаспадарчы прафесіянальны ліцэй, у трох узроставых катэгорыях ад 12 да 31 года. Прысутныя дружнымі апладысментамі сустракалі ўсім добра вядомыя “Кацюшу”, “Баладу пра салдата”, “Даваенны вальс”, “Развітальную камсамольскую”, “Я хачу, каб не было больш вайны”, “Да пабачэння, хлопчыкі” і інш.

За некалькі хвілін маладыя артысты стварылі непаўторныя, запамінальныя вобразы. Кампетэнтнаму журы было вельмі складана вызначыць сярод іх лепшых. У выніку абмеркавання ў намінацыі “За выканальніцкае майстэрства” пераможцамі сталі Кіра Белашэўская з Пяршайскага вучэбна-педагагічнага комплексу, Ганна Шакун з сярэдняй школы № 2 г. Валожына і салістка Івянецкага дома культуры Марыя Вайткевіч.

Дыпломы “За прапаганду патрыятычнай песні” атрымалі дуэт узорнай студыі эстраднай песні “Праменьчыкі” ў складзе Ганны Місевіч і Ганны Санюковіч, а таксама ваеннаслужачы воінскай часці 30695, саліст студыі выканаўцаў эстраднай песні “Зорка” Сяргей Ганчароў. У намінацыі “За яркае адлюстраванне ваеннай тэмы” перамогу святкавалі Ганна Матус з Багданаўскага сельскага цэнтра культуры і салістка раённага цэнтра культуры Анастасія Дзятко. Дыпломамі “За прапаганду армейскай песні” адзначаны Варвара Лінкевіч, якая прадстаўляла гімназію № 1 г. Валожына, і калектыў выканаўцаў эстраднай песні “Зорка”, куды ўваходзяць ваеннаслужачыя воінскай часці 30695. Дыпломам “Глядацкіх сімпатый” заслужана адзначаны саліст раённага цэнтра культуры Мікалай Салко, які выканаў песню Віктара Цоя “Легенда”. Астатнія ўдзельнікі фестывалю-конкурсу атрымалі дыпломы “За ўдзел”.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Фота №1 Юная ўдзельніца тэатральнага калектыву “Art Way” раённага цэнтра культуры Алёна ВЯРШЫЦКАЯ прачытала верш пра хлопчыка Фёдара, які з малых гадоў марыць стаць абаронцам Айчыны.

Фота №2 Спявае Сяргей ГАНЧАРОЎ.

 

Фота №3 Дыплом “За выканальніцкае майстэрства” атрымала Ганна ШАКУН.

Фота № 4 Ганна СТАСЯЛОВІЧ і Дар’я САДОЎСКАЯ займаюцца ў студыі “Званочкі” Сакаўшчынскага сельскага цэнтра культуры.

 

Задайте вопрос