Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Правапарадак – кампетэнцыя ўчастковага

04.03.2022

Участковы інспектар міліцыі Аляксандр ЕРАХАВЕЦ – лепшы работнік сферы забеспячэння грамадскай бяспекі і барацьбы са злачыннасцю па выніках работы за 2021 год.

Прадстаўнікі старэйшага пакалення добра помняць папулярнага кінагероя Аніскіна – мудрага, справядлівага і чалавечнага ўчастковага. Нават тыя, хто фільм пра яго прыгоды не бачыў, хутчэй за ўсё менавіта падобныя рысы характару і стаўленне да абавязкаў хацелі б бачыць у міліцыянеры, які ў цяжкую хвіліну стане на варту іх грамадзянскіх правоў, дапаможа і абароніць. Сутыкнуўшыся з якойсьці праблемай, мы смела звяртаемся ў органы ўнутраных спраў, а дакладней – да свайго ўчастковага інспектара, бо менавіта ён для большасці грамадзян увасабляе вобраз сапраўднага праваахоўніка.

 Аляксандр Іванавіч Ерахавец нясе службу ў якасці ўчастковага інспектара Валожынскага РАУС сем гадоў. Да 2002 года выпускнік Барысаўскага політэхнічнага тэхнікума працаваў землеўпарадчыкам у Забрэзскім сельсавеце. Аднак чалавек, які атрымаў выключна мірную прафесію тэхніка-геадэзіста, амаль з дзяцінства мроіў службай у сілавых структурах. У час тэрміновай службы ў пагранічных войсках нават дапускаў думку застацца ў арміі. Не склалася. Як прызнаецца зараз, вельмі хацелася дадому. Але прафесія ваеннаслужачага ўсё ж увайшла ў яго жыццё. 13 гадоў  ён не проста служыў у воінскай часці 30695, але паспеў прайсці значны шлях ад малодшага сяржанта да лейтэнанта. 

У 2015 годзе яго жыццё зрабіла чарговы віраж – паступіла прапанова з РАУС паспрабаваць сябе на міліцэйскай службе. І тады малады мужчына, якога з падлеткавага ўзросту немагчыма было адарваць ад экрана, калі там дэманстраваліся фільмы, дзе савецкія праваахоўнікі змагаліся са злачыннасцю, зразумеў: як лёс дае шанц увасобіць у рэальнасць юначыя мары, неабходна прымаць рашэнне. Вось так і з’явіўся ў райаддзеле ўчастковы інспектар Аляксандр Ерахавец.

Зараз ён капітан. Не аднойчы прызнаваўся лепшым па прафесіі, адзначаны граматамі і лістамі з падзякай. Для многіх гараджан гэта прафесіянал у міліцэйскай форме, да якога можна звярнуцца з просьбай утаймаваць п’яных дэбашыраў-суседзяў ці атрымаць дапамогу ў сямейным канфлікце, ці разабрацца з кожным, хто сваімі супрацьпраўнымі паводзінамі атручвае жыццё мірным людзям. Акрамя таго, менавіта ўчастковы праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы з асобамі, схільнымі да парушэння законаў, якія ўжо знаходзяцца ў полі зроку органаў унутраных спраў і могуць несці пагрозу грамадскаму парадку. Карацей кажучы, участковаму даводзіцца сумесна з іншымі службамі і падраздзяленнямі праваахоўных органаў выконваць шырокі спектр работ па захаванні законнасці на тэрыторыі раёна – займацца выяўленнем, папярэджаннем і раскрыццём правапарушэнняў і злачынстваў.

Што дапамагае Аляксандру Іванавічу спраўляцца з такімі няпростымі задачамі і дэманстраваць высокі прафесіяналізм? Канешне, уменне кантактаваць з людзьмі – з калегамі і з насельніцтвам самых розных сацыяльных і ўзроставых катэгорый. Ён шмат увагі надае таму, каб пастаянна маніторыць інфармацыю адносна крымінагеннасці як на сваім участку, так і на прылеглай тэрыторыі, валодае аператыўнай абстаноўкай у цэлым па раёне. Кіраўніцтва РАУС цэніць яго здольнасць своечасова скарыстаць у рабоце не толькі міліцэйскі арсенал сродкаў і метадаў, але і псіхолага-педагагічныя навыкі. У бягучым годзе рашэннем райвыканкама А. І. Ерахавец прызнаны лепшым супрацоўнікам праваахоўных органаў. Яго фота будзе занесена на раённую Дошку гонару.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Задайте вопрос