Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Службай даражыць умеюць

22.02.2022

Любой краіне, каб захаваць суверэнітэт і непарушнасць рубяжоў, патрабуюцца надзейныя абаронцы – сапраўдныя патрыёты, здольныя ў пэўны момант са зброяй у руках даць адпор ворагу і не дазволіць здзеку над роднай зямлёй і народам, якому служаць.

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны нам пашанцавала пазнаёміцца з маладымі прадстаўнікамі воінскай часці 30695 – лейтэнантам Максімам МАРЧАНКАМ і радавым Аляксеем КАЛІНІНЫМ. Юнакі яшчэ ў самым пачатку армейскага шляху, аднак з радасцю згадзіліся падзяліцца ўласным, хоць пакуль і непрацяглым вопытам служэння Радзіме.

Максіму Дзмітрыевічу 23 гады. Валожынская воінская часць для маладога афіцэра – першае месца службы. 7 месяцаў таму ён папоўніў рады асабістага саставу ардэнаноснай брыгады, слаўнай гісторыяй якой шчыра ганарыцца. Аднак калектыў, у які атрымаў размеркаванне, таксама мае падставу для гонару. Далёка не ў кожнага ваеннаслужачага такая адукацыя, як у Максіма Марчанкі. Мяркуйце самі: перад намі выпускнік Санкт-Пецярбургскай ваенна-касмічнай акадэміі!

Для сваіх гадоў лейтэнант мае даволі вялікі вопыт нашэння формы і жыцця па статуце. У 13-гадовым узросце юны жодзінец паступіў у Мінскае кадэцкае вучылішча. Па сутнасці, падлетак ужо тады зрабіў выбар будучага жыццёвага шляху. Учынак не хлопчыка – мужчыны…

Так, ён марыў аб кар’еры ваеннага, пачынаючы з першага класа. Здавалася б, у радні кадравых ваенных няма, адкуль жа такая зацікаўленасць арміяй? Па яго ўласных словах, у значнай ступені імкненне папоўніць рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь сфарміравалася пад уплывам мастацкіх фільмаў “У бой ідуць адны старыя”, “Афіцэры”, “У жніўні 44-га”, а таксама дзякуючы добраму выкладанню гісторыі ў школе. Тэма Вялікай Айчыннай вайны кранала, абуджала цікаўнасць да прафесіі, сутнасць якой – абарона Радзімы. А, паколькі любімымі прадметамі былі фізіка і матэматыка, даволі хутка акрэслілася дакладная мэта – стаць ваенным інжынерам.

Па статыстыцы, большасць выпускнікоў кадэцкага вучылішча выбіраюць шлях праваахоўнікаў, ён жа дзеля здзяйснення мары накіраваўся ў паўночную сталіцу Расійскай Федэрацыі, каб вучыцца менавіта на факультэце радыёэлектронных сістэм касмічных комплексаў. Спасцігаў веды пяць гадоў, а затым паступіў у распараджэнне Галоўнага ўпраўлення Узброеных Сіл нашай краіны. Канешне, Беларусь не касмічная дзяржава, але яго адукацыя цудоўна адпавядае спецыфіцы воінскай часці, у якой зараз нясе службу. Малады лейтэнант задаволены тым, што лёс прывёў яго ў наш старажытны, утульны і спакойны горад.

Заўтра Максім Дзмітрыевіч упершыню будзе адзначаць прафесійнае свята разам з калектывам злучэння. Успрымае гэта як адметную вяху сваёй біяграфіі. Карыстаючыся магчымасцю, афіцэр папрасіў праз раённую газету перадаць віншаванне і найлепшыя пажаданні кіраўніцтву часці 30695, саслужыўцам, паважаным ветэранам, армейскай моладзі і ўсім, хто далучае сябе да абаронцаў нашай прыгожай, мірнай і незалежнай краіны.

Аляксей Калінін, 21-гадовы жыхар Гомеля, Дзень абаронцаў Айчыны ўпершыню ў жыцці сустракае ў пагонах. Юнак нядаўна скончыў Гомельскі машынабудаўнічы каледж, пасля чаго непрацяглы час папрацаваў па спецыяльнасці “Тэхнік-праграміст”. Чатыры месяцы таму прызваўся на тэрміновую службу.

Факт таго, што яму неабходна выканаць свой грамадзянскі доўг і годна адслужыць у беларускай арміі, успрыняў спакойна. Добра падрыхтаваны фізічна, прывучаны да работы, ён не баяўся армейскіх будняў. Зараз з жартам успамінае: усё ж быў момант, які ў першыя дні напружваў. Высветлілася: адным навыкам, неабходным салдату, не валодае. Не тое, што шыць, нават трымаць іголку ў руках не ўмее. У сям’і Аляксея, акрамя матулі, дзве сястры, таму наўрад ці гэта было яму патрэбна. Вось і сутыкнуўся з праблемай: ні шаўрон, ні падкаўнерык прышыць не можа. Дзякуючы камандзірам, даволі хутка недахоп быў выпраўлены.

Самыя яркія ўражанні юнак атрымаў ад велічнай урачыстасці з нагоды прынясення воінскай прысягі. Гэта быў момант, у якім спалучыліся і неверагоднае хваляванне, і гонар за сябе, сваю дружную сям’ю (большасць родных цэлай камандай прыбылі ў Валожын), і адданая любоў да роднага краю.

Як складзецца лёс маладога гамельчаніна, пакуль невядома. Асаблівых планаў на будучыню ў дадзены момант не выстройвае – засяродзіў увагу на службе. Не выключае, што пасля звальнення прадоўжыць не проста ўдасканальвацца як спецыяліст, а замахнецца на атрыманне вышэйшай адукацыі.

Аляксей падчас нашай гутаркі папрасіў спецыяльна для матуль, каб не хваляваліся, напісаць наступнае: у салдат добра наладжаны быт, а харчаванне настолькі збалансаванае, што страта вагі не пагражае (тое, што часта моцна турбуе родных). Да таго ж у часці на радасць такіх, як ён, аматараў літаратуры ёсць цудоўная бібліятэка, у вольны час можна паглядзець тэлевізар, пазваніць сваякам і сябрам.

Па сутнасці, як сцвярджае наш герой, жыццё па статуце, калі да яго прывыкнеш, зусім не здаецца складаным. А магчымасць займець верных таварышаў, атрымаць новыя веды і навыкі – увогуле бонус.

Шчыра віншуем прадстаўнікоў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь з прафесійным святам!

Будзьце здаровымі, бадзёрымі і шчаслівымі, нашы дарагія абаронцы!

Дабрабыту і міру ў вашы сем’і.

Няхай у сэрцы кожнага, хто прысвяціў жыццё высакароднай справе і з гонарам носіць пагоны, не згасае любоў да нашай дарагой Радзімы.

Фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ

Задайте вопрос