Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Золата валожынскага “Юнацтва”

22.02.2022

22 лютага кінатэатр “Юнацтва” адзначае 50-годдзе!

Шчыра віншуем з залатым юбілеем дзеючы калектыў і ветэранаў працы ўстановы, а таксама кожнага,

хто нераўнадушны да вялікага вынаходніцтва братоў Люм’ер – кіно.

Вядомы сацыёлаг Ігар Бястужаў-Лада сцвярджаў, што горад без устаноў культуры, як і без храмаў, – не горад, а сацпасяленне з непазбежнай татальнай дэградацыяй асоб. На шчасце, нашаму Валожыну падобная бяда не пагражала ніколі. Старажытны населены пункт заўсёды вызначаўся насычаным духоўным жыццём. Што тычыцца кіно, то яно яшчэ ў 1937 годзе ў нямым варыянце дэманстравалася ў кінатэатры “Марс”, які знаходзіўся на тэрыторыі гарнізона (зараз – воінская часць). Пасля ўсталявання савецкай улады сеансы ладзіліся ў кінатэатры “Радзіма” (каля сучаснага рынку). Пазней функцыі кінатэатра выконваў Дом культуры. У канцы 60-х гадоў было прынята рашэнне аб будаўніцтве кінатэатра, які б адпавядаў запытам сучаснасці. Вось так і вырас у 1972 годзе ў цэнтры горада прыгажун-будынак з назвай на ўсе часы – “Юнацтва”, які ў 2008 годзе перажыў капітальны рамонт і маштабную рэканструкцыю і стаў сапраўднай жамчужынай сярод архітэктурных шэдэўраў Валожына.

Пра гісторыю развіцця ўстановы і яе сённяшні дзень мы пагутарылі з дырэктарам Валожынскага філіяла КУП “Мінаблкінавідэапракат” Людмілай МАХНІЦКАЙ.

– Людміла Аляксандраўна, давайце ўзгадаем самы пачатак.

– Вы ж разумееце, я з-за ўзросту ў тыя часы да ўстановы яшчэ не мела дачынення, аднак гісторыю кінатэатра, безумоўна, ведаю добра. Адкрыўся ён 22 лютага 1972 года. На першы паказ фільма “Маладыя” запрасілі будаўнікоў – людзей, якія працавалі над узвядзеннем прыгожага будынка цёмна-вішнёвага колеру. Відавочна, для райцэнтра гэта была грандыёзная падзея. Тым больш, што шырокія слаі насельніцтва па-сапраўднаму лічылі кіно важнейшым з мастацтваў.

– Помніце, калі самі ўпершыню пераступілі парог установы?

– Як толькі прыехала на працу. Першы паход у кінатэатр у мяне і кампаніі сябровак выклікаў незабыўныя адчуванні. Які фільм тады глядзелі, не помню (кінастужак выпускалася шмат, рэпертуар часта мяняўся), аднак сам будынак уразіў. Ён без перабольшання з’яўляўся эпіцэнтрам культурнага жыцця раёна. Тады папулярнымі былі культпаходы ў кіно, арганізаваныя ў калектывах. Людзям падабаліся кіналекторыі, падчас якіх вялося абмеркаванне розных праблем, адлюстраваных у фільме. На сцэне кінатэатра, галоўнай сцэне Валожыншчыны, адбываліся канцэрты з удзелам сапраўдных знакамітасцей – Рэната Ібрагімава, Маі Крысталінскай, Яраслава Еўдакімава, ансамбляў “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, “Бяседа” і інш. А колькі цікавых асоб ад канаіндустрыі – акцёраў, рэжысёраў, аператараў – прадстаўлялі свае фільмы на нашай сцэне! Гэта кінадзеячы старэйшага пакалення – Мікалай Яроменка-старэйшы, Усевалад Санаеў, Ігар Дабралюбаў, Аляксандр Яфрэмаў, а пазней і тыя, каго ведаюць больш маладыя людзі, напрыклад, Анатолій Кот, якога можна бачыць па тэлевізары ў многіх расійскіх тэлесерыялах. Па сённяшні дзень установа – галоўная ў раёне пляцоўка для правядзення маштабных мерапрыемстваў.

– На жаль, паступова асноўны канкурэнт кінатэатраў – тэлевізар – паспрыяў таму, што людзі між вялікім і тэлеэкранам сталі ўсё часцей аддаваць перавагу менавіта блакітнаму цуду. Тыя ж фільмы, толькі дома на канапе…

– Так, развіццё тэлебачання, а пазней і Інтэрнэт далёка не станоўча паўплывалі на нашу дзейнасць. Але ж ці можна параўнаць выхад у людзі з банальным “пстрыканнем пультам”. Наведванне кіназалы – культурная падзея, яна часта спалучаецца з сустрэчай з сябрамі, з заходам у кафэ, для закаханых пар становіцца часткай рамантычнага спаткання.

