Гэта дата стала для ваеннаслужачых воінскай часці 30695 днём вяселля. Здавалася б, дзе можна пазнаёміцца журналісту з жаніхом і нявестай у такі дзень? Нечаканы адказ гучыць так: на ўчастку для галасавання па рэферэндуму! Проста капітан Уладзіслаў МЕЛЬНІК і яго жонка яфрэйтар Алеся МЕЛЬНІК (да таго дня – МАРОЗ) адразу пасля рэгістрацыі шлюбу, як адказныя грамадзяне, вырашылі спачатку паўдзельнічаць у вялікім абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Маладыя муж і жонка не карэнныя валожынцы. Уладзіслаў – з Віцебска, Алеся – з Брэстчыны. Шэсць гадоў таму юнак прыбыў на першае месца службы пасля заканчэння Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Прафесію ваеннага інжынера выбраў свядома. Так склалася, што ў яго радаводзе шмат асоб, якія клопат пра абарону Айчыны зрабілі сямейнай справай. Бацька, дзед, прадзед… Быць афіцэрам многія мужчыны роду Мельнікаў лічылі гонарам. Таму і Уладзіслаў служыць аддана, з вялікай павагай як да сямейнай гісторыі, так і да традыцый і баявога шляху злучэння, з якім давялося звязаць пачатак кар’еры кадравага ваеннага.
Алеся ў Валожын таксама прыехала па размеркаванні. Яна скончыла Беларускі дзяржаўны каледж сувязі, а зараз з’яўляецца студэнткай-завочніцай Акадэміі сувязі. Служаць яны ў розных падраздзяленнях, аднак пазнаёміліся менавіта ў часці. Аднойчы малады афіцэр выпадкова стаў сведкам заняткаў на пляцы. У дзяўчыны з выключнай постаццю армейскі крок атрымліваўся адначасова суровым і грацыёзным. Менавіта гэта спалучэнне падалося халастому капітану вельмі прывабным, натхніла запрасіць прыгажуню на каву. Шчырыя, адкрытыя, з цудоўным пачуццём гумару, яны адразу, так бы мовіць, злучыліся душамі. Сказаць: спадабаліся, не сказаць нічога. Прыйшло каханне. Сёння маладажоны ўпэўнены, што і жыццёвыя прыярытэты, і энергетыка, і погляды на жыццё іх супадаюць на 100%. Менавіта ў такіх выпадках і гавораць: дзве палавінкі аднога цэлага.
У іх нават захапленні падобныя. З павагай ставяцца да спорту, любяць падарожнічаць. Ім ніколі не сумна разам. Любая тэма можа стаць падставай для цікавай гутаркі, падчас якой кожны выказвае свае меркаванні і ведае: партнёр абавязкова зразумее, нават, калі ў яго суджэнні будзе свая адметнасць. Канешне, іх сумеснае жыццё толькі ў пачатку. Але хочацца верыць: такі пазітыў, такое падабенства характараў і шчырасць адносін абавязкова напоўняць іх паўсядзённасць разнастайнымі падзеямі, расквецяць яе самымі яркімі фарбамі. І будзе ў іх усё: пачуцці, дабрабыт, кар’ерны рост, павага ад людзей.
Цікава, што абое маюць добрую інтуіцыю. Калі адразу пасля ЗАГСу ехалі на ўчастак для галасавання па рэферэндуму, жартавалі: “А раптам сустрэнем там прадстаўніка прэсы?”
На ўчастку пару прымалі з радасцю. Віншаванні, падарункі, пажаданні сямейнага шчасця. Маладыя ў сваю чаргу зычылі ўсім, хто падзяліў з імі іх асабістае свята, здароўя і ўдачы. Выказалі і падзяку камандаванню часці 30695 за прадастаўлены водпуск, а, значыць, магчымасць адзначыць уступленне ў шлюб у коле родных і сяброў.
Дарагія Алеся і Уладзіслаў! Дзякуй вам за вашы неверагодна прывабныя ўсмешкі, якімі, я ўпэўнена, сагрэеце душы многіх нашых чытачоў, за адкрытасць і жаданне падзяліцца ўласнай радасцю з безліччу людзей, за крэатыўны падыход да вырашэння як узнёслых, так і досыць празаічных момантаў жыцця. Няхай чароўная дата, што злучыла вашы лёсы ў адзін, застанецца сімвалам чагосьці непахіснага, трывалага і непарыўнага. Сёння каханне напаўняе сэрцы. Менавіта яно абавязкова зробіць вас шчаслівымі, дапаможа справіцца з усімі праблемамі, прывядзе да поспеху. Калектыў газеты “Працоўная слава” радуецца за вас і жадае быць заўсёды разам, падзяляць клопаты і дасягненні, ганарыцца сваімі пачуццямі і ў акружэнні любячых нашчадкаў сустрэць дату 22.02.2072.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