– Якія старонкі гісторыі кінатэатра лічыце самымі яркімі?

– У 2005 годзе з мэтай павышэння камфорнасці “Юнацтва” Мінаблвыканкамам было прынята рашэнне аб рэканструкцыі ўстановы. Праз тры гады 8 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленага кінатэатра. Падзея мела рэзананс па ўсёй рэспубліцы. Незвычайны дызайн у стылі хай-тэк, гукавая сістэма “Dolby Digital”, найноўшае відэапраекцыйнае абсталяванне, бар… Усё гэта дазволіла атрымаць установе вышэйшы разрад. Карыстаючыся магчымасцю, хачу выказаць удзячнасць былому кіраўніку раёна, зараз намесніку старшыні аблвыканкама Івану Станіслававічу Маркевічу і былому дырэктару КУП “Мінаблкінавідэапракат” Юрыю Міхайлавічу Чарнавушку за іх намаганні па рэалізацыі праекта. Нізкі паклон за падтрымку нашай арганізацыі і цяперашняму кіраўніку абласной кінавідэасеткі Таццяне Іосіфаўне Дарашкевіч, а таксама кіраўніцтву Валожынскага райвыканкама. У 2015 годзе мы перайшлі на “лічбу” – сур’ёзны крок, які дазволіў разам з нятаннай японскай апаратурай крочыць у нагу з часам. Спадзяюся, хутка адбудзецца чарговы віток тэхнічнага пераабсталявання.

– Зараз, канешне, масавыя паходы ў кіно ўжо гісторыя. Але ж праца працягваецца…

– Сапраўды так. Адна з важнейшых задач, што сёння стаяць перад кінатэатрамі краіны, – работа па выхаванні юнага пакалення. Дзеці і моладзь – наша асноўная аўдыторыя. Для іх ладзім не проста паказы, а прэм’ерныя, тэматычныя, асветніцкія сеансы. Вялікае значэнне надаецца патрыятычнаму выхаванню, фарміраванню ў гэтай катэгорыі імкнення весці здаровы лад жыцця. Пры складанні рэпертуару перавага аддаецца кінастужкам айчыннай вытворчасці. Кінатэатр без перабольшання – у авангардзе любых рэспубліканскіх акцый. Дарэчы, калі гаворым аб кінасеансах, патрэбна ўлічваць, яны адбываюцца не толькі ў кінатэатры. Наш філіял ладзіць паказы ў 21 пункце, у тым ліку ў аграгарадках. У летні перыяд выкарыстоўваецца перасоўны комплекс 5D.

– Што можаце сказаць пра калектыў, які ўзначальваеце 22 гады?

– Мне дакладна вядома: з першых жа дзён свайго стварэння раённая кінасетка вызначалася выключнымі прафесіяналамі. Спецыялістаў тады было шмат – у кожным клубе працаваў штатны кінамеханік. Нашы старажылы памятаюць часы, калі штат філіяла перавышаў 60 чалавек (зараз – 12). Доўгі час кіраваў установай Вітольд Іванавіч Федарака – кіраўнік, якога паважалі і падначаленыя, і начальства. Добрым словам успамінаюць у калектыве і галоўнага інжынера Івана Іванавіча Бацяна. З гонарам мы заўсёды вымаўляем імёны нашых дарагіх Вольгі Паўлаўны Ратомскай (былы дырэктар кінатэатра) і Марыі Лявонаўны Шорац (былы кінамеханік). Сёння наш самы вопытны дзеючы супрацоўнік – Софія Адамаўна Сакалова, яна працуе інжынерам амаль 40 гадоў. Па некалькі дзесяцігоддзяў аддалі любімай справе адміністратар Лілія Міхайлаўна Рагель, касір Ірына Мікалаеўна Букштановіч. Гэтыя людзі, як і многія іншыя працаўнікі філіяла розных пакаленняў, унеслі велізарны ўклад у справу папулярызацыі кіно. Менавіта ў нашай сетцы яны годна рэалізоўвалі свае арганізатарскія здольнасці і творчы патэнцыял.

– З якім пажаданнем з нагоды юбілею звернецеся да жыхароў Валожыншчыны – вашых пастаянных і патэнцыяльных наведвальнікаў?

– Дарагія землякі! Любіце кіно так, як любім яго мы – тыя, хто клапоціцца, каб кінанавінкі дэманстраваліся для вас у нашай шыкоўнай зале. Мы ўпэўнены: ніводзін дамашні прагляд не заменіць сапраўдны кінасеанс. Таму смела адкідвайце сумненні, сачыце за афішамі і прыходзьце да нас у якасці гледачоў. Мы працуем для вас.

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Задайте вопрос